«Этычны і маральны арыенцір». Экспэрты пра тое, калі варта публікаваць асабістыя зьвесткі чалавека, а калі — не

Беларускі пашпарт. Ілюстрацыйнае фота

Пры наяўнасьці базаў дадзеных ў актывістаў раз-пораз у СМІ зьяўляецца асабістая інфармацыя пра сілавікоў, чыноўнікаў ды проста звычайных людзей. Калі гэта мае сэнс, а калі — не.

Базы дадзеных з асабістымі зьвесткамі грамадзян Беларусі маюць як мінімум дзьве грамадзкія арганізацыі, якія дзейнічаюць за межамі Беларусі. Гэта суполка «Кібэрпартызанаў» і аб’яднаньне былых сілавікоў BelPol.

Інфармацыю ў іх запрошваюць беларускія незалежныя СМІ ў межах расьсьледаваньняў ды іншых публікацый. Нядаўна выданьне «Наша ніва» на падставе такіх дадзеных зрабіла матэрыял пра жанчыну, якую не назавеш ні палітыкам, ні актывісткай, ні чыноўніцай. Публікацыя, зробленая са спасылкай на «Кібэрпартызанаў», зьмяшчала асабістыя зьвесткі. Пасьля хвалі абурэньня рэдакцыя выдаліла матэрыял і папрасіла прабачэньня перад чытачамі.

Паводле прадстаўніцы «Кібэрпартызанаў» Юльяны Шаметавец, у іх існуюць правілы запытаў і перадачы інфармацыі. Згодна зь імі кожны запыт мусіць быць абгрунтаваны. Заяўнік мусіць патлумачыць, зь якой мэтай ён зьвяртаецца па дадзеныя.

Юльяна Шаметавец

«У пратаколе напісана, што зьяўляецца адчувальнымі дадзенымі. Паводле нашага пратаколу імя, дзень народжаньня і месца працы не зьяўляюцца адчувальнымі, бо гэтыя зьвесткі можна і так знайсьці з дапамогай сучасных інструмэнтаў», — патлумачыла ў размове са Свабодай прадстаўніца «Кібэрпартызанаў».

Па яе словах, у правілах узаемадзеяньня таксама падкрэсьліваецца, што супольнасьць не перадае адчувальных дадзеных грамадзян Беларусі, якія «яўна і даказана не зьяўляюцца пасобнікамі рэжымаў Лукашэнкі\Пуціна».

Гэта асабісты нумар, сэрыя пашпарта, апошні адрас прапіскі, паролі ды інш.

Прадстаўнік супольнасьці былых сілавікоў BelPol Уладзімер Жыгар расказаў Свабодзе, што яны не даюць зьвестак з базаў, калі гэта непублічныя, звычайныя людзі.

Уладзімер Жыгар

«Мы даём дадзеныя незалежным журналістам і іншым асобам, калі гаворка ідзе аб абгрунтаваным запыце, прадстаўніках рэжыму Лукашэнкі, калі інфармацыя неабходная ў мэтах дзяржаўнай бясьпекі тых ці іншых краін. Да нас, як правіла, ніколі не зьвяртаюцца проста праверыць нейкага чалавека без прычыны. У выпадку праверкі звычайнага чалавека мы не перадаём асабістых зьвестак, а толькі кажам, ёсьць да гэтага чалавека пытаньні ці іх няма», — патлумачыў Жыгар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мільён імёнаў арыштаваных. Зьявілася новая база зьвестак аб рэпрэсіях у Беларусі

«Звычайныя грамадзяне карыстаюцца большай абаронай»

Апублічваньне зьвестак зь дзяржаўных базаў зьвязана з сутыкненьнем некалькіх агульных правоў, лічыць экспэрт праваабарончай арганізацыі Human Constanta, які на ўмовах ананімнасьці выказаў Свабодзе сваю думку пра публікацыю асабістай інфармацыі.

«Павінен быць этычны, маральны і прававы арыенцір. Для праваабаронцаў — гэта канцэпцыя правоў чалавека, унівэрсальныя дакумэнты, пагадненьні і найлепшыя практыкі ў гэтай сфэры. Тут сутыкненьне некалькіх правоў: свабода выказваньня, права на інфармацыю і права на прыватнасьць. Грамадзтву даецца значная для яго інфармацыя, у якой беларуская дзяржава адмаўляе. Разам з тым яна можа зьмяшчаць прыватныя зьвесткі», — тлумачыць праваабаронца.

Ён прыводзіць прыклад, што эўрапейская практыка датычна свабоды выказваньняў падзяляе зьвесткі пра сэлебрыці, палітыкаў, грамадзкіх дзеячоў — і ўсіх астатніх. Інфармацыя пра вядомых асобаў ахоўваецца менш. Звычайныя грамадзяне карыстаюцца большай абаронай.

«Умоўна, ёсьць нейкае расьсьледаваньне пра „гаманцоў рэжыму“. Гэта прыватныя асобы, якія не займаюць пасадаў, але, магчыма атрымліваюць бонусы ад сваіх знаёмстваў з палітыкамі. Такая інфармацыя можа быць. Калі гаворка пра вядомых нам людзей, але яны не пазыцыянуюць сабе як публічныя асобы, інфармацыя пра іх не складае публічнага інтарэсу, а толькі падсілкоўвае цікаўнасьць публікі, тады яе ня варта публікаваць» — прыводзіць прыклад экспэрт.

У Беларусі абарона асабістых зьвестак прадугледжаная Крымінальным кодэксам. Артыкул 203-1 гучыць як «незаконныя дзеяньні ў адносінах да інфармацыі аб прыватным жыцьці і пэрсанальных дадзеных». Пакараньне за такія дзеяньні прадугледжвае да 2 гадоў зьняволеньня. І нават да 5 гадоў зьняволеньня, калі дзеяньні ўчыненыя супраць службовай асобы.

Пры гэтым у набліжаных да сілавікоў Беларусі тэлеграм-каналах публікуюцца асабістыя зьвесткі затрыманых за палітыку грамадзянаў. Пакуль невядома пра выпадкі, каб гэтая практыка мела якія-небудзь наступствы для адміністратараў праўладных мэдыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Даносы, масавыя звальненьні, адлічэньні з палітычных матываў: «Кібэрпартызаны» узламалі ўнутраную сетку БДУ