60 гадоў таму на «Гродна Азоце» выпусьцілі першую прадукцыю. Пасьля ягоныя акцыі спрабавалі прадаць, праводзілі мадэрнізацыю і душылі пратэсты.
Цяперашні беларускі гігант хімічнай прамысловасьці «Гродна Азот» пачалі будаваць у 1960 годзе. Днём народзінаў прадпрыемства лічыцца 3 сьнежня 1963-га: тады на заводзе выпусьцілі першую партыю аміячнай салетры. У студзені 1965-га зьявіліся лініі вытворчасьці аміяку і карбаміду.
Прадпрыемства некалькі разоў пераймяноўвалі. Сьпярша гэта быў Беларускі азотна-тукавы завод, пасьля ў 1970-м Горадзенскі хімічны камбінат імя Прытыцкага, затым Горадзенскае вытворчае аб’яднаньне «Азот» імя Прытыцкага. Сваю цяперашнюю назву завод атрымаў толькі ў 2002 годзе.
У 1970-80-х адбываецца другая хваля адбудовы — узводзяцца буйнатанажныя цэхі для вытворчасьці аміяку і карбаміду. Паралельна расьце насельніцтва Горадні і Горадзенскай вобласьці. Завод становіцца найбуйнейшай эканамічнай адзінкай рэгіёну.
Калі ў 1965-м у Горадні жылі 98 тысяч чалавек, то ўжо ў 1980-м — 202 тысячы. А ў 2005-м — 317 тысяч.
У 2000-х прадпрыемства адкрыла новыя вытворчасьці. Тут пачалі вырабляць біядызэльнае паліва, вугальныя кіслоты і грануляваны карбамід. У 2008–2009 гадах на тэрыторыі заводу зьявіліся дзьве свае газатурбінныя электрастанцыі.
Спроба продажу акцый і мадэрнізацыя
У 2014 годзе ўлады спрабавалі прадаць частку акцый «Гродна Азоту» інвэстарам і такім чынам фінансава забясьпечыць мадэрнізацыю. Плянавалася прадаць 25% акцый за 414 мільёнаў даляраў. Паводле пляну, да 2025 году дзяржава пакідала за сабой першаснае права выкупіць гэтыя акцыі. А інвэстар мусіў прафінансаваць будаўніцтва новага азотнага комплексу з цэхам для вырабу аміяку.
Гэтыя пляны тады так і не рэалізаваліся. Цяпер абсалютная большасьць акцый заводу належыць дзяржаве.
У 2018 годзе Аляксандар Лукашэнка зноў загаварыў пра мадэрнізацыю на «Гродна Азоце». З гэтай нагоды правялі адмысловую нараду. «Глыбокая мадэрнізацыя» мелася абысьціся ў 400 мільёнаў даляраў. Пры гэтым часткова завод мусіў зрабіць яе за свае грошы, а ў крэдыт узяць 287 мільёнаў даляраў пад 6% гадавых.
Тады ж распрацавалі пляны мадэрнізацыі да 2025 году. У 2022-м мадэрнізацыя падаражэла да 800 мільёнаў даляраў. Такую суму называў гендырэктар заводу Ігар Ляшэнка на сустрэчы з расейскім амбасадарам Барысам Грызловым. Ён казаў таксама, што 95% абсталяваньня для мадэрнізацыі будзе расейскім.
Пратэсты на заводзе і звальненьні
У жніўні 2020 году супрацоўнікі «Гродна Азоту» далучыліся да пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў і гвалту з боку сілавікоў. Ужо 13 жніўня яны зладзілі марш, прайшлі тысячнай калёнай у цэнтар Горадні.
14 жніўня адбылася сустрэча азотаўцаў з кіраўніцтвам гораду. На ёй прысутнічалі некалькі тысяч чалавек.
Празь некалькі дзён пасьля яе каля тысячы работнікаў заявілі пра намер страйкаваць, кіраўніцтва заводу з гэтым не пагадзілася.
25 жніўня сілавікі затрымалі каля 30 супрацоўнікаў «Гродна Азоту» ў «межах адміністрацыйнага працэсу». Супраць людзей, якія прыйшлі да будынку міліцыі падтрымаць затрыманых азотаўцаў, прымянілі сьлезацечны газ і фізычную сілу. Некаторых таксама затрымалі.
26 кастрычніка 2020 году ў Беларусі абвяшчалі ўсеагульны страйк, да яго далучыліся некаторыя супрацоўнікі «Гродна Азоту». У той дзень раніцай каля прахадной сабраліся каля сотні чалавек, некаторыя адмаўляліся прымаць зьмену, некаторыя — здаваць. Тады супраць завадчан сілавікі прымянялі сілу, каля трох дзясяткаў чалавек затрымалі.
Тыя падзеі ўспамінае былы супрацоўнік «Гродна Азоту» Максім (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы)
«Быў запал нейкі. Шмат людзей падхапіла хваляй, нейкага глыбіннага разуменьня ці адказнасьці не было, некаторыя проста не зразумелі, што адбылося. Людзі, якія прабылі ў гэтай сыстэме… Гэта свой асаблівы космас. Шмат для каго гэта была проста інэрцыя. Да кастрычніка людзей ужо пачалі крыху душыць, нехта зьехаў, некага схапілі. Агульны страйк паставіў пытаньне: ты дзе, ты падтрымліваеш ці не? Тады шмат людзей раскрыліся для мяне. Мы былі зь імі ў розных сытуацыях, і тады стала зразумела, што гэта за людзі. Многія засталіся там, не прынялі для сябе рашэньня», — расказвае Максім.
Мужчына пайшоў у страйк, пасьля яго звольнілі, і ён быў вымушаны выехаць за мяжу.
«Я вельмі задаволены тым, што са мной сталася. Так, я застаўся бяз працы, хадзіў па тонкім лёдзе ў пляне рэпрэсій. Цяпер я жыву не ў Беларусі. Я працую там, дзе маю працу паважаюць, плацяць добры заробак. Ты бачыш, які сьвет. Пра страйк будзе напісана ў падручніку, а іншых унукі спытаюць, дзе яны былі», — расказвае былы супрацоўнік заводу.
У выніку з «Гродна Азоту» звольнілі самых палітычна актыўных супрацоўнікаў, усеагульнага страйку на прадпрыемстве не адбылося.
Чатырох былых завадчан «Гродна Азоту» летась асудзілі ў справе «Рабочага руху». Сяргей Шэлест атрымаў 14 гадоў калёніі, Уладзімер Жураўка — 15 гадоў, Андрэй Пагерыла — 14, Валянцін Цераневіч — 12. Усе яны далучыліся да страйку на прадпрыемстве ў 2020-м.
Лідэра незалежнага прафсаюзу «Гродна Азоту» Андрэя Ханевіча асудзілі на 5 гадоў калёніі нібыта за гутарку зь «Белсатам», падчас якой ён нібыта перадаў нейкія зьвесткі. Ханевіча затрымалі ў лістападзе 2022 году. Ён за кратамі паўтара года.
Сябру незалежнага прафсаюзу «Гродна Азоту» Максіму Сеніку прысудзілі 4 гады калёніі за «абразу Лукашэнкі» і тое, што нібыта перадаваў інфармацыю з прадпрыемства лідэру страйкаму «Азоту» за мяжу. Сеніка затрымалі ў студзені 2023 году. Ён за кратамі больш як год.
Стаматоляга-артапэда мэдыка-санітарнай часткі «Гродна Азоту» Аляксандра Дураева адправілі ў калёнію на 3 гады за абразу былога намесьніка міністра ўнутраных справаў Аляксандра Барсукова, «паклёп» на Лукашэнку, а таксама за незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да зброі.
Рабочага «Гродна Азоту» Аляксея Забірана асудзілі на 3 гады калёніі за «абразу прэзыдэнта», «абразу прадстаўніка ўлады» і «распальваньне варожасьці».
Лябарантцы хімічнага аналізу «Гродна Азоту» Вользе Белазёравай далі паўтара года «хатняй хіміі» за ўдзел у маршы пратэсту ў Горадні ў 2020 годзе.
Дакладная колькасьць азотаўцаў-палітвязьняў невядомая, іх можа быць больш за 9 чалавек. Дзясяткі супрацоўнікаў прайшлі праз адміністрацыйныя арышты.
Да санкцый і пасьля
У дакрызісным 2019 годзе чысты прыбытак «Гродна Азоту» быў 82,3 мільёна рублёў, або 33,6 мільёна даляраў паводле тагачаснага курсу Нацбанку. За той год завод экспартаваў азотных угнаеньняў на 186,7 мільёна даляраў.
Краіны ЭЗ купілі гэтага тавару на 88,5 мільёна даляраў, ва Ўкраіну азотных угнаеньняў тады прадалі на 66,7 мільёна. Аміяку тады ж экспартавалі на 2,7 мільёна даляраў, усё гэта ў краіны Эўразьвязу. Апошняя адкрытая дасяжная статыстыка прадпрыемства пра экспарт гэтых прадуктаў датуецца 2020 годам. Азотныя ўгнаеньні — 181 мільён даляраў, зь іх у краіны ЭЗ — 98 мільёнаў. Аміяк — 4,5 мільёна даляраў (на долю краін ЭЗ прыпадае 3,5 мільёна).
Вядома таксама, што ў 2020 годзе завод сышоў у мінус у чыстым прыбытку: 85 мільёнаў рублёў чыстых стратаў. А ў 2021-м, на фоне росту цэнаў на ўгнаеньні, чысты прыбытак заводу склаў 530 мільёнаў рублёў.
У сьнежні 2021 году завод трапіў пад санкцыі ЭЗ. ЗША ўзнавілі санкцыі супраць «Гродна Азоту» ў красавіку 2021 году. Раней, у 2017-м, яны прыпынілі іх дзеяньне. З гэтага часу прадукцыя прадпрыемства ня можа прадавацца ў краіны ЭЗ і ЗША. Аднак летась Беларускі расьсьледніцкі цэнтар паведамляў, што беларускія ўлады абыходзяць санкцыі. Гэта робіцца празь фірмы-пракладкі ва Ўзбэкістане і Сэрбіі. Паводле расьсьледнікаў, толькі за 6 месяцаў мінулага году «Гродна Азоту» ўдалося паставіць прадукцыі ў краіны ЭЗ на 3,7 мільёна эўра.
Прадукцыя, якую ў Беларусі робяць толькі на «Гродна Азоце», а гэта азотныя ўгнаеньні і карбамід, трапляе ў ЭЗ дагэтуль. Згодна з дадзенымі, якія Свабода атрымала ад Эўрастату, толькі за два першыя месяцы гэтага году Беларусь прадала ў Эўразьвяз карбаміду на 10,2 мільёна эўра. За ўвесь мінулы год — на 12,4 мільёна.
Паводле эканаміста Аляксея Харкевіча, беларускія ўгнаеньні для ЭЗ выгадныя, бо яны таньнейшыя, чым у іншых — праз танны расейскі газ, які выкарыстоўваецца на вытворчасьці.
«На „Гродна Азоце“ робяць важныя для сьвету сельскагаспадарчыя ўгнаеньні. Многія краіны ня могуць адмовіцца ад гэтага прадукту, бо для іх гэта харчовая бясьпека. Першапачаткова завод будавалі, бо поруч Балтыйскае мора і там праходзяць гандлёвыя шляхі. Мяркую, што санкцыі ў адносінах „Гродна Азоту“ не працуюць, бо яны ня выгадныя нікому. Альтэрнатыва ёсьць — купіць гэты прадукт у іншым месцы. Можна пабудаваць свой завод. Аднак беларускі прадукт адносна пасьпяховы на рынку, бо ён таньнейшы за кошт таннага расейскага газу для Беларусі. Пабудуй такі завод у Клайпедзе — і прадукт будзе ўжо даражэйшы», — мяркуе эканаміст.
Таксама вядома, што беларускія ўгнаеньні пастаўляюць у Бразылію. За мінулы год там купілі іх на 391 мільён даляраў. У асноўным гэта калій, але ў гэты разьдзел уваходзяць таксама і іншыя хімічныя ўгнаеньні.
Зараз няма хоць нейкай афіцыйнай інфармацыі па фінансавым стане прадпрыемства, геаграфіі і аб’ёмах актуальных паставак. Да санкцый ЭЗ супраць «Гродна Азоту» далучылася Швайцарыя, Альбанія, Ісьляндыя, Ліхтэнштэйн, Нарвэгія, Паўночная Македонія, Сэрбія, Чарнагорыя, а ў 2022 годзе — Японія і Ўкраіна.
Узлом «Кібэрпартызанаў» і звышсакрэтнасьць
17 красавіка «Кібэрпартызаны» заявілі, што правялі пасьпяховую кібэратаку на «Гродна Азот». Паводле іх, у выніку атакі была паралізаваная праца шэрагу сыстэм прадпрыемства. Хакеры запатрабавалі вызваліць палітвязьняў-азотаўцаў.
Да гэтай апэрацыі актывісты рыхтаваліся некалькі месяцаў, расказала Свабодзе прадстаўніца «Кібэрпартызанаў» Юльляна Шаметавец. Зь ейных словаў, «атака даволі моцная і магла паўплываць ня толькі на дакумэнты і сеткі, але і на вытворчасьць». Акцыя, паводле яе, не магла нашкодзіць бясьпецы людзей.
Як патлумачыла суразмоўца, «Кібэрпартызаны» праніклі ў самы ўнутраны контур сеткі, якая закранае кіраваньне вытворчасьцю. Па словах прадстаўніцы групоўкі, у гэтым контуры можна спыніць любы цэх, любую лінію вытворчасьці.
Трэцяга траўня «Кібэрпартызаны» заявілі пра другую атаку на прадпрыемства. Нібыта спрацавалі вірусы, якія раней яны пакінулі ў сыстэме.
Пасьля гэтага завод пачаў паглыбляцца ў яшчэ большую сакрэтнасьць. Зь ліпеня супрацоўнікам плянуюць забараніць карыстацца на працы смартфонамі з выхадам у інтэрнэт. Дазволяць толькі тэлефоны з магчымасьцю званіць і адпраўляць SMS.
Гэтую інфармацыю Свабодзе пацьвердзілі ў «Рабочым руху».
«Баяцца, што «Кібэрпартызаны» шмат усяго заразілі, нават тэлефоны работнікаў. Ужо на ваду дзьмухаюць пасьля малака. Сказалі, што будзе перавод усіх работнікаў на кнопачныя тэлефоны. У некаторых цэхах пра гэта ўжо сказалі вусна», — расказаў прадстаўнік «Рабочага руху».
Афіцыйная вэрсія кіраўніцтва — узлом адбыўся празь вірус, які прынесьлі на флэшцы, сьцьвярджае суразмоўца.
«Галоўная вэрсія: праз флэшку заразілі кампутар, і антывірус не спрацаваў. Кампутары ўручную фарматуюць і пераўсталёўваюць, службовую пошту бадай што ўсю страцілі. Калі „Кібэрпартызаны“ ім не расшыфруюць, то ня вернуць. Копіі рэзэрвовыя быццам бы вірус выдаліў. Ніхто ўвогуле нічога толкам ня кажа — „дзяржаўная таямніца“», — расказалі Свабодзе ў «Рабочым руху».
Прадстаўнік ініцыятывы дадаў, што «Кібэрпартызаны» зашыфравалі ўсё прафэсійна, каб не парушыць тэхнічных працэсаў і не адбылося надзвычайных здарэньняў. Працэсаў, якія адказваюць за вытворчасьць, хакеры не чапалі.
700 вакансій, загон у прафсаюзы
Згодна з агульнарэспубліканскім банкам вакансій, на прадпрыемства «Гродна Азот» сёньня шукаюць больш за 700 чалавек: ад апэратараў да начальнікаў цэхаў. Заробкі розныя. Лябаранту хімічнага аналізу прапануюць да 1200 рублёў, начальніку ўчастку — да 2000 рублёў, транспартавальніку — да 1000 рублёў.
Начальніку цэху гатовыя плаціць больш за 3000 рублёў.
«Трэба глядзець, хто там патрабуецца. Для некаторых вакансій, каб чалавек мог працаваць, трэба мець досьвед ад 3 да 5 гадоў. Усё залежыць ад канкрэтных вакансій. Лябаранта хімічнага аналізу ня возьмеш з вуліцы», — расказаў Свабодзе былы супрацоўнік заводу.
Са сваіх крыніц Свабода даведалася, што кадравая праблема на «Гродна Азоце» сапраўды існуе. У некаторых брыгадах не хапае да 50% работнікаў. Заробкі на прадпрыемстве з 2020 году ці не зьмяніліся, ці «павысіліся нязначна». Яны не пасьпяваюць за інфляцыяй.
Таксама існуе праблема афіцыйных прафсаюзаў. Людзей, якія адмаўляюцца туды ісьці, пазбаўляюць прэмій, а гэта істотныя грошы для супрацоўнікаў. І нават пры такой умове многія адмаўляюцца ўступаць у афіцыйныя прафсаюзы.
Форум