Зарэгістраваную ў Літве кампанію, якая экспартуе аўтамабілі, аштрафавалі за абыход санкцыяў Эўразьвязу на 13,6 млн эўра. Акрамя гэтага, у яе канфіскавалі шэсьць паўпрычэпаў цягачоў, паведаміла 7 жніўня Мытная служба Літвы.
Літоўская кампанія пры зьдзяйсьненьні ўгодаў з кампаніямі, зарэгістраванымі ў Беларусі, Казахстане і Турэччыне, «не забясьпечыла выкананьня абмежаваньняў і абавязаньняў, устаноўленых міжнароднымі санкцыямі», якія прымяняе Літва, таму «перавозка затрыманых транспартных сродкаў была расцэненая як парушэньне міжнародных санкцыяў», гаворыцца ў паведамленьні літоўскай мытнай службы.
Пасьля ўвядзеньня ўзмоцненых мераў праверкі з боку літоўскай мытні гэта ўжо ня першы выпадак, калі Літва штрафуе кампаніі за парушэньне закону аб міжнародных санкцыях, адзначылі ў ведамстве.
- 29 чэрвеня Эўразьвяз прыняў новы пакет санкцыяў у дачыненьні да Беларусі. Гэта санкцыі за саўдзел Беларусі ў вайне Расеі супраць Украіны. Раней яны закраналі толькі арганізацыі, цяпер дзеяньне распаўсюдзілася на звычайных людзей. Сьпіс падсанкцыйных тавараў, забароненых для паставак з ЭЗ у Беларусь, зьмяшчае некалькі соцень пазыцыяў.
- У канцы сакавіка Польшча, Латвія і Літва перасталі пускаць у Беларусь аўтамабілі на транзытных нумарах з аб’ёмам рухавіка больш за 1,9 літра коштам звыш 50 тысяч эўра.
- У Польшчы з пачатку 2024 году мытныя і падатковыя органы распачалі 51 справу супраць кампаній, якія не выконваюць эўрапейскія і нацыянальныя санкцыі ў гандлі зь Беларусьсю і Расеяй. Па 37 зь іх ужо вынесьлі рашэньні, у тым ліку 24 — аб накладаньні штрафаў на агульную суму больш за 20,8 млн злотых (больш за 5,3 млн даляраў паводле бягучага курсу Нацбанку Польшчы). За абыход санкцыяў, у прыватнасьці за продаж у Расеі аўтамабіляў прэміюм-клясы, спагнаньні наклалі на шэсьць польскіх кампаній.
Форум