Па словах Чарнышова, Украіна дагэтуль працягвае транзыт расейскага газу выключна, каб падтрымаць краіны Эўразьвязу, якія маюць у ім патрэбу. Аднак Эўразьвяз заявіў пра тое, што цалкам адмовіцца ад спажываньня менавіта расейскага газу да 2027 году, і Ўкраіна «зацікаўлена ў тым, каб падтрымліваць і стымуляваць гэта». Чарнышоў сказаў, што краіна гатовая і датэрмінова скасаваць гэты кантракт у любы момант, але ў такім выпадку Эўропа пазбавіцца паставак.
Кіраўнік «Нафтогазу» таксама згадаў, што Украіна займае трэцяе месца ў Эўропе па рэзэрвах прыроднага газу, і мае намер павялічваць уласную здабычу, каб у найбліжэйшыя гады стаць экспартэрам газу.
Чарнышоў паведаміў, што цяпер Украіна недаатрымлівае аплату за транзыт расейскага газу. Паводле яго, гэта зьвязана з тым, што адна з двух «кропак уваходу» — ГІС «Сохрановка» — знаходзіцца на мяжы расейскай Растоўскай вобласьці і акупаванай Расеяй тэрыторыі Данбасу, і «Газпром» перастаў плаціць за транзыт па гэтым напрамку. Цяпер «Нафтогаз» судзіцца з «Газпромам».
«Газпром» і «Нафтогаз» падпісалі пяцігадовы кантракт у 2019 годзе. Паводле ўмоваў пагадненьня, што расейская кампанія павінна перадаць транзытам праз тэрыторыю Ўкраіны 225 мільярдаў кубамэтраў газу за ўвесь пэрыяд. Украінская транзытная галіна — маршрут, па якім расейскі газ трапляе ў краіны Заходняй і Цэнтральнай Эўропы.