Зяленскі: Украіна кантралюе 92 населеныя пункты ў Курскай вобласьці, «чырвоныя лініі» Пуціна — ілюзія

Спадарожнікавы здымак разбуранага мосту праз раку Сейм каля населенага пункту Званнае, 18 жніўня 2024 году

Украінскія вайскоўцы кантралююць 92 населеныя пункты ў Курскай вобласьці РФ, заявіў 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

«Украінскія вайскоўцы працягваюць ахоўную апэрацыю ў пэўных раёнах Курскай вобласьці РФ. На сёньняшні дзень нашы сілы кантралююць больш за 1250 квадратных кілямэтраў тэрыторыі ворага і 92 населеныя пункты. Ідзе ўмацаваньне нашых пазыцыяў, стабілізацыя пэўных раёнаў і папаўненьне абменнага фонду», — сказаў Зяленскі на нарадзе кіраўнікоў замежных дыпляматычных установаў Украіны.

Паводле яго, гэтая апэрацыя стала «найбольшай інвэстыцыяй у працэс вызваленьня ўкраінцаў з расейскага палону», што зьяўляецца адной з мэтаў Украіны.

Прэзыдэнт Украіны мяркуе, што цяпер адбываецца надзвычай важная ідэалягічная зьмена, бо Курская апэрацыя, на ягоную думку, паказала «наіўнасьць і ілюзорнасьць» канцэпцыі так званых чырвоных ліній адносна Расеі, «якая панавала ў ацэнках вайны некаторымі партнэрамі».

«Калі нашы ўкраінскія абаронцы жыцьця дзейнічаюць менавіта так, моцна, адважна і калі апэрацыя сапраўды надзейна падрыхтаваная, Пуціну не застаецца нічога. І цяпер сьвет бачыць, што гэта так, што сапраўды спрацоўвае — ня толькі на часова акупаванай тэрыторыі нашай дзяржавы, але і на тэрыторыі самой Расеі. Сьвет бачыць, што ўсё ў гэтай вайне залежыць толькі ад сьмеласьці — сьмеласьці нашай, сьмеласьці партнэраў», — сказаў Зяленскі.

Таксама ён дадаў, што важна, каб партнэры на Захадзе былі сынхроннымі з Украінай «у гэтай рашучасьці, і тады ў Расеі не застанецца ніякага іншага кроку, акрамя справядлівага міру».

  • У Курскай вобласьці Расеі з 6 жніўня пасьля заходу ўкраінскіх вайскоўцаў на яе тэрыторыю працягваюцца баявыя дзеяньні. З 7 жніўня ў вобласьці абвясьцілі рэжым надзвычайнай сытуацыі фэдэральнага маштабу. З 9 жніўня ў рэгіёне і дзьвюх іншых сумежных з Украінай вобласьцях — Бранскай і Белгарадзкай — увялі рэжым контратэрарыстычнай апэрацыі. З 15 жніўня рэжым надзвычайнай сытуацыі фэдэральнага ўзроўню ўвялі ў суседняй Белгарадзкай вобласьці.
  • Галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандр Сырскі 15 жніўня паведамляў, што ўкраінскія вайскоўцы ўзялі пад кантроль 82 населеныя пункты ў Курскай вобласьці Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі паведамілі пра пашкоджаньне трэцяга моста ў Курскай вобласьці. Што гэта значыць для Ўкраіны
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інстытут вывучэньня вайны: Расеі давядзецца перакінуць больш сіл, каб вярнуць сваю тэрыторыю ў Курскай вобласьці

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.