На літоўска-беларускай мяжы затрымалі фуру з кантрабанднымі пазадарожнікамі. Іх схавалі за туалетнай паперай

10 жніўня ў літоўскім пункце пропуску «Меднікі» (зь беларускага боку «Каменны Лог») затрымалі фуру з кантрабанднымі пазадарожнікамі Toyota Land Cruiser, паведаміла прэс-служба літоўскай мытні.

Паведамляецца, што фура накіроўвалася ва Ўзбэкістан. Кіроўца фуры, грамадзянін Узбэкістану, заявіў, што перавозіць партыю туалетнай паперы вагой 720 кг.

Мытнікі адправілі фуру на рэнтген — выявілася, што за некалькімі шэрагамі туалетнай паперы ў паўпрычэпе былі схаваныя тры пазадарожнікі Toyota Land Cruiser. Кіроўца заявіў, што зьдзіўлены такой знаходцы і што нічога ня ведаў пра груз.

Мытнікі затрымалі кантрабандныя аўтамабілі агульным коштам 87 тысяч эўра і саму фуру.

Супрацоўнікі Віленскага аддзяленьня Крымінальнай мытні пачалі дасудовае расьсьледаваньне па факце кантрабанды.

Кіроўцу фуры пагражае штраф ці пазбаўленьне волі на тэрмін да васьмі гадоў. Пакуль яго адпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўскую кампанію аштрафавалі на 13,6 мільёна эўра за экспарт аўтамабіляў у Беларусь у абыход санкцыяў
  • У сакавіку 2022 году Эўразьвяз забараніў продаж прадметаў раскошы ў Расею або для выкарыстаньня ў Расеі. У пераліку забароненай прадукцыі, сярод іншага, аўтамабілі, даражэйшыя за 50 тысяч эўра, і запчасткі да іх.
  • Сёлета Польшча, Літва і Латвія перасталі прапускаць празь межы зь Беларусьсю люксавыя аўтамабілі, на гандаль якімі з Расеяй наклалі санкцыі. А ў канцы сакавіка, пасьля ўвядзеньня новых санкцыяў супраць Беларусі, Польшча, Латвія і Літва перасталі пускаць у Беларусь аўтамабілі на транзытных нумарах з аб’ёмам рухавіка больш за 1,9 літра коштам звыш 50 тысяч эўра.
  • Тым ня менш, некаторыя беларускія, расейскія і эўрапейскія кампаніі па-ранейшаму спрабуюць у абыход санкцыяў увозіць з Эўропы ў Расею празь Беларусь люксавыя, а таксама грузавыя аўтамабілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Cьляды паставак люксавых аўтамабіляў з Украіны ў Расею вядуць у Беларусь. Расьсьледаваньне БРЦ і «Схемаў»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Супольнасьць чыгуначнікаў Беларусі»: БЧ дапамагла ў абыход санкцыяў завезьці ў Расею 90 люксавых аўтамабіляў