Разарваць лягістыку і стварыць санітарную зону. У Кіеве вызначылі галоўную задачу апэрацыі ў Курскай вобласьці

Украіна хоча стварыць «санітарную зону», зь якой Расея ня зможа атакаваць Сумскую і Чарнігаўскую вобласьці. Ілюстрацыйнае фота

Міхайла Падаляк падкрэсьліў, што Ўкраіна ня мае плянаў акупацыі расейскай тэрыторыі і дэманструе іншы тып вайны, як рэглямэнтуе міжнароднае права.

Апэрацыя ўкраінскіх войскаў у Курскай вобласьці дазволіць стварыць «санітарную зону», зь якой Расея ня зможа атакаваць цывільнае насельніцтва і аб’екты інфраструктуры Сумскай і Чарнігаўскай абласьцей.

«Выцісканьне расейскіх, скажам так, сродкаў вядзеньня агню на глыбіню 100 кілямэтраў ужо дазволіць абараніць цывільнае насельніцтва ў памежжы Ўкраіны — у Чарнігаўскай, напрыклад, Сумскай і той жа Харкаўскай абласьцях, калі мы гаворым пра Курскую», — сказаў Міхайла Падаляк, дарадца Офісу прэзыдэнта Ўкраіны ў інтэрвію тэлеканалу «Настоящее время».

Паводле яго, яшчэ адна задача, якую вырашае ўкраінская апэрацыя на расейскай тэрыторыі, — гэта разрыў лягістыкі, зьнішчэньне складзкой і іншай вайсковай інфраструктуры, якую Расея стварыла ў памежных з Украінай раёнах і выкарыстоўвае для сваіх атак.

Міхайла Падаляк падкрэсьліў, што Ўкраіна ня мае плянаў акупацыі расейскай тэрыторыі і дэманструе іншы тып вайны, як рэглямэнтуе міжнароднае права.

«Расея разбурае населеныя пункты, Расея сапраўды ідзе на акупацыю, на захоп населеных пунктаў. Украіна ня мае намераў захопліваць населеныя пункты, ня мае намеру акупаваць гэтую тэрыторыю», — пацьвердзіў ён.

Паводле яго, Украіна стварае вайсковыя камэндатуры ў Курскай вобласьці для таго, каб наладзіць цэнтралізаваную гуманітарную дапамогу мясцоваму насельніцтву, паколькі з тых тэрыторый, якія знаходзяцца пад кантролем украінскіх сіл, выехаць у іншыя часткі Расеі немагчыма. Найперш вядзецца пра мэдыкамэнты, харч і пітную ваду.

Міхайла Падаляк адзначыў, што Расея блякуе стварэньне простага гуманітарнага калідору для эвакуацыі.

«З зоны вядзеньня баявых дзеяньняў, дзе знаходзяцца ўкраінскія сілы, выехаць на тэрыторыю, якую кантралююць Узброеныя сілы Расеі ў Курскай вобласьці, немагчыма. Дакладна тое самае адбывалася ў першыя месяцы вайны ва Ўкраіне, калі мы дамаўляліся: пасьля першых этапаў перамоў у Беларусі і ў Турэччыне была дамоўленась арганізаваць гуманітарныя калідоры, каб маглі эвакуавацца грамадзяне Ўкраіны з зоны вядзеньня баявых дзеяньняў. Расея тады гарантавала арганізацыю такіх калідораў, але, натуральна, іх блякавала», — нагадаў дарадца Офісу прэзыдэнта Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі: Украіна кантралюе 92 населеныя пункты ў Курскай вобласьці, «чырвоныя лініі» Пуціна — ілюзія

Расея плянуе вярнуць Курскую вобласьць да 1 кастрычніка

Украінскае выданьне РБК-Україна са спасылкай на свае крыніцы ў вайскова-палітычным кіраўніцтве Ўкраіны паведаміла, што расейскія войскі атрымалі загад ад Уладзіміра Пуціна да 1 кастрычніка вызваліць Курскую вобласьць. Пры гэтым ён патрабуе зрабіць гэта без перадысьлякацыі войскаў зь іншых кірункаў фронту ва Ўкраіне. Найперш йдзецца пра пакроўскі і тарэцкі кірункі, на якіх Расея ўзмацніла свае атакі і штурмы.

Яшчэ адной задачай «курскай апэрацыі» ва Ўкраіне назвалі жаданьне падняць баявы дух украінцаў, як вайскоўцаў, так і цывільных.

«Бо, па сутнасьці, з 2022 году нейкіх сапраўды вялікіх перамог у нашай арміі „на зямлі“ не было, тады як курскую апэрацыю шмат хто ўспрымае як вялікую перамогу. З гэтай задачай зьвязана і наступная мэта — паказаць Захаду, што Ўкраіна ў супрацьстаяньні з Расеяй можа ня толькі сядзець у абароне, але і наносіць адчувальныя ўдары ў адказ і нават часткова перахопліваць ініцыятыву», — адзначыла ўкраінскае выданьне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі паведамілі пра пашкоджаньне трэцяга моста ў Курскай вобласьці. Што гэта значыць для Ўкраіны

Украіна працягвае рух углыб Курскай вобласьці

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) зноў пацьвердзілі прасоўваньне ўкраінскіх войскаў углыб Курскай вобласьці. Але, паводле іх, тэмп крыху запаволіўся.

Увечары 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што ўкраінскія сілы кантралююць больш за 1250 квадратных кілямэтраў расейскай тэрыторыі і 92 населеныя пункты.

У справаздачы ISW за 19 жніўня таксама адзначаецца, што Расея намагаецца выкарыстаць украінскую апэрацыю ў Курскай вобласьці як падставу для адмовы ад любых мірных перамоў. Такім чынам экспэрты ацанілі выказваньне Юрыя Ўшакова, памочніка Ўладзіміра Пуціна, пра тое, што цяпер перамоўны працэс «абсалютна недарэчны», а далей ён будзе залежаць «ад сытуацыі на полі бою, у тым ліку ў Курскай вобласьці».

Тым часам кіраўнік Курскай вобласьці Аляксей Сьмірноў паведаміў, што нягледзечы на баявыя дзеяьні, 6-9 верасьня ў рэгіёне адбудуцца выбары губэрнатара. Датэрміновае галасаваньне пачнецца 28 жніўня. Як плянуюць арганізаваць выбары на падкантрольнай украінскім сілам тэрыторыі Курскай вобласьці, пакуль не ўдакладняюць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інстытут вывучэньня вайны: Расеі давядзецца перакінуць больш сіл, каб вярнуць сваю тэрыторыю ў Курскай вобласьці
  • Украіна пачала сваю апэрацыю ў Курскай вобласьці 6 жніўня. З 7 жніўня ў вобласьці абвясьцілі рэжым надзвычайнай сытуацыі фэдэральнага маштабу. З 9 жніўня ў рэгіёне і дзьвюх іншых сумежных з Украінай вобласьцях — Бранскай і Белгарадзкай — увялі рэжым контратэрарыстычнай апэрацыі. З 15 жніўня рэжым надзвычайнай сытуацыі фэдэральнага ўзроўню абвясьцілі ў суседняй Белгарадзкай вобласьці.
  • 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82.
  • Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне вайсковых камэндатур і арганізацыю перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны», і магчымае стварэньне вайсковых камэндатураў у паселішчах, якія кантралююць украінскія вайскоўцы.
  • Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW), прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі думку, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16–18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія рэзэрвы Пуціна. Ці абыдуцца пад Курскам бяз войскаў Лукашэнкі?

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.