Палітвязьня з інваліднасьцю Гундара пазбавілі харчовых перадач, але дазволілі атрымаць мэдычную бандэроль

Палітзьняволены Ўладзімер Гундар, архіўнае фота

Па стане на 22 жніўня ў Беларусі 1358 палітвязьняў, прызнаных праваабарончай супольнасьцю. Рэальная колькасьць палітзьняволеных можа быць большай.

Да сакавіка 2025 году палітвязьня Ўладзімера Гундара пазбавілі харчовых перадач. Пра гэта стала вядома ад крыніцы, дасьведчанай ў справах палітвязьня.

Прычыны накладзенага спагнаньня крыніцы невядомыя. Пры гэтым Уладзімеру Гундару, які мае інваліднасьць, дазволілі атрымаць медычную бандэроль, якую сваякі адправілі яшчэ ў ліпені.

Крыніца падзялілася вытрымкай з апошняга ліста Ўладзімера Гундара.

«Я вельмі шчасьлівы чалавек... Шлях жыцьцёвы я сам выбраў, таму на лёс не наракаю, бо я чалавек цьвёрдай і свабоднай волі, якую Бог мне падараваў. І Ён па жыцьці мяне вядзе да вызначанай мэты Духам волі — да Ісьціны», — напісаў родным палітвязень Уладзімер Гундар.

Фігурант справы Мікалая Аутуховіча аб тэрарызме Ўладзімер Гундар асуджаны на 20 гадоў зьняволеньня паводле шэрагу абвінавачаньняў, але абвінавачаньне ў тэрарызме зь яго было зьнятае.

Уладзімеру Гундару 64 гады, адбыцьцё вялікага тэрміну для яго ўскладняецца тым, што ў яго няма адной нагі, ампутаванай вышэй калёна праз цяжкае захворваньне сасудаў.

Пры гэтым на стан здароўя палітвязень не наракае.

«Ён рады кожнай прагулцы і захапляецца цяперашнім надвор’ем. Пра цяпло піша з імпэтам, сьпякота яго не турбуе, ён ёй рады», — распавяла крыніца Свабоды, што пісаў Уладізмер Гундар у апошнім лісьце на волю.

Трымаюць палітвязьня ў турме № 4 у Магілёве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязень Гундар за кратамі напісаў 100 вершаў, але апошнім часам іх не прапускаюць на волю
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На волю выпусьцілі палітвязьня Берасьнева, які мае праблемы са здароўем. Вядома 16 прозьвішчаў вызваленых