Інстаграм дызайнэра Цэсьлера прызналі «экстрэмісцкім»
23 жніўня суд Пухавіцкага раёну Менскай вобласьці прызнаў акаўнт дызайнэра Ўладзімера Цэсьлера ў Instagram «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Таксама ў абноўлены сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» трапілі акаўнты палітыкаў Валера Кавалеўскага і Валера Цапкалы ў X, тэлеграм-канал «Подвиг народа бессмертен», сайт agrolive.by, старонка ў фэйсбуку «Беларусы ва Ўкраіне», тэлеграм-чат «Беларусь Разам!» і іншыя, заўважыла «Медиазона».
Уладзімер Цэсьлер скончыў аддзяленьне дызайну Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытуту, жыў і працаваў у Менску. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ўвайшоў у склад Каардынацыйнай рады, пасьля чаго быў вымушаны пакінуць Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: HITLERKAPUTIN — выстава Ўладзімера Цэсьлера ў цэнтры Вільні. ФОТАЗаснавальніка клінікі «Новы зрок» будуць судзіць завочна паводле 9 артыкулаў
У Менскім гарадзкім судзе на 23 верасьня прызначылі разгляд крымінальнай справы супраць 55-гадовага заснавальніка клінікі «Новы зрок» Алега Каўрыгіна. Яго будуць судзіць завочна паводле дзевяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу.
Як піша «Вясна», сярод іх «заклікі да санкцый», «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» і «дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь».
Разам з Каўрыгіным паводле эканамічных артыкулаў будуць судзіць яшчэ чатырох чалавек — М. Баярчука, Тацяну Ярмольчык, А. Варашкевіча і А. Салаўёва. Пра гэта паведамляецца на сайце Вярхоўнага суду.
У Кобрыні за ўдзел у пратэстах затрымалі яшчэ аднаго чалавека
Гэта як мінімум дзясяты жыхар Кобрыня, якога затрымалі з пачатку году за ўдзел у пасьлявыбарчых акцыях пратэсту, піша «Вясна».
У сацыяльных сетках затрыманы падпісаны як Іван Літвін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 23 жніўня: за ўдзел у пратэстах затрымалі яшчэ дваіх жыхароў КобрыняЗатрымалі за данаты палку Каліноўскага і фонду BySol
На відэа затрыманы кажа, што раней працаваў у прадстаўніцтве «Вольва Груп БЛР» і што ў 2020 годзе два разы выходзіў на мітынгі, а таксама 10 разоў заданаціў праз PayPal палку Каліноўскага і фонду BySol, паведамляе «Вясна».
У якім статусе затрыманы і па якіх артыкулах яго абвінавачваюць, невядома.