Менскі гарадзкі суд ліквідаваў Менскае роварнае таварыства. Пра гэта грамадзкае аб’яднаньне расказала ў сваім акаўнце ў Інстаграме.
«У матэрыялах пад грыфам „для службовага карыстаньня“ не было канкрэтнай інфармацыі, што менавіта стала падставай», — адзначаецца ў паведамленьні.
Пра тое, што ўлады плянуюць ліквідаваць Менскае роварнае таварыства, стала вядома ў канцы ліпеня. Пазоў аб ліквідацыі «Менскага роварнага таварыства» падало галоўнае ўпраўленьне юстыцыі Менгарвыканкаму. Яго 6 жніўня разглядала судзьдзя Алена Шэмет, але вынікі суду сталі вядомыя толькі сёньня.
Як паведамілі раней у Менскім роварным таварыстве, у пазове Мін'юсту гаварылася, што сябры таварыства «рабілі палітычныя заявы, удзельнічалі ў палітычных акцыях і тэлеграм-каналах, забароненых у Беларусі», але канкрэтных фактаў, якія б пацьвярджалі гэта, у пазове не прывялі.
«Менскае роварнае таварыства» — вядомае абʼяднаньне, якое займалася разьвіцьцём і папулярызацыяй веларуху ў якасьці турызму і ровара як гарадзкога транспарту. Зарэгістраванае ў 2011 годзе. Паводле стану на 21 сакавіка 2023 году колькасьць сябраў таварыства складала 671 чалавек.
У сакавіку 2023 году намесьніку кіраўніка Менскага роварнага таварыства Максіму Пучынскаму прысудзілі 2,5 года «хатняй хіміі».
Lawtrend: З 2020 году ў Беларусі ліквідавалі сама меней 1742 некамэрцыйныя арганізацыі
Паводле зьвестак праваабарончай арганізацыі Lawtrend, за пэрыяд пасьля жніўня 2020 году і да канца ліпеня 2024-га ў Беларусі ліквідавалі сама меней 1742 некамэрцыйныя арганізацыі (НКА) — абʼяднаньні, прафсаюзы, фонды, недзяржаўныя ўстановы і асацыяцыі.
Паводле стану на канец ліпеня 2024 году 1086 некамэрцыйных арганізацый Беларусі знаходзілася ў працэсе прымусовай ліквідацыі, яшчэ 656 НКА самастойна прынялі рашэньне аб ліквідацыі (паводле праваабаронцаў, такія рашэньні прымаюцца перш за ўсё з прычыны ціску на сябраў і супрацоўнікаў НКА, неспрыяльнага прававога асяродзьдзя і агульнай грамадзка-палітычнай сытуацыі ў Беларусі).
Форум