Былога старшыню габрэйскай абшчыны і дырэктара ТАА «Горадзенскае агенцтва нерухомасьці» Рамана Сьмірнова судзяць за абразу Аляксандра Лукашэнкі, піша Hrodna. life.
Судовае пасяджэньне па справе Сьмірнова прайшло 15 жніўня ў судзе Горадзенскага раёну. Прадпрымальніку пагражае да чатырох гадоў калёніі. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу «Публічная абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Працэс вядзе судзьдзя Станіслаў Пранько.
Санкцыі паводле інкрымінаванага Раману Сьмірнову артыкулу прадугледжваюць штраф, або папраўчыя працы на тэрмін да двух гадоў, або арышт, або абмежаваньне або пазбаўленьне волі да чатырох гадоў.
Рамана Смірнова затрымалі ў красавіку. Прычынай сталі камэнтары на адрас службовых асоб і Аляксандра Лукашэнкі. Прапагандысты напісалі, што ён нібыта адпраўляў дадзеныя ў Telegram-каналы «Беларусь галаўнога мозгу» і «Nexta», уступіў у «Плян «Перамога». У 2020-м Сьмірнова затрымлівалі за ўдзел у мітынгу. Раман пісаў, што ня будзе працаваць зь міліцыянтамі.
Раман Сьмірноў быў старшынём габрэйскай грамады прыкладна з 2020 году. Пасьля ягонага затрыманьня, піша Hrodna. life, стала зразумела, што Раман вернецца ня хутка, а старшыня быў патрэбны для вырашэньня адміністрацыйных пытаньняў. Рада грамады абрала новага старшыню.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу: затрымалі 2 жыхароў Камянца; гамельчука будуць судзіць за «вэрбаваньне для ўдзелу ў вайне» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу: асудзілі жонку лекара Бадамшына; будуць судзіць бацьку палітвязьня Мікіты Залатарова