У заяве адзначаецца, што Эўразьвяз «прымае да ўвагі» вызваленьне некалькіх палітвязьняў у Беларусі, асуджаных за ўдзел у мірных пратэстах пасьля фальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, і «падзяляе палёгку і радасьць вызваленых і іх сем’яў». Таксама ў ЭЗ адзначылі, што «прымаюць да ўвагі той факт, што некаторыя з вызваленых былі вязьнямі, якім была неабходная тэрміновая мэдычная дапамога».
Разам з тым Эўразьвяз у сваёй заяве зноў заклікаў рэжым Лукашэнкі «даць усім зьняволеным адэкватную мэдыцынскую дапамогу», а таксама неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітвязьняў, якія «часта ўтрымліваюцца ў небясьпечных для жыцьця ўмовах».
«У Беларусі застаецца больш за 1300 палітычных зьняволеных, уключаючы Сяргея Ціханоўскага, Ігара Лосіка, Марыю Калесьнікаву, Мікалая Статкевіча, Максіма Знака і Віктара Бабарыку, якім больш за 18 месяцаў адмаўляюць у магчымасьці мець зносіны з вонкавым сьветам», — падкрэсьліваецца ў заяве ЭЗ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пяць вызваленых праз памілаваньне палітзьняволеных жанчын мелі выйсьці на волю ў найбліжэйшыя месяцы, яшчэ дзьве — налета16 жніўня Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб памілаваньні 30 асобаў, асуджаных за «злачынствы пратэставай накіраванасьці». Прозьвішчаў памілаваных не называлі, сам указ не публікаваўся.
Праваабаронцам «Вясны» вядомыя прозьвішчы 19 вызваленых палітвязьняў, 13 зь якіх — жанчыны, шасьцёра — мужчыны. Праваабарончая ініцыятыва Dissidentby піша, што ёй вядома аб вызваленьні 22 палітвязьняў у рамках указу аб памілаваньні.
Раней сталі вядомыя прозьвішчы 11 палітвязьняў, што выйшлі на волю па ўказе аб памілаваньні, які Аляксандар Лукашэнка падпісаў 16 жніўня. Сярод іх 9 жанчын і 2 мужчыны.
Поўны сьпіс агучаных раней прозьвішчаў вызваленых вязьняў:
- Ксенія Луцкіна,
- Вольга Новікава,
- Ала Зуева,
- Вольга Стаброўская,
- Васіль Берасьнеў,
- Ірына Санкоўская,
- Кацярына Леў,
- Натальля Пятровіч,
- Тамара Каравай,
- Сьвятлана Палуэктава,
- Яўген Чуміла.
Журналісты Радыё Свабода за кратамі
Журналіст Радыё Свабода Андрэй Кузьнечык правёў за кратамі ўжо 1000 дзёнЧатыры гады за кратамі. У якіх умовах трымаюць журналіста Свабоды Ігара Лосіка