У праекце «Сьведкі Лукашэнкі» палітык і адвакат Алесь Міхалевіч узгадвае прэзыдэнцкія выбары 2010 году, на якіх ён быў кандыдатам у прэзыдэнты і ў дзень выбараў трапіў за краты.
— Тады, напярэдадні выбараў, была і своеасаблівая лібэралізацыя, і нармалізацыя адносінаў з Захадам. Ці чакалі вы таго разгрому, які адбыўся на плошчы 19 сьнежня 2010 году?
— Я, безумоўна, гэтага не чакаў. Дакладней, я чакаў, што могуць пасадзіць людзей на суткі, але не чакаў, што будзе велізарная для таго часу крымінальная справа на 40 чалавек.
І трэба сказаць, што тое, што адбылося, было абсалютна не ў інтарэсах рэжыму, бо на той момант было поўнае прызнаньне Захадам. Выбары адбываліся напярэдадні Калядаў, калі большасьць амбасадараў былі ўжо на вакацыях у сваіх краінах. Калі б яны вярнуліся 5–7 студзеня і да таго часу ўсіх затрыманых павыпускалі б з «сутак», Лукашэнка захаваў бы ўсё супрацоўніцтва з Захадам.
І я ня мог зразумець, навошта гэта яму было патрэбна. Проста нейкія «псыхі».
Тады, дарэчы, у ізалятары я зразумеў, што я ня вельмі надаюся да беларускай палітыкі ў аўтарытарныя часы, бо я спрабую ўсе разьлічыць як шахматыст, прадбачыць розныя хады, з гледзішча інтарэсаў людзей.
А беларускую сытуацыю трэба разглядаць з псыхіятрам. У гэтым пляне вашая размова са Шчыгельскім, на жаль, можа даць нашмат больш тлумачэньняў, чым размова з такім чалавекам, як я, які зьяўляецца палітолягам і юрыстам.
Цалкам інтэрвію з Алесем Міхалевічам у праекце «Сьведкі Лукашэнкі» глядзіце тут:
«Сьведкі Лукашэнкі»
«Сьведкі Лукашэнкі» – сэрыя відэаінтэрвію зь людзьмі, якія паспрабуюць ацаніць тое, што і чаму адбылося ў Беларусі ў 1994 годзе і як зьмянілася беларускае грамадзтва за гэтыя 30 гадоў.
Сёлета спаўняецца 30 гадоў з моманту першых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Чаму тагачаснае беларускае грамадзтва выбрала Аляксандра Лукашэнку, ці магло ўсё скласьціся па-іншаму або менавіта такі вынік быў тады наканаваным? Які шлях прайшло беларускае грамадзтва за гэтыя 30 гадоў, ці вывучыла яно ўрокі гісторыі?
Гэтыя ды іншыя тэмы Віталь Цыганкоў абмяркоўвае з гасьцямі Свабоды ў праекце «Сьведкі Лукашэнкі».