Forbes: Ірына Балгар, якая называе сябе маці дзяцей Паўла Дурава, падала супраць яго пазоў аб ужываньні гвалту да іх сына

Павал Дураў. Архіўнае фота

Ірына Балгар, якая называе сябе маці траіх дзяцей заснавальніка Telegram Паўла Дурава, у сакавіку 2023 году падала супраць яго пазоў у суд Жэнэвы. Яна сьцьвярджае, што Дураў ужываў гвалт у дачыненьні да іх малодшага сына.

Пра гэта піша амэрыканскае выданьне Forbes.

Паводле зьвестак выданьня, першапачаткова суд адмовіўся разглядаць справу, бо пазоў быў пададзены больш як праз тры месяцы пасьля апошняга выпадку меркаванага гвалту. Аднак у траўні 2023 году Балгар падала апэляцыю, і суд вырашыў працягнуць разгляд справы ў кастрычніку.

Паводле абвінавачаньняў, Дураў ужываў гвалт у дачыненьні да свайго малодшага сына, які нарадзіўся ў верасьні 2017 году, пяць разоў у пэрыяд з 2021 па 2022 год. У выніку ў дзіцяці, як сьцьвярджаецца, адбылося страсеньне мазгоў.

У якасьці доказаў віны Паўла Дурава Балгар падала стэнаграму іх перапіскі і мэдычную даведку ад красавіка 2023 году, у якой сказана, што яе сын пакутуе ад парушэньняў сну і трывожнасьці.

Таксама Балгар, як сьцьвярджаецца, падала пазоў аб апецы над дзецьмі. Суд прыняў рашэньне на яе карысьць. Дураў у разглядзе ня ўдзельнічаў. Балгар падала абодва пазовы празь некалькі месяцаў пасьля таго, як Дураў нібыта перастаў выплочваць ёй алімэнты ў памеры 150 тысяч эўра ў месяц.

Прадстаўнік Дурава адмовіўся ад камэнтароў.

Увечары 24 жніўня Дурава затрымалі ў парыскім аэрапорце Ле-Буржэ, куды ён прыляцеў з Азэрбайджану на прыватным самалёце. Разам зь ім былі целаахоўнік і спадарожніца, якіх пазьней адпусьцілі.

Празь некаторы час стала вядома, што Дурава затрымалі ў рамках расьсьледаваньня, якое праводзяць у дачыненьні да неўстаноўленых асобаў паводле 12 складоў злачынстваў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Wall Street Journal: Макрон прапаноўваў Дураву перанесьці офіс Telegram у Парыж, але той адмовіўся 
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Францыі Дурава падазраюць у 12 злачынствах. Справу супраць яго завялі яшчэ 8 ліпеня