Кіраўнік тэлеканалу Аляксей Дзікавіцкі паведаміў у сваім фэйсбуку пра тое, што галоўная старонка «Белсату» ў сеціве вярнулася. Ідзе работа над вяртаньнем іншых праектаў.
«Шаноўныя, ізноў даступная інтэрнэт-старонка Белсат TV. Яна пакуль не зусім такая, як была раней, але яна ёсьць. Паступова будзем паляпшаць і напаўняць, аднаўляць ранейшую функцыянальнасьць. У дадзенай сытуацыі гэта каштавала і далей каштуе шмат высілкаў, за якія я шчыра ўдзячны маім каляжанкам і калегам зь „Белсату“ і адпаведных службаў TVP.
Прыкладна праз тыдзень мае вярнуцца таксама партал „Вот Так“, працуем над вяртаньнем „Добрапісу“», — напісаў Дзікавіцкі.
Раней тэлеканал сутыкнуўся з праблемамі пасьля таго, як новы польскі ўрад зрабіў рэарганізацыю грамадзкіх СМІ, у тым ліку Польскай тэлевізіі (TVP), да якой адносіўся «Белсат». Сайт адсутнічаў у сеціве з раніцы 1 жніўня.
«На вялікі жаль, большую частку кантэнту зараз не ўдалося вярнуць на сайт, але, спадзяюся, вось-вось яна будзе вернутая. Прынамсі, аўтарскія правы на гэты кантэнт належаць Польскаму тэлебачанню і каналу «Белсат», як і раней, таму я спадзяюся, што ўсе яны будуць вернутыя. Пакуль што мы маем не ўвесь кантэкт за ўсе гады працы, але будзем яго аднаўляць«,— паведаміла БАЖ шэф-рэдактарка сайта «Белсат» Вольга Ярохіна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не адкрываецца сайт «Белсату», рэдакцыя ня мае да яго доступу. Тлумачым, што адбываецца з каналамПольскі партал Onet паведаміў пра абвінавачаньні ў бок мэнэджараў «Белсату» — іх падазраюць у фінансавых махінацыях падчас заключэньня дамоваў на IT-паслугі. У адказ кіраўніцтва «Белсату» выступіла з заявай, у якой выказала пратэст супраць абвінавачаньняў.
Аўтары заявы адзначылі, што ім удалося стварыць самастойную сыстэму абароны і праграмы для пашырэньня мультымэдыйнасьці каналу. Аргумэнт, што група TVP зазнала страты, выдаткоўваючы грошы на бясьпеку дзейнасьці каналу ў інтэрнэце, аўтары заявы назвалі «зусім недарэчным».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Варшаве адбыўся пікет у падтрымку тэлеканалу «Белсат» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дырэктар польскай тэлекампаніі TVP World абяцае, што скарачэньняў журналістаў на «Белсаце» ня будзе