Як расказалі Свабодзе родныя сям’і Касьпяровічаў (прозьвішча зьмененае на просьбу суразмоўцаў. — РС), гісторыя пачалася ў жніўні 2020 году, калі апалітычныя раней муж з жонкай і іх дзеці вырашылі прагаласаваць на выбарах 9 жніўня, а ўвечары таго ж дня выйшлі да выбарчага ўчастку, каб прасачыць за падлікам галасоў і вынікамі выбараў. Па словах суразмоўцаў, гэты сход у выніку разагналі сілавікі, а Касьпяровічы амаль у поўным складзе пачалі хадзіць на пратэсты, якія працягваліся пасьля выбараў.
«Хадзілі ня усёй сям’ёй разам, а часткамі. Старэйшыя асобна, малодшыя разам са сваімі кампаніямі. Абыходзілася без затрыманьняў, але у выніку маці ўсё ж атрымала штраф. Пашанцавала, што ня суткі. Пасьля доўгі час усё было спакойна, нікога зь іх больш не чапалі», — расказалі Свабодзе абазнаныя з сытуацыяй крыніцы.
Сьмерць бацькі за кратамі
Па словах суразмоўцаў, так сям’я пражыла некалькі гадоў, да восені 2022-га. Тады ў адзін зь вечароў Касьпяровіч-старэйшы не вярнуўся з працы дадому. Родныя доўга не маглі яго знайсьці. У выніку даведаліся, што супраць мужчыны завялі крымінальную справу, ён у СІЗА. На хатні адрас сям’і пачалі прыходзіць лісты са Сьледчага камітэту з просьбай зьявіцца на допыты. Празь нейкі час маці і сын вырашылі зьехаць зь Беларусі.
«Яны мелі візы, турыстычныя італьянскія. У той час зрабіць нейкія іншыя ў Беларусі было цяжка, не зьвярталіся па дапамогу ні да кога. Трымалі ў сакрэце, што бацька арыштаваны. Усё было падпольна, у цішыні. Спачатку выехалі маці і сын, пасьля іх дачка. Яны ўсе паехалі ў Швэцыю. І там падаліся на палітычны прытулак», — кажа суразмоўца.
Як стала вядома Свабодзе, арыштаванага Касьпяровіча-старэйшага ў выніку асудзілі па пяці артыкулах Крымінальнага кодэксу Беларусі на тры гады пазбаўленьня волі. Сярод абвінавачваньняў былі «арганізацыя масавых беспарадкаў», «распальваньне варажнечы», «абраза прэзыдэнта» і іншыя. У жніўні 2023 году мужчына памёр за кратамі (даведка аб сьмерці зь пералікам артыкулаў КК ёсьць у рэдакцыі Свабоды).
Адмова ў прытулку
У Швэцыі Касьпяровічы падалі прашэньне аб прытулку. Спачатку маці і сын, пасьля дачка, якая далучылася да сваіх родных пазьней. Яна не зьбіралася заставацца ў Швэцыі, але ўжо пасьля ад’езду даведалася, што ёю цікавяцца беларускія сілавікі, і вырашыла застацца.
«Пайшоў ужо такі ланцужок, ведаеце. Я вырашыла заставацца, каб ня быць арыштаванай самой. Яны хацелі, каб я прыйшла ў Сьледчы камітэт сама. Можна здагадацца, якімі будуць далейшыя іх дзеяньні», — расказала Свабодзе Марыя Касьпяровіч (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы. — РС).
Па словах суразмоўцы, швэдзкія ўлады неахвотна прымалі дакумэнты беларусаў да разгляду. Прычынай гэтага называлі італьянскія візы Касьпяровічаў, швэдзкіх візаў сям’я атрымаць не змагла. У выніку Касьпяровічам у прытулку адмовілі. Маці і сына зьмясьцілі ў лягер, а пасьля дэпартавалі ў Беларусь празь Літву.
«Швэды хацелі, каб яны самі выехалі ў Турэччыну ці Грузію, а ўжо адтуль у Беларусь. Таму што прамых рэйсаў у Беларусь са Швэцыі няма. Намякалі на гэта ўсяляк. Але мы не набывалі квіткі. У выніку маму і брата адправілі ў Літву. Сказалі, што зь Літвой ёсьць дамова. Адправілі самалётам. У кайданках. Мама расказвала, што ўсё гэта было з прымяненьнем гвалту. Брат крыху супраціўляўся, маме надзелі кайданкі. Як нейкай забойцы», — расказала Марыя.
Па словах суразмоўцы, 21 жніўня з аэрапорту Вільні беларусаў пад канвоем прывезьлі да мяжы, дзе высадзілі ў нэўтральнай зоне. Беларусаў падабраў чалавек, які ехаў на ўласным аўто ў Менск. Падчас праходжаньня мяжы Касьпяровічаў доўга дапытвалі. У выніку мужчыну затрымалі, жанчыне дазволілі ехаць далей. Па словах родных Касьпяровічаў, дакладны лёс затрыманага пакуль невядомы. Першапачаткова ён мог знаходзіцца ў СІЗА Горадні. У чым абвінавачваюць дэпартаванага са Швэцыі беларуса, пакуль невядома.
Марыя Касьпяровіч паводле рашэньня швэдзкіх уладаў (копія адмовы Касьпяровічам у прадастаўленьні прытулку ў Швэцыі ёсьць у рэдакцыі. — РС) павінна выехаць са Швэцыі да 3 верасьня. У прытулку ёй адмовілі ўсе інстанцыі Швэцыі. Апэляцыі, па словах суразмоўцы, былі адхіленыя. У Марыі больш няма адваката, бо апэляцыю адхіліў суд апошняй інстанцыі.
«Гэта абуральна, але гэта не сюрпрыз»
На просьбу Свабоды сытуацыю пракамэнтаваў швэдзкі праваабаронца Марцін Угла. Па яго словах, заканадаўства Швэцыі ў пытаньні прадастаўленьня прытулку вельмі патрабавальнае.
«Канечне, гэты выпадак абуральны. Але гэта не сюрпрыз для нас, для мяне асабіста. Справа ў тым, што каб атрымаць прытулак у Швэцыі, трэба вельмі дакладна даказаць тое, што вам на радзіме пагражае небясьпека затрыманьня. А гэта складана. І ў тым ліку ў выпадках, якія тычацца Беларусі. Мы ведаем, што там адбываецца, але вельмі складана даказаць, што затрымаюць менавіта вас», — кажа Марцін Угла.
Па словах суразмоўцы, міграцыйнае агенцтва Швэцыі вельмі жорстка ацэньвае кожны выпадак і часта адмаўляе ў прытулку, нягледзячы на тое, што інфармацыя пра падзеі ў Беларусі ёсьць у адносна вольным доступе і рызыкі затрыманьня для ўцекачоў там рэальныя.
«Улетку інструкцыі для міграцыйных уладаў адносна Беларусі абнавілі, але, здаецца, па гэтай канкрэтнай справе яны не спрацавалі. Гэта дзіўна, абуральна. Гэта трэба было зрабіць чатыры гады таму. Альбо ўвогуле 15 гадоў таму. Я шмат займаўся справамі ўцекачоў зь Беларусі, якім было складана даказаць рызыкі ў дачыненьні да сябе. Былі сытуацыі і раней, калі беларусам адмаўлялі. Ведаю гісторыю жанчыны, якая атрымала такую адмову і паехала ў Польшчу, дзе ёй далі прытулак», — кажа Марцін Угла.
Паводле інфармацыі швэдзкага праваабаронцы, пасьля 2020 году толькі каля 3% беларусаў, якія прасілі прытулку ў Швэцыі, атрымалі яго. Рэшта была вымушаная шукаць іншыя шляхі легалізацыі альбо прасіць прытулку ў іншых краінах.
«Я думаю, што ў Швэцыі зараз будзе абмеркаваньне гэтага выпадку, будуць пратэсты. Сёньня ўжо ёсьць публікацыі ў СМІ. Гэтая справа яшчэ актуальная. Ёсьць іншыя людзі, якіх могуць дэпартаваць. Ёсьць патрабаваньне, каб увогуле ўвесьці мараторый на дэпартацыю. Гэта будзе абмяркоўвацца на палітычным узроўні. Міграцыйнае агенцтва — гэта самастойная інстытуцыя. Яны прымаюць самі свае рашэньні. Але палітыкі павінны даць ім інструкцыі. І яны павінны былі рабіць гэта даўно. Як мне здаецца, трэба больш сыстэматычна глядзець на гэтую сытуацыю і гарантаваць бясьпеку людзям зь Беларусі», — мяркуе Марцін Угла.
«Гэтага ніколі не здаралася»
Зьміцер Васэрман, прадстаўнік Народнай амбасады Беларусі ў Швэцыі, у размове са Свабодай назваў навіну пра затрыманьне дэпартаванага са Швэцыі беларуса шокам.
«Было абсалютна нечакана, што чалавека выслалі. Мы ведалі пра гэты выпадак, я некалькі тыдняў быў у кантакце з гэтай сям’ёй. Але я да апошняга ня верыў, што людзей могуць гвалтоўна дэпартаваць у Беларусь. Гэтага ніколі не здаралася, і здавалася, што швэды разумеюць, якія гэта можа мець наступствы. Што швэды адмаўляюць у прытулку — было вядома. Мы былі ў кантакце з Агенцтвам па міграцыі. У лютым яны абнавілі інфармацыю па краіне. Дагэтуль была жудасна некампэтэнтная інфармацыя. У лютым абнавілі, стала зразумела, які тэрор у Беларусі. Але высьветлілася, што гэтая інфармацыя не выкарыстоўваецца для спраў, прынятых на аснове ранейшай», — расказвае Зьміцер Васэрман.
Прадстаўнік Народнай амбасады Беларусі ў Швэцыі пацьвярджае, што зараз разглядаюцца справы яшчэ некалькіх беларусаў, якім у тэорыі можа пагражаць дэпартацыя.
«Мы спадзяёмся, што гэты выпадак паўплывае на сытуацыю. У Швэцыі сёньня пішуць пра гэты выпадак. У мяне сёньня будзе размова з прадстаўніком міграцыйнага агенцтва. Я буду патрабаваць, каб Швэцыя абвясьціла мараторый на ўсе дэпартацыі ў Беларусь. Гэта тое, што трэба зрабіць зараз. Каб Швэцыя гарантавала, што ніводзін беларус ня будзе дэпартаваны», — дадае суразмоўца.
Позьняе абнаўленьне інфармацыі па Беларусі ў швэдзкім міграцыйным агенцтве Дзьмітрый Васэрман тлумачыць некампэтэнтнасьцю супрацоўнікаў міграцыйнай службы. Па словах суразмоўцы, у Швэцыі шукаюць прытулку вельмі шмат уцекачоў з самых розных краінаў сьвету, што магло адбіцца на якасьці разгляду спраў.
«Зь Беларусі ў мінулым годзе ў Швэцыі шукалі прытулку каля сотні чалавек. Гэта кропля ў моры. Агенцтва перагружанае. Яны ведаюць шмат пра іншыя краіны, але мала ведаюць пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Па Беларусі яны рабілі вельмі дрэнную справу. Мы спадзяваліся, што ўсё зьменіцца пасьля лютага. У нас была вельмі прадуктыўная сустрэча зь імі», — кажа прадстаўнік Народнай амбасады Беларусі ў Швэцыі.
Па словах Васэрмана, прапанаваны міграцыйным уладам Швэцыі ў лютым 2024 году дакумэнт аб сытуацыі ў Беларусі ўтрымліваў прапанову аб забароне дэпартацыі ня толькі тых беларусаў, якія зазналі палітычны перасьлед, але і тых, каго на радзіме абвінавачваюць па крымінальных справах. Усё празь немагчымасьць гарантаваць справядлівы разгляд справы ў беларускім судзе.
Старшы палітычны дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка ў размове са Свабодай пракамэнтаваў сытуацыю наступным чынам:
«Мы сочым за гэтай справай зь мінулага тыдня і ўдзячныя Народнай амбасадзе ў Швэцыі за тое, што зьвярнулі ўвагу на гэты выпадак. Цяпер спрабуем высьветліць усе акалічнасьці справы, і калі інфармацыя пацьвердзіцца — будзем рабіць усё магчымае, каб не дапусьціць паўтарэньня такіх сытуацый у будучыні. Мы прапануем увесьці мараторый на высылку беларускіх грамадзян у Беларусь».
Свабода таксама зьвярнулася з запытамі адносна рашэньняў па сям’і беларусаў у офісы міністраў міграцыі і юстыцыі Швэцыі, а таксама да камісара Рады Эўропы ў правах чалавека. Адказы апублікуем адразу, як атрымаем.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуса, якому Швэцыя адмовіла ў прытулку, затрымалі на радзіме