Выбарчы штаб кандыдата ў прэзыдэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі Дональда Трампа сьцьвярджае, што ягоныя кампутары атакавалі іранскія хакеры. У выніку ў адкрытым доступе апынуліся сакрэтныя матэрыялы, паведамляе The Washington Post.
Гаворка ідзе пра публікацыю дакумэнта, які тычыцца выбару Джэя Ды Вэнса на пасаду кандыдата ў віцэ-прэзыдэнты ў выпадку перамогі Трампа і магчымых наступстваў гэтага кроку. Дакумэнт быў складзены на аснове агульнадаступнай інфармацыі, уключаючы рэпартажы і інтэрвію з сэнатарам у мінулым. Сапраўднасьць дакумэнта пацьвердзілі дзьве крыніцы выданьня Politico.
Паводле журналістаў, у руках у хакераў таксама могуць быць электронная перапіска штабу Трампа і дакумэнты, зьвязаныя зь ягонымі судовымі справамі.
Трамп у сваёй сацыяльнай сетцы Truth напісаў, што пра ўзлом аднаго з сайтаў штабу іранскімі праўрадавымі хакерамі яго праінфармавала кампанія Microsoft. Таксама ён заявіў, што хакеры «змаглі атрымаць толькі агульнадаступную інфармацыю».
Прадстаўнік Microsoft адмовіўся даць The Washington Post дадатковую інфармацыю.
Раней Microsoft паведаміў, што іранскія хакеры і боты актыўна дзейнічаюць супраць абодвух кандыдатаў у прэзыдэнты ЗША, каб распаліць у грамадзтве сацыяльную варажнечу, пасеяць хаос і дэстабілізаваць амэрыканскую палітычную сыстэму перад будучымі выбарамі.
У сталым прадстаўніцтве Ірану пры ААН у Нью-Ёрку агенцтву Reuters заявілі, што Тэгеран ня мае намераў ці матываў умешвацца ў амэрыканскія прэзыдэнцкія выбары.
- Падчас прэзыдэнцтва Трампа адносіны паміж ЗША і Іранам сур’ёзна абвастрыліся. Пасьля забойства амэрыканскімі вайскоўцамі камандуючага Корпусам вартавых ісламскай рэвалюцыі Касема Сулеймані ў студзені 2020 году Тэгеран паабяцаў адпомсьціць Злучаным Штатам.
- 13 ліпеня 2024 году на Трампа быў зьдзейсьнены замах. У былога прэзыдэнта на мітынгу ў Пэнсільваніі стрэліў 20-гадовы мясцовы жыхар Томас Мэцью Крукс. Яго застрэлілі супрацоўнікі Сакрэтнай службы, якая займаецца аховай першых асобаў ЗША. Трампу куля падрапала вуха.
- Пасьля замаху амэрыканскія СМІ паведамілі, што Вашынгтон атрымаў зьвесткі выведкі, якія сьведчаць пра змову Ірану з мэтай забойства Трампа. Крыніцы тэлеканала CNN казалі, што прыкметаў датычнасьці Крукса да імавернай змовы не было. Пры гэтым матывы Крукса дасюль не вядомыя.
Форум