Байдэн на зьезьдзе Дэмакратычнай партыі ЗША: «Мы ніколі ня схілімся перад Пуціным»

Джо Байдэн на Зьезьдзе Дэмакратычнай партыі ЗША

На Нацыянальнай канвэнцыі (зьезьдзе) дэмакратаў, якая адкрылася ў Чыкага, Байдэн падсумаваў сваю палітычную кар’еру і пажадаў посьпеху пераемніцы на пасадзе кандыдата ад партыі.

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн у час выступу на Нацыянальным зьезьдзе Дэмакратычнай партыі ў Чыкага 19 жніўня падкрэсьліў важнасьць лідэрства ЗША ў сьвеце і адзначыў унёсак сваёй адміністрацыі ў супрацьстаяньне Расеі і Кітаю.

«Мы ніколі ня схілімся перад Пуціным… Пуцін думаў, што захопіць Кіеў за тры дні. Праз тры гады Ўкраіна ўсё яшчэ свабодная», — падкрэсьліў Байдэн.

Пасьля 50 гадоў у палітыцы Байдэн перадае кіраўніцтва партыяй віцэ-прэзыдэнту ЗША Камале Гарыс. Удзельнікі нацыянальнага зьезду Дэмакратычнай партыі віталі прэзыдэнта ЗША стоячы і крычалі «Дзякуй!». Гарыс, у сваю чаргу, падзякавала Байдэну за доўгую працу.

У сваім звароце на зьездзе Байдэн таксама пералічыў прынцыпы сваёй палітыкі, у тым ліку абарону сярэдняй клясы, разьвіцьцё інфраструктуры і вытворчасьці мікрачыпаў, стварэньне працоўных месцаў, намаганьні ў зьніжэньні цэнаў на лекі, якія адпускаюцца з рэцэптам, і іншае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камала Гарыс выбрала кандыдата на пост віцэ-прэзыдэнта ЗША

Выказаўся Байдэн і адносна ўмацаваньня альянсаў.

«Я правёў амаль 190 гадзін з кіраўнікамі дзяржаў – партнэраў у Эўропе, каб умацаваць NATO. Мы зрабілі гэта, мы аб’ядналі Эўропу, чаго не рабілася гадамі, дадаўшы ў NATO Швэцыю і Фінляндыю».

Чакаецца, што на кангрэсе выступіць былы прэзыдэнт ЗША Барак Абама. Таксама выступіць экс-прэзыдэнт Біл Клінтан. Былая суперніца Дональда Трампа на выбарах Гілары Клінтан адзначыла ў сваім выступе, што Байдэн «вярнуў у Белы дом годнасьць і кампэтэнтнасьць», а таксама падзякавала прэзыдэнту за тое, што ён «прасоўвае дэмакратыю дома і за мяжою», піша «Голас Амэрыкі».

Удзельнікі кангрэсу раскрытыкавалі эканамічную палітыку Трампа, ягоную ролю ў штурме Капітолія, абмежаваньні права на аборты, а таксама супрацьпаставілі біяграфію Гарыс і Трампа. Гарыс, якая да сваёй палітычнай кар’еры была пракурорам, паходзіць зь сярэдняй клясы, што кантрастуе з паходжаньнем Трампа, які паходзіць з заможнай сям'і, якая займаецца нерухомасьцю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гарыс дамагаецца неадкладнага спыненьня вайны на Блізкім Усходзе, Трамп — ва Ўкраіне

Раней у панядзелак Трамп і кандыдат у віцэ-прэзыдэнты ад Дэмакратычнай партыі Дж. Д. Вэнс правялі сустрэчы з выбарнікамі ў Пэнсыльваніі, прысьвечаныя ў асноўным цэнам на харчовыя прадукты і энэрганосьбіты. Вэнс раскрытыкаваў плян Гарыс зьнізіць цэны на прадукты харчаваньня, заявіўшы, што ў яе была магчымасьць зрабіць гэта падчас прэзыдэнцтва Байдэна.

Увечары 21 жніўня Тым Вальц прадставіць сябе шырокай амэрыканскай грамадзкасьці ў якасьці кандыдата ў віцэ-прэзыдэнты.

У чацьвер, у апошні дзень зьезду, Камала Гарыс павінна выступіць і прыняць вылучэньне ў якасьці кандыдаткі ў прэзыдэнты ад Дэмакратычнай партыі.

Выбары прэзыдэнта ЗША прызначаныя на лістапад 2024 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаго чакаць беларусам, калі прэзыдэнтам ЗША абяруць кандыдата Дэмакратычнай партыі