Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рыэлтарка плакала ў слухаўку». Як улады адмяняюць угоды па продажы нерухомасьці палітычных уцекачоў


Ілюстрацыйнае фота. Менск, 2021 год
Ілюстрацыйнае фота. Менск, 2021 год

Адразу некалькі чалавек расказалі Свабодзе, што ўлады маюць пытаньні да ўгодаў аб іх былой нерухомасьці ў Беларусі. Згадкі пра гэта зьяўляюцца і ў афіцыйных паведамленьнях пракуратуры.

У 2023 годзе ў Беларусі прынялі закон, паводле якога нерухомасьць больш нельга прадаць без асабістай прысутнасьці ў Беларусі. У 2024-м зьявіліся паведамленьні, што ўлады апячатваюць кватэры некаторых беларусаў, якія за мяжой актыўна ўдзельнічаюць у акцыях пратэсту альбо ў іншых мерапрыемствах — напрыклад, у выбарах у Каардынацыйную раду.

Як стала вядома Свабодзе, гэтым цікаўнасьць прадстаўнікоў уладаў да маёмасьці палітычных эмігрантаў не абмежавалася. Рэдакцыі вядома як мінімум некалькі выпадкаў, калі ўладныя органы спрабуюць альбо прызнаць угоды аб продажы кватэр апанэнтаў рэжыму, якія зьехалі за мяжу, несапраўднымі, альбо іншымі спосабамі завалодаць маёмасьцю так званых «экстрэмістаў».

Факт нікчэмнасьці

18 жніўня пракуратура Горадні паведаміла, што зьвярнулася ў суд з хадайніцтвам аб прызнаньні факту нікчэмнасьці дамовы куплі-продажу і прызнаньні несапраўднай дзяржаўнай рэгістрацыі пераходу права ўласнасьці на аб’ект нерухомасьці.

Пракуратура патлумачыла, што прычынай звароту стала праверка, паводле якой аказалася, што адна з удзельніц угоды «ў 2021–2023 годзе на тэрыторыі Беларусі садзейнічала экстрэмісцкай дзейнасьці, затым схавалася за межамі краіны». Кантрольны орган сьцьвярджае, што жанчына аформіла ў 2021 годзе ў Беларусі даверанасьць на брата, які пазьней прадаў яе кватэру бацьку за 3 тысячы рублёў. На думку пракуратуры, гэта ўказвае на фіктыўны характар угоды. На кватэру накладзены арышт. Суд прызнаў ўмову куплі-продажу кватэры «нікчэмнай».

Былы палітвязень на ўмовах ананімнасьці расказаў Свабодзе пра нядаўні выпадак (дадзеныя мужчыны ёсьць у рэдакцыі. — РС). Праблемы ў Міхаіла (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) пачаліся ўвесну 2024 году. Яго знайшлі па здымку з пратэстаў і спачатку асудзілі на «суткі», а пасьля распачалі крымінальную справу па артыкуле 342 (удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). Суду Міхаіл чакаў на свабодзе. За гэты час ён натарыяльна аформіў акт дарэньня сваёй кватэры дзядзьку. Калі Міхаіла чарговы раз выклікалі на допыт, ён вырашыў зьехаць зь Беларусі.

«У сакавіку кватэра была прададзеная, але ўжо ў траўні новыя гаспадары патэлефанавалі рыэлтару і расказалі: ім паступіў званок ад сьледчага, які паведаміў, што рыхтуе дакумэнты ў суд на прызнаньне ўгоды куплі-продажу кватэры несапраўднай. Бо, на яго думку, яна носіць уяўны характар», — расказаў суразмоўца Свабоды.

Паводле ягоных словаў, новыя гаспадары жыльля ведалі, што купляюць кватэру па заніжанай цане ў палітычнага дысыдэнта. Пакупнікі, як кажа суразмоўца, былі падкрэсьлена нэўтральныя і нават не ўзялі тэлефона прадаўца, бо не хацелі зьвязвацца з «экстрэмістамі». Пасьля ўгоды яны пасьпелі зрабіць у кватэры рамонт і ўжо ўладкавалі дзяцей у мясцовую школу.

«Рыэлтарка, якая праводзіла ўгоду, плакала ў трубку, бо за чысьціню ўгоды яна нясе пэрсанальную адказнасьць. Не было ніякіх абцяжараньняў, даўгоў, абмежаваньняў, якія маглі адмяніць угоду. Яе правяралі рыэлтар, натарыюс і Бюро тэхнічнай інвэнтарызацыі, усюды стаяць подпісы. Яна не разумее, як працаваць далей, бо на лобе ў чалавека не напісана, ці зьяўляецца ён апанэнтам улады», — дадаў суразмоўца.

Ён падкрэсьліў, што сам артыкул 342 не прадугледжвае канфіскацыі маёмасьці.

«Вяртайцеся дахаты»

Крысьціна Кашыцкая жыла ў Жлобіне, але пасьля падзей 2020 году была вымушаная ўцякаць за мяжу разам з мужам і малымі дзецьмі. У сям’і засталася кватэра ў райцэнтры і дом у вёсцы, які яны доўга будавалі і амаль скончылі. Для будоўлі маладая сям’я брала крэдыт, які выплачвае па сёньня.

«Бо ёсьць жа паручальнікі. Ня буду плаціць я — прыйдуць да іх і арыштуюць маёмасьць, ці яшчэ што. Таму дом стаіць, мы ўсё плацім», — расказвае Крысьціна.

Участак пад будаўніцтва яшчэ да вясельля набыў яе муж. Па шлюбе маладая пара працягвала будаўніцтва, потым нарадзіліся дзеці. Потым «здарыўся» 2020, у якім Крысьціна брала актыўны ўдзел. Пасьля ад’езду сям’і за мяжу ўчастак даглядаў знаёмы.

Па словах Крысьціны, прыкладна гэтай вясной яе ў Viber знайшоў сусед, зь якім яны асабліва раней не кантактавалі.

«Ён спачатку кідаў нам здымкі нашага дому, пісаў: „Як вы там, не сумуеце?“. Пазьней напісаў, што сельсавет хоча забраць наш участак. Маўляў, за ім няма догляду, трава расьце. Потым пісаў вельмі дзіўна. Напрыклад, што „ў нашай краіне выйшаў мараторый на такіх асоб, якія вымушана часова выехалі за мяжу, таму вяртайцеся, будзем рады, у майго сябра брат вярнуўся з Польшчы, і ніякіх наступстваў“. У мяне па стылі напісаньня ўзьнікла адчуваньне, што пісаў міліцыянт, ці дыктаваў», — кажа Крысьціна.

Па словах суразмоўцы, цяпер на іх хатні адрас пачалі прыходзіць позвы ад судовых выканаўцаў. У іх сьцьвярджаецца, што муж Крысьціны нібыта мае нейкія запазычанасьці.

«У нас усё заплачана. Усё, паўсюль, мы ня хочам падстаўляць паручальнікаў. Цяпер вось то ўчастак пагражаюць забраць, то нейкія позвы ні за што прыходзяць з пагрозамі», — дадала Крысьціна.

Яна зьдзіўляецца, што ўвогуле можа існаваць пагроза канфіскацыі ўчастка, калі на ім ужо стаіць дом.

«Нават калі там трава — то што з таго? Участак і дом — мой. Можа, я хачу траву разводзіць», — кажа суразмоўца.

Свабодзе вядомыя і іншыя выпадкі адбіраньня маёмасьці ў эмігрантаў, але мы ня можам іх апублічыць дзеля бясьпекі родных палітэмігрантаў, якія застаюцца ў Беларусі, у тым ліку ў месцах пазбаўленьня волі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG