Вайна зграямі дронаў: ва Ўкраіне павялічваюць выкарыстаньне БПЛА з штучным інтэлектам

Украінскі апэратар бесьпілётніка. Фота AP

Антыўтапічная будучыня, у якой зграі дронаў-забойцаў палююць на людзей, набліжаецца, але цалкам аўтаномныя дроны са штучным інтэлектам застаюцца няўлоўнай тэхналёгіяй, прынамсі на палях бітваў ва Ўкраіне, піша Эймас Чапл, журналіст Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.

«Праблема правільнай ідэнтыфікацыі варожых цэляў бесьпілётнікамі ўсё яшчэ застаецца», — кажа прадстаўнік Brave1, украінскай урадавай арганізацыі, якая займаецца распрацоўкай ваенных тэхналёгій.

Расейскае ўварваньне ва Ўкраіну спрыяла хуткаму разьвіцьцю тэхналёгій бесьпілётнікаў, якія дазволілі танным квадракоптэрам з бомбамі зьнішчаць цэлі на мільёны даляраў. Але ў гонцы ўзбраеньняў паміж бесьпілётнікамі і радыёперашкодамі, якія перарываюць сыгнал паміж дронам і яго апэратарам, гэтыя абарончыя захады, падобна, перамагаюць.

Супрацоўнікі кампаніі Swarmer рыхтуюць бесьпілётнік з штучным інтэлектам да палёту на тле нападу Расеі на Ўкраіну. Кіеўская вобласьць, Украіна, 27 чэрвеня 2024 году. Фота REUTERS

Вядома, што ўкраінскія апэратары штомесяц губляюць тысячы сваіх бесьпілётнікаў празь перашкоды, якія ствараюць расейскія сродкі радыёэлектроннай барацьбы. Нядаўняе выкарыстаньне Расеяй бесьпілётніка з правадным навядзеньнем сьведчыць пра тое, што расейскія сілы таксама змагаюцца зь пераадоленьнем сыстэм радыёэлектроннай барацьбы.

Некаторыя распрацоўнікі ва Ўкраіне сканцэнтраваліся на сыстэмах бесьпілётных лятальных апаратаў, якія дазваляюць аднаму апэратару кіраваць некалькімі ўзброенымі дронамі, але галоўны прыярытэт для ўкраінскіх распрацоўнікаў — «мінімізацыя ўзьдзеяньня радыёэлектроннай барацьбы».

«Дроны, абсталяваныя модулямі вызначэньня цэлі пры дапамозе штучнага інтэлекту, не патрабуюць падключэньня да апэратара падчас фазы ўзаемадзеяньня», — сказаў Радыё Свабода прэс-сакратар Brave1.

Паводле яго, «апэратар замыкаецца на цэлі, потым штучны інтэлект самастойна бярэ на сябе працэс вызначэньня цэлі і робіць яго неўспрымальным да перашкод радыёэлектроннай барацьбы праціўніка».

Такія паўаўтаномныя бесьпілётнікі могуць зьвесьці на нішто сыстэмы перашкод. Пасьля таго як сыстэма адсочваньня штучнага інтэлекту бярэ кіраваньне на сябе, бесьпілётнік можа адключаць уразьлівы радыёсыгнал з сваім апэратарам і ўхваляць «уласныя рашэньні».

Украінскі вайсковец Мікалай, 42 гады, спэцыяліст па стварэньні перашкод дывізіёна бесьпілётнікаў «Ахілес» 92-й дэсантна-штурмавой брыгады. Фота AFP


Праз тое, што візуальнае выяўленьне мае вырашальнае значэньне, бесьпілётнікам з штучным інтэлектам, імаверна, спатрэбіцца значна мадэрнізаваць сыстэмы камэр у параўнаньні з сучасным пакаленьнем дронаў-камікадзэ, якія выкарыстоўваюцца ва Ўкраіне і Расеі. Гэта прывядзе да дадатковых выдаткаў, якія зьніжаюць галоўную перавагу такіх дронаў: іх нізкую цану.

Акрамя таго, «усталяваньне модуля штучнага інтэлекту павялічвае кошт бесьпілётніка, ускладняючы працэс павелічэньня аб’ёмаў і масавай вытворчасьці, — сказаў прадстаўнік Brave1. — Асабліва гэта актуальна для Ўкраіны, якая ня мае бязьмежных рэсурсаў. Таму айчынныя вытворцы цяпер актыўна працуюць над тым, каб зрабіць больш таннай вытворчасьць такіх дронаў».

Здаецца, нават адносна простыя аўтаматызаваныя сыстэмы вызначэньня цэлі сутыкаюцца з праблемамі з расейскага боку. Нядаўнія відэазапісы паказваюць, што апэратары расейскіх дронаў-камікадзэ дэактывавалі праграмнае забесьпячэньне для адсочвання цэлі на карысьць ручнога кіраваньня, і патэнцыял катастрафічнай памылкі, асабліва ў цалкам аўтаномных бесьпілётных лятальных апаратах, здаецца непрыемнай перашкодай.

«Вытворцы гэтых бесьпілётнікаў часта сьцьвярджаюць, што тыя бясьпечныя, бо праграмнае забесьпячэньне можа добра адрозьніваць сваіх і цывільных асобаў. Але мы маем шмат канкрэтных сьведчаньняў з ЗША... і з вайны ва Ўкраіне, што гэта не заўсёды так», — сказаў Свабодзе Майкл Бойл, дацэнт Ратгерскага ўнівэрсытэту і аўтар кнігі пра барацьбу зь бесьпілётнікамі.

Функцыі адсочваньня былі даступныя цягам некалькіх гадоў у спажывецкіх квадракоптэрах, якія дазваляюць апэратару бесьпілётніка вызначыць аб’ект, напрыклад транспартны сродак, адным дотыкам пальца да экрана. Але сачыць з дапамогай бесьпілётніка за спартовым аўтамабілем значна менш патрабавальна, чым прыцэльвацца ім на замаскаваныя цэлі ў задымленай зоне баявых дзеяньняў.

Іншая небясьпека — узлом, сьцьвярджае Майкл Бойл.

«Калі праціўнік пачне прымушаць бесьпілётнікі біць па сваіх шляхам узлому або падробкі іх сыгналу, рызыка выкарыстаньня гэтых бесьпілётнікаў рэзка павялічыцца, і можа аказацца, што жаўнеры будуць значна менш ахвотна іх выкарыстоўваць», — кажа ён.

На вучэньнях NATO адпрацоўвалі працу дронаў у зграях. Галяндыя

Мяркуецца, што Кітай і ЗША, удалечыні ад палёў бітваў ва Ўкраіне, ствараюць арміі бесьпілётнікаў, якія, імаверна, адыграюць значную ролю ў любым будучым канфлікце.

Кітай дамінуе на сусьветным рынку бесьпілётнікаў, шмат у чым дзякуючы шэньчжэньскаму вытворцу DJI. З моманту запуску першага квадракоптэра ў 2013 годзе кампанія трывала апярэджвае канкурэнтаў як у характарыстыках, так і ў продажах. Сёньня DJI можа пахваліцца прыкладна 70 адсоткамі ўсяго сусьветнага рынку бесьпілётнікаў.

DJI адмаўляе сувязь з кітайскімі вайскоўцамі, але аналітыкі адзначаюць вялікія інвэстыцыі з Пэкіну як доказ таго, што аўтарытарная дзяржава можа мець дачыненьне да дзейнасьці шматмільярднай кампаніі.

Майкл Бойл кажа, што «відавочна», што Пэкін распрацоўвае «роевыя бесьпілётнікі, каб атакаваць марскія караблі і асьляпіць іх у патэнцыйным канфлікце вакол Тайваня».

Экспэрт па бесьпілётніках дадаў, што «ЗША пільна сочаць за выкарыстаньнем бесьпілётнікаў ва Ўкраіне і ўкладаюць шмат сродкаў у вытворчасьць невялікіх, танных і аднаразовых дронаў паводле праграмы Replicator. Яны лічаць, што ў будучыні войны будуць хуткімі, сьмяротнымі і ў іх будуць выступаць зграі малых бесьпілётнікаў», — перакананы Майкл Бойл.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне адбілі найбольшую за год атаку дронамі. На Данбасе расейскія войскі наступаюць «хвалямі»