У Ізраілі новы маштабны пратэст. Ад прэм’ера патрабуюць спыненьня вайны ў сэктары Газа

Пратэсты ў Тэль-Авіве, 1 верасьня 2024

Дзясяткі тысяч ізраільцян выйшлі на вуліцы на пратэст супраць адсутнасьці пагадненьня з ХАМАС аб спыненьні вайны. Ёсьць пагроза разрастаньня страйку.

Пасьля таго, як у падземным тунэлі байцы ЦАХАЛ знайшлі яшчэ 6 целаў закладнікаў, дзясяткі тысяч жыхароў Тэль-Авіва выйшлі на пратэст супраць існай сытуацыі. Ад прэм’ер-міністра Бэньяміна Нэтаньягу патрабуюць дасягнуць спыненьня агню ў сэктары Газа і вярнуць астатніх закладнікаў дадому.

Як піша АР, гэта найбуйнейшая за 11 месяцаў вайны акцыя пратэсту. Найбуйнейшы прафсаюз Ізраілю, Гістадрут, абвясьціў усеагульны страйк. Ён накіраваны на тое, каб закрыць або парушыць працу асноўных галінаў эканомікі, уключна з банкаўскай справай, аховай здароўя і галоўным аэрапортам краіны.

Перамовы пра спыненьне агню паміж Ізраілем і ХАМАС ідуць бяз посьпеху ўжо некалькі месяцаў. Шмат грамадзян Ізраіля вінавацяць Нэтаньягу ў тым, што пагадненьня дасягнуць не ўдаецца. Адначасова з гэтым прэм’ер мае і шырокую падтрымку ад іншых грамадзян, якія выступаюць за ягоны плян «татальнай» перамогі над ХАМАС.

Тысячы людзей сабраліся ў нядзелю ўвечары каля працоўнай сядзібы Нэтаньягу ў Ерусаліме. У Тэль-Авіве сваякі закладнікаў прайшлі па горадзе маршам з сымбалічнымі трунамі.

Сам Нэтаньягу вінаваціць у тым, што рашэньне аб спыненьні агню не прынялі, ХАМАС. Напярэдадні ён заявіў, што «той, хто забівае закладнікаў, ня хоча пагадненьня».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Катары пачынаюць новыя перамовы наконт спыненьня агню ў сэктары Газа. Чаго хочуць ХАМАС і Ізраіль?

Напярэдадні ізраільскія вайскоўцы знайшлі целы шасьці закладнікаў, выкрадзеных 7 кастрычніка 2023 году ў сэктары Газа. Гэта Эдэн Ерушалмі, Оры Даніна, Кармель Гат, Херш Голдбэрг-Полін, Альмог Сарусі і Аляксандар Лабанаў. Апошні, акрамя ізраільскага, меў яшчэ і расейскае грамадзянства.

Прэс-служба Арміі абароны Ізраіля (ЦАХАЛ) паведаміла, што ўсе шасьцёра загінулі нядаўна. Целы знойдзеныя ў падземным тунэлі на поўдні сэктару Газа, непадалёк ад месца, дзе 27 жніўня быў вызвалены закладнік Каід Фархан аль-Кадзі. Ці было вызваленне аль-Кадзі зьвязана зь іх сьмерцю, невядома.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У сэктары Газа знайшлі целы шасьцярых ізраільскіх закладнікаў