Павал Дураў павінен унесьці заклад у памеры 5 мільёнаў эўра, паведамілі ў пракуратуры. З паведамленьня дакладна не зразумела, ці Дураў ужо ўнёс заклад і дзе ён цяпер знаходзіцца.
З заявы пракуратуры вынікае, што Паўла Дурава абвінавачваюць у зьдзяйсьненьні наступных злачынстваў:
- змове з мэтай адміністраваньня онлайн-плятформы для зьдзяйсьненьня незаконных угодаў у складзе арганізаванай групы;
- адмове ў даваньні інфармацыі або дакумэнтаў на запыт упаўнаважаных органаў;
- саўдзеле ў правапарушэньнях, якія датычацца распаўсюджваньня парнаграфіі зь непаўналетнімі, незаконнага абарачэньня наркотыкаў і махлярства;
- адмываньні сродкаў;
- аказаньні крыптапаслуг без дэкларяваньня;
- імпарце крыптаінструмэнтаў без дэкляраваньня.
У дакумэнце зазначаецца, што папярэдняе расьсьледаваньне ў дачыненьні да Паўла Дурава ў Францыі пачалі яшчэ ў лютым.
Пракуратура таксама паведаміла яшчэ пра два расьсьледаваньні, якія вядуць у дачыненьні да Дурава. Займаюцца імі кібэрпадразьдзяленьне францускай жандармэрыі і ўпраўленьне барацьбы з махлярствам францускай мытні.
Афіцыйнае расьсьледаваньне ў Францыі, адзначае Reuters, не азначае, што чалавек вінаваты, і не абавязкова вядзе да судовага разбору, але ўказвае на тое, што судзьдзі лічаць, што ў справе ёсьць дастаткова падставаў для працягу расьсьледаваньня. Расьсьледаваньне можа доўжыцца гадамі, перш чым яго перададуць у суд або спыняць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Францыі Дурава падазраюць у 12 злачынствах. Справу супраць яго завялі яшчэ 8 ліпеняДурава затрымалі ўвечары 24 жніўня ў парыскім аэрапорце Ле-Буржэ, куды ён прыляцеў з Азэрбайджана на прыватным самалёце. Ён быў зь целаахоўнікам і жанчынай, якіх пасьля допыту адпусьцілі.
Ордэр на арышт Паўла Дурава і ягонага брата Мікалая, паводле зьвестак Politico, францускія ўлады выдалі яшчэ 25 сакавіка. З дакумэнта, які апынуўся ў распараджэньні рэдакцыі, вынікае, што расьсьледаваньне ў дачыненьні да Telegram зьяўляецца больш маштабным і пачалося на некалькі месяцаў раней, чым пра гэта стала вядома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Wall Street Journal: Макрон прапаноўваў Дураву перанесьці офіс Telegram у Парыж, але той адмовіўся ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра створаную Telegram крыптавалюту і як на яе паўплывала затрыманьне Дурава