У «бязьлітасным» Сінвару, які ўзначаліў ХАМАС, Іран бачыць свайго чалавека — аналітыкі

Ях'я Сінвар

Ях’я Сінвар — меркаваны архітэктар крывавага нападу на Ізраіль 7 кастрычніка, нечакана прызначаны новым лідэрам тэрарыстычнай групоўкі ХАМАС, уключанай ЗША і ЭЗ у сьпіс забароненых, — мае шчыльныя сувязі з Іранам.

Прызначэньне Ях'і Сінвара 6 жніўня кіраўніком палітычнага бюро палестынскай групоўкі адбылося пасьля забойства яго папярэдніка Ісмаіла Ханіі ў Тэгеране 31 ліпеня, за што Іран і ХАМАС вінавацяць Ізраіль, піша на пачатку свайго тэксту, апублікаванага цэнтральнай службай Свабоды, Кіян Шарыфі.

Пасьля гібелі Ханіі, які меў добрыя адносіны з іранскім кіраўніцтвам, найбольш вядомымі асобамі, якіх можна было б разглядаць як ягоных магчымых пераемнікаў, былі Халед Мешааль, былы кіраўнік палітбюро ХАМАСу, і Халіл аль-Хая, вядомая фігура ў бюро, шчыльна зьвязаная з Ханіем.

Прызначэньне Сінвара, які з 2017 году ўзначальвае ХАМАС у Газе, стала вялікай нечаканасьцю, бо многія не ўлічылі чыньнік Ірану, адзначаюць аналітыкі.

«Ніхто з нас, спэцыялістаў у палестынскіх справах — асабліва тут, у Ізраілі — ня думаў пра Сінвара як пра чалавека, які заменіць Ханію», — сказаў Ёханан Царэф, старшы навуковы супрацоўнік Тэль-Авіўскага інстытуту вывучэньня нацыянальнай бясьпекі, які спэцыялізуецца на ізраільска-палестынскіх адносінах.

«Асноўная прычына таго, што Сінвар стаў лідэрам, — гэта Іран», — дадаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль рыхтуецца адбіць удар Ірану і «Хэзбалы», ЗША накіравалі ў рэгіён авіяносец і атамную падлодку

Сінвар быў прызначаны пасьля двухдзённых абмеркаваньняў у Катары Радай Шуры — кансультатыўным органам, які абірае палітбюро групы і мае прадстаўнікоў у Газе, на Заходнім беразе, у ізраільскіх турмах і палестынскай дыяспары.

Царэф сказаў, што крытыка Мешаалем у час Арабскай вясны 2011 году сырыйскага прэзыдэнта Башара Асада — блізкага хаўрусьніка Тэгерану — зрабіла яго вельмі непапулярнай фігурай сярод высокага кіраўніцтва Ірану. Царэф сьцьвярджае, што вяртаньне Мешааля да ўлады магло паставіць пад пагрозу адносіны палестынскай групоўкі з Ісламскай рэспублікай, і «[іранцы], магчыма, перасталі даваць ХАМАС усё неабходнае [для барацьбы з ізраільскімі сіламі]».

Але Сінвар, як паведамляецца, затрымаўся ў Газе, дзе ён хаваўся з пачатку вайны з Ізраілем у кастрычніку 2023 году. Абмежаваныя магчымасьці езьдзіць і камунікаваць са сьветам азначаюць, што Сінвар мала што можа зрабіць.

«Я не чакаю, што ён ці ХАМАС зблізяцца з Іранам. На дадзены момант адносіны, хутчэй за ўсё, застануцца ранейшымі», — сказаў Ёост Гільтэрман, дырэктар праграмы Блізкага Ўсходу і Паўночнай Афрыкі Міжнароднай крызіснай групы, якая базуецца ў Бэльгіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль заклікаў жыхароў горада на тэрыторыі сэктару Газа эвакуявацца ў сувязі з апэрацыяй супраць ХАМАС

Вядомы сваім прыхільнікам таксама як Абу Ібрагім, 61-гадовы Сінвар нарадзіўся ў лягеры бежанцаў Хан Юніс у Газе. Ягоныя бацькі, як і бацькі Ханіі, уцяклі з прыбярэжнага гораду Ашкелон у час араба-ізраільскай вайны 1948 году, якая прывяла да стварэньня дзяржавы Ізраіль — або таго, што палестынцы называюць «накба» (катастрофа).

Сінвар далучыўся да ХАМАСу неўзабаве пасьля яго ўтварэньня ў 1987 годзе. Ён заснаваў службу ўнутранай бясьпекі Аль-Маджд, галоўнай мэтай якой было шукаць у шэрагах арганізацыі ізраільскіх шпіёнаў. Ён займеў рэпутацыю прыхільніка гвалту і атрымаў мянушку «Мясьнік Хан Юнісу». Ізраільскія сілы схапілі Сінвара, ён быў асуджаны на некалькі пажыцьцёвых тэрмінаў за розныя злачынствы — у тым ліку за забойства двух ізраільскіх салдат — і больш за два дзесяцігодзьдзі правёў у турме.

У турме Сінвар вывучыў іўрыт, што, на думку Гільтэрмана, дазволіла яму зразумець матывацыю і стыль думак ізраільскіх палітыкаў. Якраз там, у вязьніцы, ён стаў аўтарытэтам сярод зьняволеных палестынскіх арабаў. Ён ладзіў страйкі, каб палепшыць для іх умовы працы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лідэр «Хезбалы»: Іран абавязаны адрэагаваць на забойства лідэра ХАМАС

Сінвара вызвалілі з турмы ў 2011 годзе ў рамках абмену, у выніку якога на волі апынуліся больш за 1000 палестынскіх зьняволеных у абмен на аднаго ізраільскага салдата, які ўтрымліваўся ХАМАСам. Неўзабаве пасьля вызваленьня Сінвар суправаджаў Ханію ў паездцы ў Тэгеран, дзе сустрэўся зь вярхоўным лідэрам аяталой Алі Хамэнэі.

Традыцыйна кіраўнік палітычнага бюро ХАМАСу знаходзіцца за мяжой, каб падарожнічаць і падтрымліваць кантакты з рэгіянальнымі хаўрусьнікамі, такімі як Іран і лібанская ісламская групоўка «Хезбала». Але Сінвар, пра якога дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен аднойчы пажартаваў, што ён «пахаваны на 10 паверхаў пад зямлёй» у Газе, ня можа пакінуць анкляў з прычыны вайны.

Ёханан Царэф адзначае, што, прызначаючы лідэра, які знаходзіцца ў Газе, ХАМАС «пасылае вельмі моцны сыгнал» як Ізраілю, так і арабскім дзяржавам, што «супраціў ХАМАСу не зламаны». Акрамя таго, Сінвар у цяперашніх умовах баёў у Газе сам разумее, што яму нявыгадна пакідаць гэтую тэрыторыю.

Для ЦАХАЛ ліквідацыя Сінвара застаецца прыярытэтам. Ізраільскія афіцэры заяўлялі пра такія пляны пасьля атакі 7 кастрычніка 2023 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расьсьледаваньне паказала, што 9 супрацоўнікаў ААН маглі мець дачыненьне да нападу на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 году