У Беларусі ліквідуюць яшчэ тры дабрачынныя арганізацыі, у тым ліку фонд Эўфрасіньні Полацкай

Менскі гарадзкі суд, архіўнае ілюстрацыйнае фота

У Менскім гарадзкім судзе разгледзяць пазовы аб ліквідацыі некалькіх дабрачынных арганізацый.

30 жніўня Менскі гарадзкі суд разгледзіць пазоў Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі Міжнароднай грамадзкай дабрачыннай арганізацыі «Ад сэрца» (зарэгістраваная 3 чэрвеня 1996 году) і «Ад сэрца да сэрца» (2 ліпеня 1997 году).

У гэты ж дзень Менскі гарадзкі суд разгледзіць пазоў аб ліквідацыі Мясцовага дабрачыннага фонду імя Прападобнай Эўфрасіньні Полацкай. Яго падаў адзін з заснавальнікаў Сяргей Барташэвіч.

Фонд імя Прападобнай Эўфрасіньні Полацкай быў створаны ў 2014 годзе, яго заснавальнікамі, акрамя Барташэвіча, сталі Канстанцін Шавель і нафтавы алігарх Валеры Шумскі, які памёр у 2020 годзе.

Шумскі быў саўладальнікам расейскай «Юкола-нафты». Цяпер замежнае ўнітарнае прадпрыемства «Юколанафта» ў Беларусі знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі. СМІ паведамляюць, што ў Расеі ўжо некалькі гадоў сваякі Шумскага судзяцца за яго спадчыну.

У справаздачы фонду за 2023 год расейская кампанія была пералічана як афіліяваная зь ім.

З 2014 году арганізацыя правяла шэраг дабрачынных мерапрыемстваў. На працягу некалькіх гадоў менавіта гэтая арганізацыя займалася дастаўкай Жыватворнага агню ў Беларусь, дапамагала дзіцячым дамам-інтэрнатам.

У час пандэміі фонд і Менскі трактарны завод праводзілі акцыю «Дапаможам лекарам разам», у рамках якой мэдыкам чатырох сталічных лякарняў даставілі больш за 30 тысяч порцый гарачых абедаў.

У 2017 годзе фонд удзельнічаў у аплаце транспартных паслуг па перавозцы гуманітарнай дапамогі з Польшчы на тэрыторыю Данецкай і Луганскай абласьцей Украіны.

  • Паводле зьвестак праваабарончай арганізацыі Lawtrend, за пэрыяд пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і да канца ліпеня 2024 году ў Беларусі зьліквідавалі сама меней 1742 некамэрцыйныя арганізацыі (НКА) — аб’яднаньні, прафсаюзы, фонды, недзяржаўныя ўстановы і асацыяцыі.
  • Паводле інфармацыі праваабаронцаў, на канец ліпеня яшчэ сама меней 1086 НКА знаходзіліся ў працэсе прымусовай ліквідацыі.
  • Яшчэ мінімум 650 НКА на канец ліпеня прынялі рашэньне аб самастойнай ліквідацыі. Як адзначаюць праваабаронцы, рашэньне аб самаліквідацыі па-ранейшаму прымаецца пераважна з прычыны ціску на сяброў НКА, неспрыяльнага прававога асяродзьдзя і грамадзка-палітычнай сытуацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ліквідавалі Менскае роварнае таварыства. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі ліквідавалі сама меней 1742 НКА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Беларусі ліквідуюць яшчэ два аб’яднаньні мэдыкаў