Акрамя газу, са студзеня 2025 году спыняецца транзыт расейскай нафты па нафтаправодзе «Дружба» праз тэрыторыю Ўкраіны. Пра гэта ў інтэрвію выданьню Новини.Live паведаміў дарадца кіраўніка Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Міхайла Падаляк.
«Акрамя газу, з 1 студзеня 2025 года спыніць працу і нафтаправод «Дружба», — сказаў ён.
Па гэтым трубаправодзе расейскую нафту атрымлівалі некаторыя эўрапейскія краіны: Славаччына, Чэхія і Вугоршчына. Але, згодна з рашэньнем Эўразьвязу, краіны альянсу павінны паступова дывэрсыфікаваць пастаўкі нафты і спыніць транзыт праз Украіну.
Раней Украіна ўжо спыніла пастаўкі ў Вугоршчыну расейскай нафты праз нафтаправод «Дружба», які ідзе па беларускай тэрыторыі.
З новага году Украіна спыніць праз сваю тэрыторыю і пастаўкі расейскага газу, кажа Падаляк, раней былі пэўныя закантрактаваныя аб’ёмы, але транзыт газу мае скончыцца 1 студзеня 2025 году. Але калі краінам Эўропы спатрэбіцца казахстанскі ці азэрбайджанскі газ, то Ўкраіна гатовая яго транспартаваць, сказаў Падаляк.
Нафтаправод «Дружба» праходзіць ад расейскага Татарстану праз Самару і Бранск у беларускі горад Мазыр, адкуль ідуць разгалінаваньні ў Польшчу і Ўкраіну (там паўднёвая галіна разьдзяляецца на Вэнгрыю і Славакію, Чэхію.
Беларусь мае даход ад транзыту расейскай нафты.