Пра мэтадычны збор, які праходзіць у 38-й Берасьцейскай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгадзе, паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.
Падкрэсьліваецца, што «асаблівая ўвага» на зборы «ўдзяляецца ўкараненьню досьведу СВА ў працэс баявой падрыхтоўкі». Спэцыяльнай ваеннай апэрацыяй беларуская і расейская прапаганда называюць разьвязаную Расеяй вайну ва Ўкраіне.
«Сярод актуальных кірункаў — штурм апорнага пункту праціўніка, работа з БПЛА рознага тыпу і супрацьдзеяньне БПЛА праціўніка, тактычная мэдыцына і аказаньне першай дапамогі пры розных раненьнях», — адзначае беларускае вайсковае ведамства.
«Ніякіх загадаў, каб ісьці ваяваць за межы Беларусі, не было і ня будзе», — заявіў Аляксандар Лукашэнка 29 жніўня ў Менску, заслухаўшы даклад аб «актуальных пытаньнях інфармацыйнай палітыкі».
«Мы толькі тады будзем ваяваць, калі прыйдуць да нас з кепскімі намерамі. Вось і ўсё», — заявіў Лукашэнка.
Якія яшчэ вучэньні ідуць
29 жніўня Мінабароны паведаміла, што ў рамках задач ва «ўзмацненьні дзяржаўнай мяжы на паўднёвых рубяжах» у адным з раёнаў «разгорнуты мэдыцынскі атрад спэцыяльнага прызначэньня».
«Вайсковыя ўрачы мэдыцынскага атраду спэцыяльнага прызначэньня 432-га Галоўнага вайсковага клінічнага мэдыцынскага цэнтру Узброеных сіл пры неабходнасьці гатовыя ў любы момант аказаць байцам кваліфікаваную дапамогу. Асабісты склад МАСН мае шматгадовы досьвед працы, прымаў удзел і ў міжнародных гуманітарных місіях, у тым ліку на тэрыторыі Сырыі і Лібану», — заявіла Мінабароны.
Што вядома пра 38-ю брыгаду
38-я асобная гвардзейская дэсантна-штурмавая Берасьцейская Венская Чырванасьцяжная брыгада — асобнае злучэньне ў складзе Сіл спэцыяльных апэрацый УС Беларусі.
Прыцягвалася для задушэньня масавых пратэстаў у 2020 годзе.
У 1999-2002 гадах камандзірам брыгады быў Валеры Сахашчык, да 1 жніўня 2024 году — прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў абароне і нацыянальнай абароне.