У Міністэрстве абароны Расеі паведамілі, што ў ноч на 22 жніўня зьбілі 28 украінскіх баявых дронаў, у тым ліку 13 — над Валгаградзкай вобласьцю, сем — над Растоўскай, чатыры — над Белгарадзкай, два — над Варонескай і па адным — над Бранскай і Курскай.
У Валгаградзе затрымліваюць прыём самалётаў
Улады Валгаграду спынялі дзейнасьць аэрапорту пасьля ўкраінскай атакі дронамі на Калачоўскі раён у раёне Марынаўкі, дзе знаходзіцца вайсковы аэрадром.
«У выніку падзеньня БПЛА ўзьнік пажар на тэрыторыі аб’екту Міністэрства абароны. Пажарна-выратавальныя службы апэратыўна пачалі тушыць пажар. Ахвяр няма», — паведаміў губэрнатар Валгаградзкай вобласьці Андрэй Бачароў.
Расейскія СМІ паведамілі, што праз атаку бесьпілётнікамі некалькі самалётаў адправілі ў аэрапорты Масквы і Пермі.
Губэрнатар Бранскай вобласьці Аляксандар Багамаз заявіў аб спробе прарыву ўкраінскіх сіл праз мяжу ў Клімаўскім раёне рэгіёну. «У часе бою спробу прарыву адбілі сілы падразьдзелы ФСБ і Ўзброеных сіл Расеі», — паведаміў ён.
Паводле яго, цяпер «абстаноўка стабільная, яе кантралюе рэгіянальны Апэратыўны штаб».
Губэрнатар Мурманскай вобласьці Андрэй Чыбіс увечары 21 жніўня папярэдзіў жыхароў Мурманску аб пагрозе выкарыстаньня дронаў.
З прычыны імавернасьці атакі на пэўны час уводзілі абмежаваньні ў працы аэрапортаў Мурманску і Апацітаў.
Афіцыйныя інфармацыйныя крыніцы Ўкраіны пакуль не ўдакладняюць выніку атак расейскіх рэгіёнаў. 21 жніўня кіраўнік вайсковай выведкі Ўкраіны Кірыла Буданаў паведаміў аб выніковых атаках на Цэнтар радыётэхнічнай выведкі, аэрапорт пад Масквой і расейскую авіябазу ў Растоўскай вобласьці.
Украінцы ўмацоўваюцца ў Курскай вобласьці, а расейцы не адыходзяць з Данбасу
Увечары 21 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што апэрацыя ў Курскай вобласьці працягваецца. «Працягваецца наша баявая праца, робяцца крокі. Кантралюем вызначаныя раёны», — сказаў ён.
Паводле яго, сытуацыя на пакроўскай лініі фронту ў Данецкай вобласьці па-ранейшаму застаецца складанай. «Мы разумеем крокі ворага і ўзмацняемся. Правялі праверку забесьпячэньня снарадамі. Вельмі важна, каб партнэры рэальна выконвалі абавязаньні, у кожным пакеце, па ўсіх нашых дамоўленасьцях. Гэта фундамэнтальна для нашай абароны», — падкрэсьліў Уладзімір Зяленскі.
Украінская служба Радыё Свабода з спасылкай на брытанскае выданьне The Telegraph адзначыла, што, нягледзячы на апэрацыю ў Курскай вобласьці, у Данецкай вобласьці пакуль няма прыкметаў адыходу расейскіх войскаў. Іншаземныя СМІ пішуць, што апэрацыя ў Курскай вобласьці аслабіла ўкраінскую абарону на паўднёва-ўсходнім фронце і яна ўвогуле можа быць марнай, калі заходнія партнэры Ўкраіны не дазволяць выкарыстоўваць сваю зброю для ўдараў па тэрыторыі Расеі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.