Прадпрыемства «Гродна Азот» за апошні год у рамках стратэгіі дывэрсыфікацыі экспарту азотных угнаеньняў на траціну нарасьціла пастаўкі прадукцыі ў Расею. У выніку ўдалося заняць на суседнім рынку долю 10% у нішы ўгнаеньняў карбаміда-аміячнай сумесі.
Пра гэта парталу glavagronom.ru расказаў намесьнік генэральнага дырэктара ў камэрцыйных пытаньнях ААТ «Гродна Азот» Аляксей Страчэня.
Зараз больш за 2/3 сваёй прадукцыі завод пастаўляе на ўнутраны рынак. Аднак даводзіцца ўлічваць, што сельскагаспадарчыя прадпрыемствы Беларусі выбіраюць квоты на пастаўку мінэральных угнаеньняў з прадпрыемстваў канцэрну «Белнафтахім» і ААТ «Беларуськалій» усяго на 70%.
Таму трэба знаходзіць магчымасьці экспарту ў замежжа. І зараз прадпрыемства перавальвае ўгнаеньні праз 15 тэрміналаў Балтыйскага і Азоўскага мораў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінская кампанія ня можа вярнуць зь Беларусі вагоны, у якіх да вайны перавозілі беларускія ўгнаеньніПаколькі транспартнае плячо ў экспартных пастаўках у апошнія гады павялічылася ў 2–4 разы, прадпрыемства значна пашырыла ўласны аўтапарк. У прыватнасьці, удалося набыць 350 цыстэрнаў для вадкіх азотных угнаеньняў, 300 мінэралавозаў, 100 цыстэрнаў для аміяку.
Адмыслоўцы «Гродна Азоту» прагназуюць, што бліжэйшым часам экспарт азотных угнаеньняў будуць стрымліваць тры тэндэнцыі:
- рост цаны на газ,
- высокая загружанасьць расейскай чыгункі,
- рост чыгуначных тарыфаў.
Яшчэ ў 2022 годзе, як адзначыў Страчэня, Беларусі ўдалося пераарыентаваць болей за 40% экспарту азотных угнаеньняў на Расею.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэфіцыт кадраў, звышсакрэтнасьць і кнопачныя тэлефоны для супрацоўнікаў. Як жыве «Гродна Азот» пасьля пратэстаў і ўзломаў