Гэта была вяршыня грандыёзнай вулічнай актыўнасьці беларусаў напярэдадні і пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Аднак адзінай агульнапрынятай назвы гэтаму ўсяму няма. Пры тым што ў гістарычнай храналёгіі без такой назвы не абысьціся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Год таму па ўсёй Беларусі прайшлі грандыёзныя мітынгі прыхільнікаў пераменаў. Фота, відэаСьцісла:
- Беларускія пратэсты 2020 году пацярпелі фізычную паразу, але атрымалі мэтафізычную перамогу, бо распачатыя тады падзеі не завяршыліся.
- Асэнсаваць ці нават назваць тыя падзеі выразным тэрмінам цяжка празь іх пераважна стыхійны характар, калі ўсё кіравалася калектыўным несьвядомым.
- Беларуская нацыя паднялася на якасна іншы ўзровень самаўсьведамленьня і бачаньня сваёй будучыні — Новай Беларусі.
Кароткая хроніка падзеяў
Першыя тры дні, 9–11 жніўня, людзі выходзілі зь непасрэдным пратэстам супраць адкрытай фальсыфікацыі вынікаў выбараў і траплялі пад атакі ўзброеных служкаў рэжыму, адбыліся першыя забойствы, масавыя арышты і катаваньні пратэстоўцаў. Гвалт стаў дэтанатарам наступных маштабных падзеяў, за якімі сачыў увесь сьвет.
12 жніўня — у Менску на Камароўцы адбыўся першы жаночы „ланцуг салідарнасьці“, сьледам такія „ланцугі“ прайшлі па ўсёй краіне.
14 жніўня — першы масавы мірны марш.
Упершыню ў гісторыі масавая актыўнасьць людзей выяўляецца ня толькі ў сталіцы, але і па ўсёй Беларусі.
Зьмяніўся і характар актыўнасьці — з вострага супрацьстаяньня яна зьмяняецца на падкрэсьлена мірныя паводзіны людзей і набывае сапраўды масавы маштаб.
Маршы яшчэ называюць маршамі пратэсту, але дамінаваць пачынае не адмоўны, а сьцьвярджальны настрой. Беларусы ўсьвядомілі сябе беларусамі і што дэмакратыі яны могуць дамагчыся менавіта як беларусы. Фраза, якая вызначае водападзел: „амон б’е беларусаў“.
16 жніўня — апатэоз, самы масавы мірны марш у гісторыі Беларусі. На журналісцкіх стрымах удзельнікі прызнаюцца, што адчуваюць сябе шчасьлівымі.
Далей кожны тыдзень — грандыёзныя, больш як стотысячныя выступы па ўсёй краіне. Усяго іх, такіх маштабных, было пятнаццаць. У кожнага была свая адметная назва і тэма: „Марш новай Беларусі“, жаночы Гранд-марш салідарнасьці, які запачаткаваў суботнія жаночыя маршы, што працягваліся некалькі месяцаў, „Марш міру і незалежнасьці“ (той, дзе Лукашэнка бегаў з аўтаматам), „Марш адзінства“, маршы герояў, „Бліскучы марш“ жанчын у Менску, „Маршы справядлівасьці“, „Марш вызваленьня палітвязьняў“, „Маршы годнасьці“... Увесь гэты час кожны дзень праходзілі лякальныя акцыі — меншыя маршы і сходы ў дварах.
Хтосьці ж гэтыя назвы прыдумляў. Казалі пра тэлеграм-каналы, пра тое, што найбуйнейшы зь іх Nexta быццам бы вызначае час і маршрут, але стваральнік каналу Сьцяпан Пуціла ад выразнага і адназначнага адказу на пытаньне пра гэта ўхіліўся. Маўляў, генэральна кіравала працэсам стыхія: „Мы проста адлюстроўвалі гэтую волю народу“.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нам здавалася: сілавікі і чыноўнікі пяройдуць на бок народу», — кіраўнік NEXTA Сьцяпан ПуцілаНапэўна, стыхійным характарам выступаў тлумачыцца і тое, што мы ня ведаем больш-менш дакладнае колькасьці ўдзельнікаў. Розныя крыніцы называюць лічбы ад 300 тысяч да мільёна і болей.
Гістарычная значнасьць
Што ж было галоўным і вызначальным, рэальна значным для гісторыі? За першае месца ў вызначэньні сутнасьці падзеяў змагаюцца тры фактары: адзінства нацыі, умоўная параза дэмакратыі і рэжымны гвалт.
Сотні тысяч, а то й мільёны удзельнікаў і тых, хто ім спачуваў, засталіся ў перакананьні, што яны — пераможцы. Гэта галоўны плюс, бо гвалт быў як дэтанатарам падзеяў, так і змаганьнем з гэтай, хоць і скрадзенай, перамогай дэмакратыі на выбарах.
Што да ўмоўнай паразы дэмакратыі („ня трэба было выходзіць“), дык паказальным будзе параўнаньне з паўстаньнем Каліноўскага. Чаму ён, а не Мураўёў-вешальнік стаў ня толькі нацыянальным героем, але і героем культуры, натхняльнікам для наступных пакаленьняў? Такі вынік можна апісаць мэтафарай агню жыцьця, які гарыць або не гарыць як у чалавеку, так і ў нацыі. Вядома, мы хочам дасягнуць дэмакратыі, але і захаваць гэты агонь, які робіць нас жывымі. Каліноўскі, між іншым, перажыў Леніна, самага „вечна жывога“ да нядаўняга часу.
Можна казаць, што паўстаньне пацярпела фізычную паразу, але мэтафізычна яно перамагло, успыхваючы кожнага разу з новай сілай, як беларуская нацыянальная стыхія — з тымі самымі мэтамі. І так будзе працягвацца аж да фізычнага ўвасабленьня перамогі.
Агонь жыцьця
Гэты прыцягальны агонь запальваўся на мірных маршах 2020-га. Удзельнікі тых падзеяў і сёньня натхнёныя ім, бо біялягічнае жыцьцё ня мае гэтага агню і не натхняе. Валер Карбалевіч трапна назваў гэтую зьяву пасіянарным выбухам, а Натальля Васілевіч — ініцыяцыяй. Мы як бы памерлі тымі, якімі былі, і нарадзіліся іншымі, заўтрашнімі, для Новай Беларусі.
Тое, што адбылося зь беларусамі ў 2020-м, мела настолькі глыбінны характар, што назваць яго ў катэгорыях дэфініцыі пакуль не атрымліваецца. Маштаб падзеі нечаканы і ўражвальны для саміх удзельнікаў.
Нядаўна ў нашым доме адбылося здарэньне — у суседа спынілася сэрца. Яму зрабілі масаж, „запусьцілі матор“. Сусед ажыў. Гэтак і беларусы шмат гадоў гукалі „Жыве Беларусь!“, але цяпер зразумела, што іх саміх, каб яна ажыла, было недастаткова. І толькі 16 жніўня ўсёй нацыі стала зразумела, што яна жыве.
Між іншым, у 2020-м аўдыторыя Радыё Свабода і сацыяльных сетак словам году назвала „Жыве!“ Запалаў беларускі агонь жыцьця.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вольны хор» з нагоды чацьвёртых угодкаў масавых пратэстаў выпусьціў новы кліп пра Беларусь «Зорачкі». ВІДЭА„А хто там ідзе“
Што мы маем у выніку? Народныя масы ў такой колькасьці стыхійна ператварылі чысты пратэст супраць гвалту ў акцыю любові да саміх сябе. Такое бывала ў беларускай гісторыі. І гэта была мэтамарфоза народнага самавыяўленьня і адзінства, калі народ, літаральна паводле Канстытуцыі, заявіў пра сябе як адзіную крыніцу ўлады ў краіне, сказаў: мы ёсьць, нас нельга біць, з намі трэба размаўляць.
То бок гістарычнае значэньне ў тым, што пасіянарная стыхія ўчыніла рэвалюцыю народнага адзінства і замацавалася ў сваёй суб’ектнасьці, акрэсьліўшы выразны этап вяртаньня нацыі да самой сябе ў паходзе па дэмакратычныя перамены.
Агулам кажучы, усё зводзілася да патрабаваньня людзкіх адносінаў улады да чалавека. І ў гэтым сэнсе цалкам надаваўся лёзунг Вялікай францускай рэвалюцыі пра свабоду, роўнасьць і братэрства або афарыстычны радок народнага паэта Пімена Панчанкі „Без чалавечнасьці ня будзе вечнасьці“. Народ, для якога спрадвеку мэнтальна склаўся галоўны крытэр міжчалавечых дачыненьняў — абы па-людзку — у самай глыбіні душы ня страціў яго і выйшаў патрабаваць яго вяртаньня. Гэта была гуманістычная рэвалюцыя.
Удзельнікі маршу разьяжджаліся гарадзкім транспартам і ў перапоўненых трамваях учынялі імправізаваныя пераклічкі нібыта ад імя ўлады: „Дармаеды тут?“ — „Тут!“ — адказваў увесь трамвай. „П’яніцы, прастытуткі, адмарозкі тут?“ — „Тут!“ — гучала з вуснаў сьвяточна апранутых натхнёных людзей. Вось што гэта было і чаго захацелася ім усім — людзьмі звацца!
Купалаўскі верш „А хто там ідзе“, напісаны ў 1905 годзе і перакладзены больш чым на 100 моваў сьвету як галоўны верш-візытоўка беларускай нацыі, у 2020-м літаральна ўвасобіўся ў жыцьцё.
Гэта была беларуская рэвалюцыя — у нашай гісторыі ўнікальная назва, якая ні з чым іншым, як з гэтымі маршамі і датай 16 жніўня, не асацыюецца.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.