Рост базавай стаўкі
З 1 верасьня базавую стаўку паднімуць да 253 рублёў. Цяпер яна складае 250 рублёў, павышэньне складзе 3 рублі.
У 2024 годзе гэта другое павышэньне базавай стаўкі, яно закране больш за 800 тысяч бюджэтнікаў. У 2025-м таксама ёсьць пляны падвышаць гэты паказьнік двойчы: са студзеня і зь верасьня.
Паводле інфармацыі Міністэрства працы Беларусі, сярэдні заробак бюджэтнікаў у першым паўгодзьдзі складаў 1696,1 рубля.
Зьмены для рамесьнікаў
Да 1 верасьня ўрад Беларусі павінен канчаткова зацьвердзіць сьпіс дазволеных для рамесьнікаў відаў дзейнасьці. З 1 кастрычніка фізычныя асобы будуць рэгістравацца як рамесьнікі паводле гэтых новых правілаў.
Сума ўнёскаў будзе вылічвацца ад сумы, устаноўленай імі ў даходы, «але не ніжэй, чым з памеру мінімальнага заробку».
«Калі ў лічбах, гэта ў месяц 626 рублёў; памнажаем на 29%, штомесячная сума плацяжу — 181 рубель 54 капейкі», — патлумачыла намесьніца кіраўніка Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Кацярына Ліхачова.
У залежнасьці ад рэжыму падаткаабкладаньня рамесьнікі могуць працаваць пасьля выплаты рамеснага збору ці падатку на прафэсійны даход. Пры гэтым удакладняецца, што мясцовыя органы могуць дазволіць рамесьніку працаваць пры аплаце рамеснага збору ў выпадках:
- наяўнасьці статусу народнага майстра,
- сяброўства ў Беларускім саюзе майстроў народнай творчасьці,
- працы на пасадзе майстра народных промыслаў (рамёстваў),
- атрыманьні пэнсіі па ўзросьце або за выслугу гадоў,
- інваліднасьці I або ІІ групы,
- пражываньні ў маланаселеным пункце (да 50 чалавек).
У астатніх выпадках рамесьнікі будуць плаціць падатак на прафэсійны даход — 10% ад даходаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі скароцяць колькасьць відаў рамеснай дзейнасьці. Каго пакінуць у пералікуЗьмены для ІП
Верасень стане апошнім месяцам для працы індывідуальных прадпрымальнікаў паводле старых правілаў.
З 1 кастрычніка нельга будзе адкрыць ІП, калі выбранага віду дзейнасьці няма ў адпаведным сьпісе.
Як адзначыў юрыст Аляксандар Жук, з нэгатыўных зьменаў — цяпер юрыдычныя паслугі змогуць аказваць толькі юрыдычныя асобы. Псыхолягі, паводле яго, змогуць далей працаваць у якасьці ІП — пад кодамі 8559 (іншыя віды адукацыі, ня ўключаныя ў іншыя групоўкі) і 88 (аказаньне сацыяльных паслуг без забесьпячэньня пражываньня). Коўчы, эзатэрыкі, астролягі, варажбіткі цяпер будуць лічыцца самазанятымі.
Абноўлены сьпіс відаў дзейнасьці, дазволеных для самазанятых, зьмяшчае 87 пазыцыяў. У ім, сярод іншага, прысутнічаюць фота- і відэаздымка, рамонт кампутараў, выкананьне аддзелачных работ, дастаўка тавараў дадому, цырульні і касмэтычныя паслугі, паслугі манікюру і пэдыкюру, рэпэтытарства, перакладчыцкая дзейнасьць, рамонт мэблі і іншыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад апублікаваў сьпіс відаў дзейнасьці, якімі змогуць займацца беларускія ІП і самазанятыяШырокая інфармацыя пра рахункі
Улады абавязалі банкі паведамляць у падатковую аб рахунках, на якія за год паступіла 150 тысяч рублёў і больш. Інфармацыю за 2023 год ім трэба падаць ужо да 1 верасьня. Ня будуць улічвацца адмены плацяжоў, вяртаньні, налічаныя банкам адсоткі, хуткія крэдыты і залічаныя на рахунак крэдыты.
Такія зьвесткі МПЗ будзе зьбіраць штогод. Сярод іншага банкі будуць паведамляць пэрсанальныя дадзеныя кліента, яго пашпартныя зьвесткі, даты адкрыцьця і закрыцьця рахунку, а таксама валюту рахунку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады паведамілі, якія зьвесткі пра даходы беларусаў банкі павінны перадаць падатковай да 1 верасьняНовыя дзёньнікі для школьнікаў
Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю (МАРГ) забараніла школьнікам і іхным бацькам купляць для навучаньня дзёньнікі старога ўзору 2022 і 2023 гадоў, якія яшчэ застаюцца на прылаўках.
Для беларускіх школьнікаў распрацавалі абноўлены выгляд дзёньнікаў, якімі ім давядзецца карыстацца з 1 верасьня. Узор разьмешчаны на сайце Міністэрства адукацыі.
Зьмяненьні закранулі дзёньнікі для 3-4 клясаў і для 5-11 клясаў. Пярэдні бок вокладкі не зьмяніўся — там манумэнт Перамогі ў Менску і афіцыйная чырвона-зялёная сымболіка. Са зваротнага боку пры гэтым зьніклі выявы хлопчыка ці дзяўчынкі з сабакам, але засталіся кантакты Рэспубліканскага цэнтру псыхалягічнай дапамогі.
Акрамя таго, графа «подпіс законных прадстаўнікоў» заменена на «подпіс бацькоў».
Акрамя таго, улады прадугледзелі беларускамоўны і расейскамоўны варыянты дзёньнікаў.
Дармовы праезд школьнікам
Беларускім школьнікам зробяць дармовы праезд у гарадзкім транспарце. Пра гэта гаворыцца ў зьменах у пастанову ўраду «Пра некаторыя пытаньні праезду навучэнцаў», якія падпісаў прэм’ер-міністар Раман Галоўчанка.
Як гаворыцца ў дакумэнце, «навучэнцы, якія атрымліваюць агульную сярэднюю і спэцыяльную адукацыю, маюць права на дармовы праезд на аўтамабільным транспарце агульнага карыстаньня, які ажыцьцяўляе гарадзкія аўтамабільныя перавозкі пасажыраў у рэгулярных зносінах, гарадзкім электрычным транспарце і ў мэтрапалітэне ў населеных пунктах месца жыхарства (месца знаходжаньня) і месца вучобы з 1 верасьня па 30 чэрвеня».
Раней навучэнцы маглі езьдзіць задарма «ад месца жыхарства (месца знаходжаньня) да месца вучобы і назад». Цяпер прывязкі да школы ці ліцэю няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта здрада на ўсё жыцьцё». Што пэдагог і псыхоляг думаюць пра закон, які дазваляе здаваць сваіх дзяцей у спэцшколыНовая мадэль аплаты праезду
Першага верасьня для льготнікаў стартуе экспэрымэнт у аплаце праезду ў грамадзкім транспарце. Пра гэта раней паведаміў дырэктар прадпрыемства «Сталічны транспарт і сувязь» Юры Супрановіч.
З 1 верасьня навучэнцам двух сталічных каледжаў і чатырох школаў выдадуць карткі, аналягічныя праязному білету.
З 1 кастрычніка плянуецца ахапіць экспэрымэнтам пасажыраў, якія маюць права на дармовы праезд, а з 1 студзеня схему пашыраць на ўсе катэгорыі льготнікаў. Новая мадэль аплаты будзе выкарыстоўвацца ў Менску з пэрспэктывай распаўсюджаньня на ўсе рэгіёны.
Чыноўнікі сьцьвярджаюць, што ў яе аснову закладзены дэталёвае плянаваньне, улік і кантроль аб’ёму і фінансаваньня працы транспарту, а таксама ўлік перавезеных пасажыраў. Таксама транспартнікі спадзяюцца, што ім удасца прышчапіць маладым людзям, а затым і іншым катэгорыям грамадзян, сьвядомае карыстаньне грамадзкім транспартам, разуменьне яго працэсаў і выдаткаў на арганізацыю маршрутаў.
У школах зьнікне цэлы прадмет
У школьнікаў цяпер ня будзе асобнага прадмету «Гісторыя Беларусі». Сваёй пастановай Міністэрства адукацыі прызначыла замест ранейшых дысцыплінаў «Гісторыя Беларусі» і «Ўсясьветная гісторыя» прадмет «Гісторыя Беларусі ў кантэксьце ўсясьветнай гісторыі».
У звычайных школах прадмет будзе выкладацца двойчы на тыдзень, у профільных клясах — чатыры разы.
Толькі ў 11 клясе захаваюцца два асобныя прадметы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Школьнікам усіх клясаў штомесяц будуць праводзіць інфармацыйную гадзіну «Генацыд беларускага народу»Новая сыстэма школьнага харчаваньня
У праект укараненьня новых прынцыпаў арганізацыі харчаваньня першапачаткова быліо ўключана 15 гарадзкіх школаў і гімназій, а таксама шэсьць вясковых школаў. З 1 студзеня 2024 году на такой сыстэме былі ўжо 76% школаў, а з 1 верасьня пяройдуць астатнія. Пра канчатковы пераход заявіў міністар адукацыі Андрэй Іванец.
Падчас экспэрыменту навучэнцы ўжывалі каля 500 страў, каля 300 самых папулярных зь іх увайшлі ў інфармацыйную складанку тэхналягічных картаў, і цяпер кожная ўстанова адукацыі можа карыстацца складанкай.
Новыя спэцыяльнасьці ў ВНУ
БДУ, БДУІР і БДТУ ўвялі некалькі новых спэцыяльнасьцяў для студэнтаў. Інфармацыю пра навінкі сабрала дзяржаўнае агенцтва «Минск-Новости».
У БДУІР факультэт кампутарнага праектаваньня адкрые спэцыяльнасьць «электроннае машынабудаваньне». Факультэт інфармацыйных тэхналёгій прапануе «кібэрфізычныя сыстэмы». Інжынэрна-эканамічны факультэт увядзе навучаньне «лічбаваму маркетынгу».
У БДУ факультэт геаграфіі і геаінфарматыкі адкрыў «краіназнаўства і перакладніцкую дзейнасьць». Тут будуць рыхтаваць настаўнікаў і перакладнікаў у профільных арганізацыях. На факультэце міжнародных адносінаў адкрыюцца дзьве новыя спэцыяльнасьці: «міжнародная канфлікталёгія» і «міжнародная лягістыка».
У БДТУ пачнуць рыхтаваць спэцыялістаў у распрацоўваньні і выкарыстаньні дронаў. Спэцыяльнасьць назвалі «праектаваньне, будаўніцтва і эксплюатацыя бесьпілётных сыстэмаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома, якую колькасьць жанчын плянуюць прыняць на вайсковыя спэцыяльнасьці ў ВНУ БеларусіНе працуюць дзьве ВНУ
Як раней паведамлялася, улады закрылі дзьве прыватныя вышэйшыя навучальныя ўстановы.
Гэта «БІП — Унівэрсытэт права і сацыяльных тэхналёгій» і Інстытут прадпрымальніцкай дзейнасьці (ІПД). Для працягу навучаньня па выбранай спэцыяльнасьці ўсе студэнты будуць пераведзеныя ў іншыя ВНУ.
Інстытут прадпрымальніцкай дзейнасьці зьявіўся ў 1992 годзе з ініцыятывы Навукова-тэхнічнага таварыства будаўнікоў Беларусі. У 1993 годзе ў арандаваных клясах Беларускай політэхнічнай акадэміі, політэхнікуму і архітэктурна-будаўнічага тэхнікуму ў камэрцыйным інстытуце навучаліся 300 чалавек. На выхадзе па заканчэньні чатырох гадоў яны атрымлівалі дыплёмы мэнэджараў-камэрсантаў у розных сфэрах народнай гаспадаркі і прадпрымальнікаў у малым і сярэднім бізнэсе.
БІП — найстарэйшая прыватная ВНУ Беларусі, яе адкрылі ў 1990 годзе. Тады ўстанова называлася Менская вышэйшая юрыдычная школа Саюзу юрыстаў БССР. У тым жа 1990-м адбыўся першы набор студэнтаў, толькі на завочную форму. А праз год — і на стацыянарнае навучаньне. ВНУ стварыў навуковец Сьцяпан Сокал. Да 2004 году ён быў яе рэктарам, потым — старшынём рады, яшчэ пазьней — дарадцам рэктара.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля закрыцьця прыватных ВНУ іх студэнтам прапанавалі працягваць навучаньне ў дзяржаўных установах