Работніка прыватнага прадпрыемства ў Гомлі будуць судзіць за «вярбоўку для ўдзелу ў вайне»
У Гомельскім абласным судзе на 20 жніўня прызначаны пачатак працэсу па крымінальнай справе ў дачыненьні да Леаніда Козыра, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Мужчыну абвінавачваюць у «фінансаваньні дзейнасьці экстрэмісцкага фармаваньня» (арт. 361-2 Крымінальнага кодэксу) і «вэрбаваньні, навучаньні або падрыхтоўцы да ўдзелу ў вайне, а таксама матэрыяльным забесьпячэньні такой дзейнасьці» (ч. 2 арт. 361-3 КК).
Справу прызначылі весьці судзьдзю Аляксандра Піскунова.
Як высьветліў «Флагшток», Леаніду Козыру 42 гады, у яго вышэйшая адукацыя, яго апошняе месца працы — прыватнае прадпрыемства «Гомельстальстандарт».
Пра сутнасьць абвінавачаньня супраць мужчыны праваабаронцам пакуль нічога не вядома.
Айцішніка затрымалі за камэнтары пра прадстаўнікоў улады і вайну ва Ўкраіне
На «пакаяльным відэа» сілавікоў мужчыну прымусілі назваць свой вялікі заробак, а таксама сказаць, што ён нібыта пакідаў «нэгатыўныя камэнтары» пра прадстаўнікоў улады і іх прыхільнікаў, а таксама пра вайну ва Ўкраіне і расейскіх грамадзян.
Паводле інфармацыі выданьня «Медиазона», затрыманы — айцішнік Віталь Лазаровіч. На старонцы мужчыны ў linkedin указана, што ён працуе ў кампаніі Aetsoft на пазыцыі Front end Developer.
Паводле якога артыкула затрымалі менчука і дзе ён цяпер, невядома.
У Горадні за «дзяржаўную здраду» будуць судзіць поўнага цёзку экс-дырэктара шклозаводу «Нёман»
Паводле абвінавачаньня ў дзяржаўнай здрадзе будуць судзіць поўнага цёзку экс-дырэктара шклозаводу «Нёман» Ігара Бацяна. Інфармацыя пра гэта зьявілася ў раскладзе судовых пасяджэньняў.
Крымінальную справу пачнуць разглядаць 26 жніўня ў Горадзенскім абласным судзе. У чым канкрэтна абвінавачваюць Ігара Бацяна, невядома. Санкцыя артыкула прадугледжвае ад 7 да 15 гадоў пазбаўленьня волі.
Поўны цёзка абвінавачанага раней 12 гадоў узначальваў шклозавод «Нёман», але Радыё Свабода ня мае дакладнай інфармацыі, што на лаве падсудных апынуўся менавіта ён.
У 2014 годзе СМІ пісалі, што Ігар Бацян панясе «поўную матэрыяльную адказнасьць» за шкоду, прычыненую маёмасьці шклозаводу «Нёман» пры арганізацыі вытворчасьці шклаваты. Крэсла дырэктара шклозаводу Бацян пакінуў у 2017 годзе. Пасьля сыходу з прадпрыемства ён узначаліў аддзел дзіцяча-юнацкага хакею і разьвіцьця Беларускай фэдэрацыі хакею.
За ўдзел у пратэстах затрымалі двух жыхароў Камянца
Відэа зь імі зьявілася ў адным з праўладных тэлеграм-каналаў, блізкіх да сілавікоў. Адзін з затрыманых на «пакаяльным відэа» сілавікоў кажа, што «прытрымліваецца левых антыфашысцкіх поглядаў» і нібыта разам зь сябрам узяў удзел у пасьлявыбарчай акцыі пратэсту.
Пасьля сілавікі паведамілі і пра затрыманьне ягонага сябра, згаданага ў відэа. Сьцьвярджаецца, што мужчына ўдзельнічаў у пасьлявыбарчай акцыі пратэсту ў Берасьці 10 жніўня 2020 году.
Форум