Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь адмовілася ад Бэрнскай канвэнцыі. Што гэта значыць для экалёгіі краіны?


Пасяджэньне краін-членаў Бэрнскай канвэнцыі, архіўнае фота
Пасяджэньне краін-членаў Бэрнскай канвэнцыі, архіўнае фота

Бэрнская канвэнцыя падпісаная ў 1979 годзе. Яна аб’яднала 50 дзяржаў-членаў, у тым ліку ўсе краіны Эўразьвязу.

Беларусь далучылася да канвэнцыі ў 2013 годзе. Тым самым рэспубліка ўзяла на сябе міжнароднае абавязацельства забясьпечыць ахову дзікай флёры і фаўны і іх асяродзьдзя пражываньня.

Аднак цяпер улады Беларусі вырашылі выйсьці з канвэнцыі.

Экалягічная арганізацыя «Экадом» папрасіла эколягаў падзяліцца сваімі думкамі і асьцярогамі наконт сытуацыі.

«Мы як быццам вяртаемся ў мінулае»

У канцы 2022 году прайшло 42-е пасяджэньне пастаяннага камітэту Канвэнцыі Рады Эўропы, дзе Камітэт міністраў Рады Эўропы з-за злачынстваў рэжыму Лукашэнкі прапанаваў зьнізіць удзел Беларусі і пазбавіць магчымасьці паўнапраўна ўдзельнічаць у міжнародных пагадненьнях. Рашэньне, уключаючы забарону абраньня беларускіх кандыдатаў на выбарчыя пасады ў органах Канвэнцыі, прынялі большасьцю галасоў. На знак пратэсту беларуская дэлегацыя пакінула залю паседжаньняў, а Беларусь — Бэрнскую канвэнцыю.

Гэта ня першы экалягічны дэмарш уладаў. У ліпені 2022 году Беларусь выйшла з Орхускай канвэнцыі аб доступе да інфармацыі, удзеле грамадзкасьці ў прыняцьці рашэньняў і доступе да правасудзьдзя ў пытаньнях, якія тычацца навакольнага асяродзьдзя. Некалькі месяцаў таму Беларусь абмежавалі ў асаблівых правах, калі яна ня стала аднаўляць рэгістрацыю «Экадому».

Бэрнская канвэнцыя — адна з самых старых канвэнцый у Эўропе. Яна дае магчымасьць захоўваць віды жывёл і расьлін, што апынуліся перад пагрозай зьнікненьня ў Эўропе, і прымаць узгодненыя захады для аховы дзікай прыроды ў кожнай краіне. Адмысловая ўвага надаецца мігруючым відам.

У Канвэнцыю таксама ўваходзіць праграма «Смарагдавая сетка», закліканая берагчы асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі. Рады Эўропы накіроўваў фінансы на выдзяленьне ахоўных тэрыторый у Беларусі, Украіне, Армэніі, Азэрбайджане, Грузіі. Гэта дазваляла актывізаваць стварэньне экалягічнай сеткі, якая будзе інтэграваная ў агульнаэўрапейскую для больш эфэктыўных дзеяньняў па ахове прыроды.

«Адна зь вельмі важных дамоўленасьцяў і пагадненьняў канвэнцыі — гэта мэтады і спосабы лоўлі і паляваньня, якія спрыялі зьніжэньню барбарскай здабычы жывёл, — гаворыць спэцыялістка аховы дзікай прыроды Крысьціна Сасноўская. — А зараз мы як быццам вяртаемся ў мінулае».

«Гэта дзіка, агідна і жахліва»

«Вядома, выхад з канвэнцыі — гэта дзіка, агідна і жудасна, бо Беларусь становіцца як нейкія дэграданты, — працягвае эколяг Сяргей Праляскоўскі. — Але ў будучыні мы можам у яе вярнуцца».

Хоць цяперашняе беларускае заканадаўства ня мае спасылак на Бэрнскую канвэнцыю (нягледзячы на ўказ Рады міністраў прывесьці законы ў адпаведнасьць), у рамках канвэнцыі можна было падаваць скаргі на парушэньне прыродаахоўнага заканадаўства, якія разглядаліся з розных пунктаў гледжаньня: грамадзкасьці, навуковага сьвету, прыродаахоўных арганізацый. І Рада Эўропы прымала дырэктывы, каб дзяржавы-ўдзельніцы прымалі захады па прадухіленьні парушэньня прыроднага заканадаўства.

«Напрыклад, у рамках Бэрнскай канвэнцыі мы маглі б узьнімаць пытаньне аб будаўніцтве плота ўздоўж мяжы з Польшчай (у тым ліку празь Белавескую пушчу), які зусім ня ўлічвае ніякія прыродаахоўныя мэты і задачы. Мы разумеем, для чаго і чаму гэтая сьцяна зьявілася. Але Рада Эўропы магла б даць рэкамэндацыі як па будаўніцтве, рэканструкцыі ці прывядзеньні ў адпаведнасьць пераходу для дзікіх жывёл, так і па ліквідацыі гэтай сьцяны ў будучыні. Цяпер у нас гэтага мэханізму практычна няма».

«Мяне турбуюць тэндэнцыі, якія намеціліся, ва ўзмацненьні эксплюатацыі прыродных рэсурсаў Беларусі»

«Па-першае, хачу адзначыць, што гэта наступствы той грамадзка-палітычнай сытуацыі, у якой апынулася Беларусь як мінімум пасьля 2020 году, — камэнтуе Інэса Балоціна, экалягіня і экаактывістка. — Канфрантацыя, якая існуе ў Рэспублікі Беларусь з краінамі Эўразьвязу, уплывае і на міжнародныя адносіны Беларусі ў галіне аховы прыроды і вырашэньня міжнародных экалягічных праблем. У 2022 годзе Беларусь выйшла з Орхускай канвэнцыі і спыніла большасьць праграм міжнароднага супрацоўніцтва, якія фінансуюцца эўрапейскімі арганізацыямі. Выхад з Бэрнскай канвэнцыі — працяг узятага дзяржавай кірунку ў галіне міжнароднай палітыкі».

Ахова прыроды і барацьба з экалягічнымі праблемамі ў сучасным сьвеце мае наддзяржаўны характар, адзначае Экадом. Напрыклад, захаваць асобна ўзяты від або экасыстэму ў агляднай будучыні ў сучасным сьвеце часта магчыма толькі прыклаўшы для гэтага міжнародныя намаганьні. Для прыроды няма межаў так, як гэта прымаюць дзяржавы. Для гэтага і ствараюцца рознага роду міжнародныя Канвэнцыі прыродаахоўнай скіраванасьці.

У Беларусі ёсьць і Нацыянальнае прыродаахоўнае заканадаўства. Менавіта яго эфэктыўнасьць для захаваньня прыроды ў кароткай пэрспэктыве мае значэньне найперш. За 10 гадоў, пакуль Беларусь была бокам Бэрнскай канвэнцыі, у Нацыянальнае заканадаўства ўнесьлі розныя папраўкі ў Закон «Аб асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях», «Аб ахове прыроды», аб ахове расьліннага і жывёльнага сьвету і іншыя, з улікам патрабаваньняў Бэрнскай канвэнцыі. Гэтыя нормы будуць працягваць дзейнічаць у Беларусі і пасьля выхаду з Бэрнскай і іншых міжнародных прыродаахоўных дамоваў.

«Бэрнская канвэнцыя гэта ўжо ня першая, і думаю, на жаль, не апошняя зь міжнародных прыродаахоўных дамоваў, якія будуць дэнансаваны ў Беларусі ў бліжэйшыя некалькі гадоў, — працягвае Балоціна. — Пасьля падзей жніўня 2020, а асабліва лютага 2022 году міжнародныя кантакты Беларусі, у тым ліку і ў галіне прыродааховы і экалёгіі, сталі абмяжоўвацца і зусім спыняцца ў шэрагу пытаньняў і тэм. Цяпер у грамадзкасьці Беларусі яшчэ менш магчымасьцяў уплываць на прыняцьце рашэньняў, якія закранаюць інтарэсы аховы прыроды ўнутры краіны».

Напрыклад, у 2019 годзе ў Сакратарыят Бэрнскай канвэнцыі некалькі НДА падалі скаргу наконт будаўніцтва дарог і пашырэньня іншай гаспадарчай дзейнасьці з парушэньнем заканадаўства на тэрыторыі рэспубліканскага заказьніку «Альманскія балоты». Рашэньні такога кшталту міжнародных структур носяць найчасьцей рэкамэндацыйны характар для ўраду краіны, дзе гэтыя парушэньні дапусьцілі. Але гэты мэханізм аказваў і маральны ўплыў, нёс пагрозы рэпутацыі.

«Цяпер нават такі ўплыў стане недаступным для прыродаахоўнай грамадзкасьці ў Беларусі. Гэта, вядома, дрэнна. У нас застаецца ўсё менш рычагоў уплыву на прыняцьце рашэньняў у галіне захаваньня прыроды Беларусі, хаця яны, вядома, яшчэ ёсьць, — кажа Інэса Балоціна. — Але мяне непакояць тэндэнцыі ва ўзмацненьні эксплюатацыі прыродных рэсурсаў Беларусі. Павялічыліся аб’ёмы высечак лесу, водаахоўнае заканадаўства зьмянілі на карысьць пашырэньня гаспадарчай дзейнасьці. Чарговы раз актыўна прасоўваюць прапанову па дазволе паляваньня на буйных драпежнікаў, якія зараз у Чырвонай кнізе Беларусі: мядзьведзя, рысь, барсука. Гэта недапушчальна».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG