ЗША накіравалі падводную лодку, узбропеную крылатымі ракетамі, на Блізкі Усход на фоне росту напружанасьці ў рэгіёне піша ВВС.
Міністар абароны ЗША Лойд Осьцін таксама заявіў, што авіяносец, які ўжо накіроўваўся ў гэты раён, прыбудзе туды раней.
У заяве Пэнтагону гаворыцца, што па распараджэньні Осьціна ў рэгіён накіроўваецца атамная падводная лодка «Джорджыя», узброеная крылатымі ракетамі. Ударнай групе, якую ўзначальвае авіяносец «Аўраам Лінкальн», на борце якога знаходзяцца зьнішчальнікі F-35C, загадана паскорыць рух. Група ўжо знаходзілася ў дарозе, каб замяніць іншы амэрыканскі карабель у гэтым рэгіёне.
Гэты крок быў зроблены ў адказ на асьцярогі з нагоды магчымасьці разрастаньня блізкаўсходняга канфлікту пасьля нядаўняга забойства высокапастаўленых лідэраў «Хэзбалы» і ХАМАС.
Ён закліканы прадэманстраваць рашучасьць ЗША абараніць Ізраіль ад любога нападу з боку Ірану: як заявіў Осьцін, Вашынгтон распачне ўсе магчымыя крокі для абароны свайго саюзьніка.
Дзеяньні Ірану знаходзяцца пад пільным наглядам з мэтай зразумець, як і калі ён можа адказаць на забойства найвышэйшага палітычнага лідэра ХАМАС Ісмаіла Ханіі ў Тэгеране 31 ліпеня. Іран абвінаваціў Ізраіль у забойстве Ханіі на сваёй тэрыторыі і пакляўся пакараць габрэйскую дзяржаву. Ізраіль ніяк не камэнтаваў ліквідацыю Ханіі, але шмат хто лічыць, што за гэтым забойствам стаіць менавіта габрэйская дзяржава.
Што менавіта плянуе зрабіць Іран, пакуль незразумела.
Форум