Восем беларусаў, якія выступяць на Паралімпійскіх гульнях як «нэўтральныя» атлеты, возьмуць удзел у двух відах спорту. Шасьцёра ў плаваньні, двое — у лёгкай атлетыцы.
- Плаваньне: Ігар Бокі, Яўген Кавалёнак, Дзьмітры Салей, Ягор Шчалканаў, Максім Вашкевіч і Анастасія Зудзілава.
- Лёгкая атлетыка: Лізавета Дабравольская, Уладзіслаў Грыб.
Для Яўгена Кавалёнка і Лізаветы Дабравольскай гэтая Паралімпіяда стане першай у кар’еры, іншыя ўжо маюць досьвед выступленьняў на галоўных стартах чатырохгодзьдзя.
Самым вядомым удзельнікам сярод іх, безумоўна, зьяўляецца 16-разовы паралімпійскі чэмпіён Ігар Бокі. Ураджэнец Бабруйску ў Парыжы выступіць у пяці дысцыплінах плаваньня сярод спартоўцаў з парушэньнямі зроку. Для яго гэта ўжо 4-я Гульні, у 2012-м у Лёндане ён здабыў 5 залатых мэдалёў, у 2016-м у Рыё-дэ-Жанэйра — 6, у 2021-м у Токіё ўзяў 5 залатых узнагарод. Таксама на рахунку 30-гадовага бабруйчаніна адно срэбра і адзін бронзавы мэдаль.
Акрамя таго, Бокі 28-разовы чэмпіён сьвету і 5-разовы чэмпіён Эўропы.
Паралімпійскім чэмпіёнам, акрамя Бокага, быў толькі Дзьмітры Салей. 34-гадовы плывец здабыў золата яшчэ ў Пэкіне-2008. А праз восем гадоў двойчы ўзяў срэбра ў Рыё-дэ-Жанэйра.
23-гадовы берасьцеец Ягор Шчалканаў быў срэбным мэдалістам у Токіё.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мой час яшчэ не прыйшоў». Вялікая размова зь вершніцай Вольгай Сафронавай, якая засталася ўжо без другой АлімпіядыПаралімпійскія гульні ў Парыжы пройдуць з 28 жніўня па 8 верасьня.
Беларускія і расейскія спартоўцы будуць удзельнічаць у Паралімпійскіх гульнях у нэўтральным статусе. У мэдальнай табліцы іх згадваць ня будуць, пры іх перамозе прагучыць гімн AIN (Athlete Individuel Neutre, «індывідуальныя нэўтральныя атлеты»). Таксама гэтыя спартоўцы ня будуць удзельнічаць у цырымоніях адкрыцьця і закрыцьця гульняў.
Дзяржаўныя сьцягі Беларусі і Расеі, а таксама іншая нацыянальная сымболіка, у тым ліку вайсковая, строга забароненыя паблізу любых аб’ектаў, зьвязаных з Паралімпійскімі гульнямі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першая Алімпіяда з гендэрнай роўнасьцю, фэномэн турэцкага стралка і спэкуляцыі вакол «трансгендэра». Разьбіраем гучныя падзеі з экспэрткай ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта ўпершыню ў гісторыі». Як беларускі электрык прабег алімпійскі маратон у Парыжы