Міністры замежных спраў краін Эўразьвязу дамовіліся, што ня будуць прызнаваць «дэмакратычную легітымнасьць» лідэра Вэнэсуэлы Нікаляса Мадура пасьля спрэчных выбараў у краіне, заявіў вярхоўны прадстаўнік ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль, паведамляе Reuters.
На пасяджэньні Рады ЭЗ у замежных справах — нарады кіраўнікоў МЗС 27 краінаў Зьвязу 29 жніўня абмяркоўвалі сытуацыю ў Вэнэсуэле.
«Мы вырашылі, што мы ня можам прызнаць легітымнасьць Мадуры як абранага прэзыдэнта, мы дамовіліся, што ў яго няма дэмакратычнай легітымнасьці. Ён, вядома, будзе заставацца фактычным прэзыдэнтам краіны», — сказаў Бурэль ад імя 27 краінаў пасьля паседжаньня.
Пасьля чэрвеньскіх выбараў у Вэнэсуэле пачаліся масавыя пратэсты. Іх удзельнікі абвінавачваюць Нікаляса Мадура, які, паводле афіцыйных звестак, перамог з 51,9% галасоў, у падтасоўваньні вынікаў. Прадстаўнікі апазыцыі настойваюць, што на выбарах перамог Эдмунда Гансалес з вынікам больш як 70% галасоў і заяўляюць пра парушэньні пры падліку галасоў і галасаваньні. Гэтае сьцьвярджэньне грунтуецца, у прыватнасьці, на зьвестках экзыт-полаў, апублікаваных у інтэрнэце. Вярхоўны суд Вэнэсуэлы назваў іх несапраўднымі і прызнаў Мадура пераможцам выбараў.
Група назіральнікаў ААН, накіраваная ў Вэнэсуэлу, і Цэнтар Картэра, назвалі прэзыдэнцкія выбары ў краіне непразрыстымі.
ЭЗ афіцыйна папрасіў вэнэсуэльскія ўлады прад’явіць «актас» — бюлетэні, якія павінныя пацьвердзіць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў 28 ліпеня. Але, як заявіў Бурэль на прэс-канфэрэнцыі пасьля сёньняшняга пасяджэньня Рады ЭЗ у замежных справах, зараз зразумела, што бюлетэняў ня будзе, піша Euronews.
На паседжаньні кіраўнікі МЗС краінаў Эўразьвязу абмеркавалі магчымасьць увядзеньня санкцыяў у дачыненьні да чальцоў вэнэсуэльскага ўраду і Нацыянальнай асамблеі ў дадатак да 55 ужо ўключаных у сьпіс, але так і не прыйшлі да згоды. Як адзначыў Жузэп Бурэль, у цяперашні сьпіс ужо ўключаныя амаль усе вядучыя фігуры вэнэсуэльскай выканаўчай улады (але не Мадура).
На сустрэчы ў Брусэлі па відэасувязі таксама выступіў кандыдат ад апазыцыі Эдмунда Гансалес, якога ЗША прызналі сапраўдным пераможцам выбараў. Аднак ЭЗ не ідзе так далёка, і гэтае пытаньне нават не закранулі на сустрэчы 27 міністраў, адзначае выданьне.
Аднаго інструмэнта санкцыяў недастаткова, лічыць Нэльсан Дордэлі Расалес, дарадца ў эўрапейскіх справах Plataforma Unitaria Democrática, апазыцыйнай Мадуру кааліцыі: «Санкцыі могуць быць пашыраныя: 55 чалавек недастаткова. Але ў той жа час ЭЗ павінен быць больш крэатыўным і выкарыстоўваць іншыя інструмэнты міжнароднай дыпляматыі». Адной з ідэй, паводле яго, магло б стаць стварэньне пасады адмысловага пасланьніка ЭЗ па Вэнэсуэле, як гэта было зроблена адносна іншых неспакойных рэгіёнаў сьвету.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярхоўны суд Вэнэсуэлы прызнаў Мадура прэзыдэнтам, нягледзячы на пратэсты ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША прапануюць Мадуру аддаць уладу ў абмен на памілаваньне