Ізраільскія вайскоўцы знайшлі целы шасьці закладнікаў, выкрадзеных 7 кастрычніка 2023 году ў сэктары Газа. Гэта Эдэн Ерушалмі, Оры Даніна, Кармель Гат, Херш Голдбэрг-Полін, Альмог Сарусі і Аляксандар Лабанаў. Апошні, акрамя ізраільскага, меў яшчэ і расейскае грамадзянства.
Прэс-служба Арміі абароны Ізраіля (ЦАХАЛ) паведаміла, што ўсе шасьцёра загінулі нядаўна. Целы знойдзеныя ў падземным тунэлі на поўдні сэктару Газа, непадалёк ад месца, дзе 27 жніўня быў вызвалены закладнік Каід Фархан аль-Кадзі. Ці было вызваленне аль-Кадзі зьвязана зь іх сьмерцю, невядома.
Пазьней высьветлілася, што згаданы падземны тунэль знаходзіўся ў Рафаху. Пра гэта заявіў прэс-аташэ ЦАХАЛ Даніэль Хагары.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраільскія вайскоўцы знайшлі на поўдні Газы целы шасьці загінулых закладнікаўБольш за 1200 чалавек загінулі падчас атакі групоўкі ХАМАС, прызнанай у ЗША і Эўропе тэрарыстычнай, на поўдні Ізраіля ў кастрычніку мінулага году. Больш за 250 былі выкрадзены і вывезены ў Газу.
У лістападзе 2023 году падчас рэжыму спыненьня агню былі вызваленыя 105 закладнікаў. Іх абмянялі на палестынскіх вязьняў, якія адбывалі пакараньне ў Ізраілі.
У цяперашні час у палоне ў баевікоў 101 ізраільскі закладнік. 34 зь іх ужо загінулі, інфармацыю аб іх гібелі пацьвердзіла ізраільская армія, ХАМАС захоўвае іх целы.
20 жніўня падчас апэрацыі ў раёне гораду Хан-Юніс ЦАХАЛ таксама выявіў шэсьць целаў іншых закладнікаў. Паводле зьвестак вайскоўцаў, загінулыя — Ягеў Бухштаб, Аляксандар Данцыг, Абрагам Мундэр, Ёрам Мецгер, Надаў Паплевел і Хаім Пэры. Іх абвясьцілі загінулымі яшчэ ў чэрвені і ліпені.
На нядаўніх перамовах з удзелам пасярэднікаў дамоўленасьці аб спыненьні агню дамагчыся не ўдалося. ізраільскія вайскоўцы ў канцы жніўня паведамілі, што ў праводзяць «контратэрарыстычную апэрацыю» ў гарадах Джэнін і Тулькарм на Заходнім беразе ракі Ярдан.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Катары пачынаюць новыя перамовы наконт спыненьня агню ў сэктары Газа. Чаго хочуць ХАМАС і Ізраіль?Міністар замежных спраў Ізраілю Ісраэль Кац раней абвінаваціў Іран у імкненьні адкрыць новы фронт на Заходнім беразе ракі Ярдан. Ён заявіў, што апэрацыя ў Джэніне і Тулькарме накіраваная на зьнішчэньне «інфраструктуры іранска-ісламісцкага тэрору». Міністар таксама падкрэсьліў, што апэрацыя павінна суправаджацца часовай эвакуацыяй палестынскіх жыхароў.
ХАМАС кіруе сэктарам Газа, але на Заходнім беразе таксама ёсьць іхныя структуры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль пачаў буйную апэрацыю на Заходнім беразе ракі Ярдан