Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаго чакаць беларусам, калі прэзыдэнтам ЗША абяруць кандыдата Дэмакратычнай партыі


Камала Гарыс
Камала Гарыс

Самы імаверны прагноз — наступны прэзыдэнт-дэмакрат будзе адносна Беларусі праводзіць палітыку свайго папярэдніка-аднапартыйца Джо Байдэна.

Сьцісла

  • Самы імаверны прагноз — наступны прэзыдэнт-дэмакрат будзе адносна Беларусі праводзіць палітыку свайго папярэдніка-аднапартыйца Джо Байдэна.
  • Байдэн з часоў выбарчай кампаніі 2020 году выступаў за жорсткі падыход да рэжыму Лукашэнкі, і адпаведную палітыку адміністрацыя Байдэна і ажыцьцяўляла.
  • Часткай гэтай палітыкі была падтрымка дэмакратычных сілаў Беларусі, што ўвасобілася ў сустрэчу Байдэна зь Ціханоўскай і ўсталяваньне стратэгічнага дыялёгу ЗША з дэмсіламі.
  • Палітыка адносна Беларусі наступнага прэзыдэнта-дэмакрата можа зьмяніцца толькі ў выніку кардынальных зьменаў у Беларусі, прычым як станоўчых, гэтак і адмоўных — ад вызваленьня ладнай часткі палітвязьняў да ўступленьня ў вайну беларускага войска.
  • Ня выключана, што прэзыдэнт-дэмакрат будзе вымушаны мяняць палітыку адносна вайны ва Ўкраіне, а гэта ўскосна закране і Беларусь.

Хутчэй за ўсё, намінацыю на кандыдата ў прэзыдэнты ЗША ад Дэмакратычнай партыі атрымае віцэ-прэзыдэнтка Камала Гарыс. Яе кандыдатуру прапанаваў прэзыдэнт Джо Байдэн, які абвясьціў, што сыходзіць з выбарчай гонкі. Многія патэнцыйныя кандыдаты-дэмакраты і ўплывовыя фігуры партыі выказаліся ў падтрымку Гарыс; паведамляецца, што яна заручылася галасамі большасьці дэлегатаў зьезду Дэмпартыі, які адбудзецца ў жніўні.

Аднак інтрыга пакуль захоўваецца. У праймэрыз Гарыс ня ўдзельнічала, ніводзін дэлегат зьезду не абавязаны галасаваць за яе, і тэарэтычна нечаканасьці з выбарам кандыдата магчымыя. Але яны выглядаюць усё ж малаімавернымі.

Варта паразважаць пра тое, якой будзе палітыка адносна Беларусі, калі на выбарах у лістападзе сёлета пераможа кандыдат Дэмакратычнай партыі — Гарыс ці нехта іншы.

Самая відавочная гіпотэза — што палітыка адносна Беларусі новага прэзыдэнта-дэмакрата будзе працягам беларускай палітыкі ягонага папярэдніка-аднапартыйца Джо Байдэна. І варта нагадаць, якой яна была і ёсьць.

Байдэн: «Я працягваю быць з народам Беларусі»

Яшчэ падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году кандыдат Джо Байдэн рэзка крытыкаваў несправядлівыя выбары ў Беларусі і гвалт сілавікоў Лукашэнкі супраць пратэстоўцаў. «Злучаныя Штаты павінны падтрымліваць заклік Сьвятланы Ціханоўскай да сумленных выбараў. Расеі трэба казаць, каб яна ня ўмешвалася — гаворка ідзе не пра геапалітыку, а пра права выбіраць сваіх лідэраў» — заявіў Байдэн 19 жніўня 2020 году.

Пры гэтым кандыдат-дэмакрат крытыкаваў дзейнага кіраўніка ЗША за недастаткова рашучую рэакцыю на падзеі ў Беларусі. Кажучы пра беларускіх пратэстоўцаў, Байдэн тады адзначаў: «Хоць прэзыдэнт Трамп адмаўляецца выступаць ад іх імя, я працягваю быць з народам Беларусі і падтрымліваю яго дэмакратычныя памкненьні».

Палітыка прэзыдэнта Байдэна цалкам адпавядала гэтым перадвыбарчым заявам. Падчас ягонага прэзыдэнцтва ЗША прынялі шмат пакетаў санкцыяў адносна Беларусі, у тым ліку і даволі адчувальных эканамічных. Апошні пакет быў уведзены сёлета ў чэрвені.

З пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну новыя санкцыі ЗША адносна Беларусі тычыліся пераважна спрыяньня гэтай агрэсіі з боку Лукашэнкі, але ня толькі. Да таго ж Вашынгтон не адмяняў папярэднія санкцыі, уведзеныя за парушэньні правоў чалавека і сфальсыфікаваныя выбары.

ЗША пры Байдэну шчыльна супрацоўнічалі з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. У ліпені 2021 году ў Белым доме адбылася сустрэча Джо Байдэна з дэмакратычнай лідэркай Беларусі Сьвятланай Ціханоўскай. У 2023 годзе ЗША ўсталявалі інстытуцыйную форму супрацы з дэмакратычнымі сіламі Беларусі — стратэгічны дыялёг. Звычайна Амэрыка ўсталёўвае такія стасункі з урадамі сувэрэнных дзяржаваў. Выключэньне, зробленае для беларускай апазыцыі, было паказальным.

Амбасадарка ЗША Джулія Фішэр, прызначаная яшчэ пры Трампу, не прыехала ў Беларусь. У 2021 годзе яе статус быў зьменены на статус спэцыяльнай пасланьніцы для Беларусі, які прадугледжваў, сярод іншага, і шчыльныя камунікацыі зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі.

На пачатку 2022 году Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША афіцыйна прыпыніў працу амбасады ў Беларусі. Разам з тым праца амэрыканскіх дыпляматаў па беларускім напрамку працягвалася. У прыватнасьці, дзякуючы ёй у верасьні 2022 году быў вызвалены палітвязень, журналіст Радыё Свабода Алег Грузьдзіловіч.

Ці будзе прэзыдэнт-дэмакрат працягваць палітыку Байдэна адносна Беларусі?

Прынамсі на першым часе, безумоўна, так. Гэтая палітыка распрацоўвалася ў Белым доме і праводзілася з удзелам віцэ-прэзыдэнткі Камалы Гарыс. Дэмакраты ў Палаце прадстаўнікоў і ў Сэнаце гэтую палітыку падтрымлівалі.

Як адзначалася ў аналітыцы, прысьвечанай магчымаму новаму прэзыдэнцтву Дональда Трампа, зьмена палітыкі ЗША адносна ня самых важных краінаў адбываецца павольна нават тады, калі прэзыдэнтам робіцца апанэнт папярэдняй адміністрацыі. Занадта вялікая інэрцыя дзяржаўнай машыны.

Але ў выпадку перамогі кандыдата ад Дэмакратычнай партыі відавочнага матыву мяняць папярэднюю палітыку і ня будзе, калі да гэтага не прымусяць новыя значныя падзеі.

Калі, напрыклад, Лукашэнка спыніць падтрымку Расеі ў вайне, спыніць рэпрэсіі, вызваліць заўважную частку палітвязьняў, або калі Беларусь выбухне новымі масавымі пратэстамі — у адказ памяняецца і палітыка Вашынгтону.

Яна памяняецца і ў выпадку пагаршэньня сытуацыі, калі, скажам, Беларусь уступіць у вайну сваім войскам, калі Расея ўчыніць новы напад на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі, калі Расея акупуе Беларусь — адказам на такія кардынальныя выклікі будзе і істотная зьмена палітыкі ЗША.

Калі такіх маштабных зьменаў сытуацыі ў Беларусі не адбудзецца, то ня будзе і імпульсаў для зьмены амэрыканскай палітыкі пры прэзыдэнту-дэмакрату. Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі ў 2025 годзе такім імпульсам ня будуць, нават калі ў іх ня будзе ўдзельнічаць Лукашэнка. А тым больш калі будзе. Колькі-небудзь свабодным народным волевыяўленьнем наступныя выбары, відавочна, ня будуць, Лукашэнка ў любым выпадку захавае кантроль над Беларусьсю. Калі сытуацыя ў Беларусі будзе прыкладна такой жа, як цяпер, у наступнага прэзыдэнта-дэмакрата проста ня будзе дастаткова моцнай матывацыі мяняць падыходы да Беларусі.

Ці скончыць вайну ва Ўкраіне прэзыдэнт-дэмакрат?

А вось на гэтае пытаньне адназначнага адказу няма. Цяперашняя палітыка прэзыдэнта Байдэна, лінія дэмакратычнай партыі — працяг і магчымае пашырэньне падтрымкі Ўкраіны. Пазыцыя Трампа ў гэтым пытаньні дакладна ня выказаная.

Але варта прыгадаць, што менавіта з прычыны пазыцыі кангрэсоўцаў-рэспубліканцаў амэрыканская дапамога летась і сёлета была замарожаная на паўгода. Многія палітыкі-рэспубліканцы і цяпер выступаюць супраць дапамогі Ўкраіне. Адзіны лідэр краіны ЭЗ, які сустракаецца з Трампам, — гэта вугорскі прэмʼер Віктар Орбан, які калі і не пярэчыць дапамозе Ўкраіне ў прынцыпе, то абстаўляе гэтую дапамогу шэрагам умоваў і абмежаваньняў.

Міжнародная палітыка рэдка аказвалася цэнтральнай, галоўнай тэмай прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША. Але ў той ступені, у якой яна будзе ўсё ж важнай у сёлетняй выбарчай кампаніі, гэта будзе сутыкненьне прынцыпова розных падыходаў: «Дапамагаць Украіне абараняцца» супраць «Дапамагаць менш, а лепш за ўсё найхутчэй дамагчыся міру».

Былы дзяржаўны сакратар ЗША Генры Кісынджэр у сваіх мэмуарах параўноўваў грамадзкую думку і настроі элітаў у ЗША падчас карэйскай і віетнамскай войнаў. Падчас карэйскай вайны пазыцыя прэзыдэнта Гары Трумэна была самая памяркоўная, ягоныя апанэнты выступалі за значна больш рашучыя мэтады вядзеньня вайны, ажно да выкарыстаньня ядзернай зброі.

Адносна вайны ў Віетнаме ў часы, калі Кісынджэр быў чальцом адміністрацыі, настроі былі адваротныя — самай рашучай (адносна) была пазыцыя Белага дому, апазыцыя займала больш лагодную пазыцыю, ажно да патрабаваньня імгненнага вываду амэрыканскіх войскаў з Паўднёвага Віетнаму без усялякіх умоваў. Вынікам такіх суадносінаў настрояў стаў кампрамісны мір. А далей Кангрэс адмовіўся падтрымліваць Паўднёвы Віетнам узброенымі сіламі і фінансамі, і Паўночны Віетнам захапіў усю краіну.

Гісторыя ніколі не паўтараецца дакладна. Але аналёгіі бываюць плённымі. Трамп на выбарах у любым выпадку набярэ вельмі шмат галасоў. Нават у выпадку паразы за яго прагаласуе амаль палова краіны. І прагаласуе ў тым ліку і за ягоную пазыцыю адносна вайны. І гэты чыньнік будзе ўплываць на палітыку прэзыдэнта-дэмакрата, падштурхоўваць да паразуменьня ў гэтым пытаньні з выбаршчыкамі Трампа.

Гэта не адназначны прагноз: прэзыдэнт-дэмакрат можа цьвёрда стаяць на пазыцыі падтрымкі Ўкраіны столькі, колькі спатрэбіцца. Але і хада вайны, і ціск расстаноўкі палітычных сілаў могуць падштурхнуць новага прэзыдэнта-дэмакрата да іншага падыходу да вайны.

Каго ў лістападзе амэрыканцы абяруць у Кангрэс?

Важным чыньнікам гэтага раўнаньня будзе і новы склад Палаты прадстаўнікоў і Сэнату. Адначасна з выбарамі прэзыдэнта 5 лістапада амэрыканцы будуць пераабіраць увесь склад ніжняй палаты Кангрэсу і траціну складу Сэнату. Калі дэмакраты перамогуць на гэтых парлямэнцкіх выбарах, то гіпатэтычны прэзыдэнт-дэмакрат зможа больш упэўнена працягваць ранейшую палітыку адносна вайны. Калі ж перамогу атрымаюць рэспубліканцы, то ранейшую палітыку прэзыдэнту-дэмакрату будзе праводзіць вельмі складана. Гэтае доўгае адступленьне насамрэч тычыцца і Беларусі.

Зьмена палітыкі адносна вайны нават прэзыдэнта-дэмакрата закране і Беларусь. Наступствы гэтага могуць быць розныя, некаторыя зь іх былі разгледжаныя ў аналітыцы, прысьвечанай пэрспэктывам беларускай палітыкі Трампа ў выпадку, калі ён стане прэзыдэнтам. Адрозьненьне толькі ў тым, што Трамп мае цьвёрды намер мяняць палітыку адносна вайны ва Ўкраіне; прэзыдэнт-дэмакрат можа аказацца вымушаным яе мяняць.

Аднак выглядае, што калі ў Беларусь не прыляцяць нейкія цалкам нечаканыя «чорныя лебедзі», то толькі зьмена палітыкі адносна вайны Расеі з Украінай можа прывесьці наступнага прэзыдэнта-дэмакрата да зьмены падыходаў да Беларусі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG