Якія выпрабаваньні чакаюць Камалу Гарыс пасьля намінацыі кандыдаткай у прэзыдэнты ЗША

Камала Гарыс на зьезьдзе Дэмакратычнай партыі ЗША ў Чыкага, 22 жніўня 2024

Прызначэньне Камалы Гарыс кандыдаткай ад Дэмакратычнай партыі на прэзыдэнцкія выбары ў ЗША завяршыла неймаверны месяц для 59-гадовага палітыка.

Пасьля падтрымкі Джо Байдэна Камала Гарыс хутка сабрала мільёны даляраў, неабходных для падтрымкі сваёй прэзыдэнцкай кампаніі, а таксама прывабіла тысячы прыхільнікаў, гатовых за яе прагаласаваць. Цяпер Камала Гарыс апярэджвае кандыдата ад рэспубліканцаў Дональда Трампа ў шэрагу апытаньняў.

Карэспандэнт Радыё Свабода ў Вашынгтоне Тод Прынс распытаў экспэртаў, ці спыняць хаду Гарыс «нязручныя» інтэрвію і дэбаты з Трампам?

Камала Гарыс і Джо Байдэн. Чыкага, 19 жніўня 2024

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гарыс прыняла намінацыю ад дэмакратаў на выбары прэзыдэнта ЗША і паабяцала падтрымку Ўкраіне. ФОТА

«Гонка будзе па-вар’яцку ўпартай»

Такога імпульсу, які атрымала Камала Гарыс на пачатку, дэмакраты ня ведалі з часу прэзыдэнцкай кампаніі Барака Абамы ў 2008 годзе. Але сябры Дэмакратычнай партыі, вынікі апытаньняў і думкі аналітыкаў папярэджваюць, што Гарыс занадта рана прадказваць лідэрства і больш высокія шанцы на перамогу, калі да дня выбараў засталося 75 дзён. Патэнцыйныя міны ляжаць на шляху да перамогі, некаторыя па-за яе кантролем, такія як адраджэньне інфляцыі і міжнародныя канфлікты і іншыя, якія непасрэдна залежаць ад яе здольнасьці паказваць сябе і прапаноўваць рашэньні ў час змаганьня за пасаду прэзыдэнта.

Гонка «будзе па-вар’яцку ўпартай, і ёсьць яшчэ шмат выбоінаў перад кампаніяй Гарыс, якія могуць перашкодзіць», — сказала Радыё Свабода Рэбэка Джыл, прафэсар паліталёгіі ва ўнівэрсытэце Нэвады ў Лас-Вэгасе, дадаўшы, што вынікі выбараў, хутчэй за ўсё, будуць мець розьніцу ня больш як у 100 тысяч галасоў у некалькіх штатах, якія вагаюцца. Падзеі за апошнія некалькі тыдняў — ад замаху на Трампа падчас перадвыбарнай прамовы 13 ліпеня ў Пэнсыльваніі да беспрэцэдэнтнага рашэньня Байдэна адмовіцца ад далейшай гонкі, падкрэсьліваюць, наколькі складана прадказаць, як будзе разьвівацца гонка, сказала Джыл.

Першым выпрабаваньнем для Гарыс пасьля пэрыяду «мядовага месяца» стане тое, ці ўмее яна ўдала адказваць на жорсткія пытаньні СМІ пра парадак дня. Гарыс пакуль не давала СМІ жорсткіх інтэрвію з моманту зьяўленьня ў якасьці кандыдаткі ад Дэмакратычнай партыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэмакратычная партыя зацьвердзіла Камалу Гарыс кандыдаткай на пасаду прэзыдэнта ЗША

Гарыс і Трамп упершыню сустрэнуцца 10 верасьня ў жывым этэры тэлевізіі. Гэта падзея, якая можа мець такое ж значэньне для гонкі, як дэбаты 27 чэрвеня паміж Трампам і Байдэнам, якія для свайго часу вырашалі лёс заяўкі прэзыдэнта на перавыбраньне. Байдэн выглядаў кволым і разгубленым падчас абмену рэплікамі з Трампам, што ўзмацніла занепакоенасьць ягоным здароўем і падштурхнула высокіх сяброў Дэмакратычнай партыі заклікаць, каб ён адышоў у бок.

«Краіна стамілася ад палітычнай гразі і нэгатыву»

У цэлым Джыл ацэньвае, што Гарыс знаходзіцца ў добрым стане. Яна нясе аптымістычны погляд на будучыню краіне, якая стамілася ад палітычнага абліваньня гразьзю і нэгатыву. Да гэтага часу яна пасьпяхова парыравала абразы Трампа. Гарыс таксама больш дысцыплінаваная, калі гаварыць пра тэндэнцыю Трампа адхіляцца ад прагаворваньня праблемаў, якія турбуюць яго ў апошнія тыдні, кажуць экспэрты.

Кандыдат ад Дэмакратычнай партыі марудзіла з прадстаўленьнем сваёй палітычнай праграмы нацыі. На мінулым тыдні яна дала некаторыя моманты з сваёй эканамічнай праграмы. Яна выказалася пра паскарэньне будаўніцтва жыльля і абмежаваньне росту цэнаў на харовыя прадукты. Трамп і рэспубліканскія аналітыкі ўжо параўналі апошнюю прапанову Гарыс з савецкім кантролем за цэнамі.

Зьезд Дэмакратычнай партыі ЗША. Чыкага, 19 жніўня 2024

Джыл сказала, што з боку Гарыс было б разумна не паглыбляцца ў дэталі палітыкі. На дадзеным этапе гэта неабавязкова дапаможа ёй заваяваць маргінальнага выбарніка.

«Адна з рэчаў, якія даведалася каманда Камалы, палягае ў тым, што, падабаецца вам гэта ці не, многія з рашэньняў у прэзыдэнцкім галасаваньні — гэта настроі. Гэтак было з 1980-х, ці нават раней. Гэта, вядома, ня хісткія палітычныя рашэньні, якія прывялі ў Белы дом Трампа», — сказала яна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп у інтэрвію Ілану Маску заявіў, што спадзяецца «паладзіць» з Пуціным

«Трамп больш не загадка і больш не «кандыдат пераменаў»

Марк Пэтэрсан, прафэсар дзяржаўнай палітыкі ва Ўнівэрсытэце Каліфорніі Лос-Анджэлесе, сказаў Радыё Свабода, што тон кампаніі Гарыс — Уолза супадае з настроямі грамадзтва.

«Я думаю, ёй трэба працягваць гэтую атмасфэру аптымізму, радасьці, таго, што яна зьвяртаецца да пэрспэктывы новага пакаленьня», — сказаў ён.

Усплёск энтузіязму ў дачыненьні Гарыс збольшага вынікае з таго, што яна адносна новы палітык і маладая, сказаў Пэтэрсан. Сярод партыйцаў і грамадзкасьці ёсьць агульнае жаданьне «пайсьці разам за кімсьці, хто [адрозьніваецца] ад Трампа і не стары, у каго ёсьць пачуцьцё будучыні», — сказаў Пэтэрсан.

Джыл з гэтай тэзай згодная. Яна сказала, што Трамп больш не загадка і больш не «кандыдат пераменаў». Гэтае званьне належыць Гарыс, сказала навукоўца.

«Цяпер у гонцы толькі адзін стары хлопец», — сказала Джыл, маючы на ўвазе Трампа.

Камала Гарыс і Тым Уолз. Філядэльфія, 6 жніўня 2024

Кампанія Гарыс прыцягвае выбарнікаў, якія не былі зацікаўленыя галасаваць за Байдэна або Трампа — асабліва маладых жанчын — і новыя людзі напаўняюць кампанію энэргіяй, кажуць экспэрты.

Незалежныя апытаньні, праведзеныя за некалькі дзён да выбараў Дэмакратычнай нацыянальнай партыі 19–22 жніўня паказалі, што Гарыс абышла Трампа ў гіпатэтычным нацыянальным галасаваньні. У адным выбарнікі нават сказалі, што больш давяраюць Гарыс у пытаньнях «хлеба з маслам», эканомікі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн на зьезьдзе Дэмакратычнай партыі ЗША: «Мы ніколі ня схілімся перад Пуціным»

Разварот у кампаніі ашаламляльны ў сьвятле імпульсу, які атрымаў Трамп пасьля 13 ліпеня, калі быў зроблены замах на яго жыцьцё. Тады рэспубліканец дамінаваў у загалоўках амэрыканскай прэсы і выклікаў сымпатыю ў апытаньнях супраць Байдэна.

Аднак ён змарнаваў магчымасьць павысіць свае шанцы, выбраўшы варыянт аднавіць асабістыя нападкі на апанэнта, а не засяроджвацца на асноўных праблемах дзяржавы.

Больш за ўсё амэрыканцаў хвалюе інфляцыя, у тым ліку выдаткі на харчаваньне і жыльлё, а таксама нелегальная іміграцыя, усе яны ўзрасьлі пры Байдэне. Гарыс як віцэ-прэзыдэнтцы прыйдзецца адказваць за дзеяньні Байдэна.

Некаторыя ў лягеры Трампа ўпэўненыя, што прэтэндэнт ад Рэспубліканскай партыі можа вярнуць сабе ініцыятыву, калі СМІ пачнуць уважліва разглядаць Гарыс.

«Тое, што дэмакраты перабіраюць кандыдатаў, не мяняе незадаволенасьці амэрыканцаў эканомікай, інфляцыяй, злачыннасьцю, адкрытасьцю мяжы і коштам жыльля, ня кажучы ўжо пра занепакоенасьць дзьвюма замежнымі войнамі. Неўзабаве „мядовы месяц“ Гарыс скончыцца, і выбарнікі зноў засяродзяцца на яе ролі партнэра і другога пілёта Байдэна», — напісаў рэспубліканец Тоні Фабрыцыё ў запісцы да калег па партыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Штаб Трампа заявіў пра ўзлом сваіх кампутараў іранскімі хакерамі