Што вядома пра створаную Telegram крыптавалюту і як на яе паўплывала затрыманьне Дурава

Ілюстрацыйнае фота

Пасьля арышту заснавальніка сеткі Telegram у Францыі ўведзеная ягонай камандай крыптавалюта ўпала ў цане. Але нельга сказаць, што ўсе прагнозы толькі кепскія.

Як адзначае расейская служба Радыё Свабода, камандзе Telegram удалося тое, чаго ня змог зрабіць ніводзін тэхналягічны гігант — запусьціць уласны блокчэйн са сваёй крыптавалютай TON. Яна вельмі функцыянальная і пакуль адносна танная. Кожны карыстальнік аўтаматычна атрымаў крыптакашалёк — дастаткова зайсьці ў налады Telegram.

Без малога мільярд чалавек, у якіх устаноўленая праграма, — патэнцыйныя ўдзельнікі вялікага фінтэх-праекту. Пра нешта падобнае ў 2019 годзе марыў заснавальнік Facebook Марк Цукербэрг. Але ад сваіх плянаў ён адмовіўся пасьля слуханьняў у амэрыканскім Кангрэсе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Wall Street Journal: Макрон прапаноўваў Дураву перанесьці офіс Telegram у Парыж, але той адмовіўся 

Арышт заснавальніка і ключавога чалавека ў Telegram выклікаў і ў карыстальнікаў, і ў інвэстараў сур’ёзныя асьцярогі. Многія ўспомнілі, што фармальна сетка стратная, і на тое, каб падтрымліваць яе працу, патрабуецца 600–700 мільёнаў даляраў на год. А Павел Дураў — якраз чалавек, на якога завязаныя ўсе кантакты з укладальнікамі.

Аднак, хоць з моманту затрыманьня Дурава TON страціў каля 20% цаны, рыначная капіталізацыя гэтай крыптавалюты перавышае 14 мільярдаў даляраў. Яна гандлюецца на ўсіх буйных крыптабіржах. На думку аўтара публікацыі, забясьпечыць прыток грошай, неабходных для падтрыманьня працы кампаніі, няма ніякай праблемы.

На момант публікацыі 1 TON каштуе 5,48 даляра.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Францыі Дурава падазраюць у 12 злачынствах. Справу супраць яго завялі яшчэ 8 ліпеня