Навуковая супрацоўніца лябараторыі гідрабіялёгіі навукова-практычнага цэнтру па біярэсурсах Нацыянальнай акадэміі Беларусі Тацяна Ліпінская паведаміла, што ўпершыню рачных мэдуз выявілі ў Нёмане, Прыпяці і Дняпры ў 2018 годзе, а летась — у Заходняй Дзьвіне.
«Першыя знаходкі былі ў Берасьцейскім вясьлярным канале. Улетку, калі вада награваецца звыш 25 градусаў, мэдузы пачынаюць размнажацца, іх становіцца больш, і яны ўсплываюць на паверхню», — працытавала Тацяну Ліпінскую дзяржаўнае агенцтва БелТА.
У той жа час яна адзначыла, што мэдуза — чужародны від для Беларусі. Найбольш імаверна, паводле яе, што мэдузы трапілі ў беларускую прыроду з акварыюмнымі расьлінамі ці істотамі. Але ў Эўропе мэдузы ўжо даволі даўно і паўсюдна распаўсюджаныя. Ёсьць зьвесткі, што мэдуз на сваім апярэньні могуць пераносіць птушкі.
«Мэдузы могуць выклікаць алергічныя рэакцыі, асабліва калі іх шмат», — адзначыла кандыдатка біялягічных навук.
Паводле яе, трапічныя віды ва ўмовах пацяпленьня і зьменаў клімату вельмі добра адаптуюцца да новых умоў і ў далейшым могуць наносіць шкоду традыцыйным у Беларусі экасыстэмам. Але такіх дасьледаваньняў у Беларусі яшчэ не праводзілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь адмовілася ад Бэрнскай канвэнцыі. Што гэта значыць для экалёгіі краіны? ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Слуцкія паясы ў мэтро, беларускі «аднарог», новы заказьнік. Добрыя навіны тыдня