Імя беларускага палітвязьня, журналіста і актывіста Саюзу палякаў Беларусі Анджэя Пачобута, асуджанага на 8 гадоў, не сыходзіць са стужак навінаў і загалоўкаў польскіх СМІ. У апошні месяц прыходзяць супярэчлівыя паведамленьні наконт умоваў вызваленьня ці абмену Пачобута. Расказваем больш пра чалавека, ад якога зараз залежаць адносіны паміж дзьвюма дзяржавамі.
«Ня хоча пакідаць Беларусь без магчымасьці вярнуцца»
Былы міністар-каардынатар спэцслужбаў Польшчы Марыюш Каміньскі паведаміў, што з афіцыйным Менскам ішлі закулісныя перамовы аб вызваленьні Анджэя Пачобута ў абмен на адкрыцьцё Варшавай памежнага пераходу ў Баброўніках. Паводле Каміньскага, умовай рэжыму ў Беларусі была выдача кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня Паўла Латушкі. На гэта польскія ўлады не пагадзіліся.
Канцылярыя прэзыдэнта Польшчы днямі заявіла, што журналіст і актывіст Саюзу палякаў Анджэй Пачобут «ня хоча пакідаць Беларусь без магчымасьці туды вярнуцца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канцылярыя прэзыдэнта Польшчы: Пачобут ня хоча пакідаць Беларусь без магчымасьці туды вярнуцца12 жніўня выданьне «Rzeczpospolita» паведаміла з спасылкай на кіраўніцу СПБ Анжаліку Борыс, якая сустракалася з палітвязьнем у красавіку, што Пачобут пагадзіўся пакінуць Беларусь у выпадку вызваленьня.
Дык пагаджаецца ці не пагаджаецца? Сябры і калегі Анджэя Пачобута перакананыя, што ён ніколі ня пойдзе на кампраміс з рэжымам, бо надзвычай прынцыповы, нязломны і нават упарты. І ніколі не пагодзіцца прызнаць віну ці пісаць прашэньне аб памілаваньні.
Сяброўка Анджэя, якая ў мэтах бясьпекі прасіла не называць яе імя, выказалася наконт такіх супярэчлівых паведамленьняў даволі рэзка.
«Мы ня чуем голасу самога Анджэя. То кажуць, што ён не згаджаецца, то, наадварот, ужо пагаджаецца, — гэта гавораць за яго. А мы ня чулі Анджэя ўжо тры гады. Сваякі ня маюць зь ім сувязі ўжо больш за год. Яго больш за год трымаюць у ПКТ („памяшканьні камэрнага тыпу“. — РС) ці ў ШЫЗА Наваполацкай калёніі фактычна ў рэжыме інкамунікада. Таму давайце не пераказваць чужых словаў», — абураецца суразмоўца.
«Гэта не нязломнасьць. Гэта адэкватнасьць»
З словаў сяброўкі Пачобута, яго нязломнасьць, прынцыповасьць і нават упартасьць вынікаюць з нармальнай чалавечай адэкватнасьці і цьвярозай ацэнкі сытуацыі.
«Гэта чалавек з добрай памяцьцю. Ня з памяцьцю рыбкі, як у многіх цяпер. Ён мае добры гістарычны і асабісты досьвед і разумее, куды падзеі могуць прывесьці. Гэта не нязломнасьць. Гэта адэкватнасьць.
У Анджэя вельмі высокі інтэлект, добрая адукацыя, веды і праўная сьвядомасьць, ён жа вучыўся на юрыста. Ён ніколі не пагодзіцца, каб яму „ўкручвалі“ ў мазгі непраўдападобную вэрсію падзеяў, пагатоў у якіх ён удзельнічаў, ён ня згодзіцца на падман самога сябе. Ён ніколі ня здрадзіць сваім прынцыпам», — перакананая суразмоўца.
Кіраўнік Беларускага дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк ведае Пачобута з канца 1990-х, яшчэ з «Маладога фронту», пастаянна кантактаваў зь ім больш за 20 гадоў. Ён сьцьвярджае, што Анджэй заўсёды быў прынцыповым.
«Пачобут — камень, крэмень! Тое, што ў яго нязломны, моцны і нават упарты характар, Анджэй прадэманстраваў, калі яго пасадзілі ў 2011 годзе нібыта за абразу Лукашэнкі. Яго прымушалі напісаць прашэньне аб памілаваньні, але ён не пагаджаўся. І не прызнаў сваёй віны. Тая няволя яго ўзмацніла ў маральным пляне. І ён тады перамог (суд апраўдаў Пачобута ў абвінавачаньнях у абразе Лукашэнкі, але прызнаў яго вінаватым у паклёпе і асудзіў на тры гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на два гады. Журналіста вызвалілі ў залі суду, за кратамі ён правёў тры месяцы. — РС). Гэта чалавек, які ніколі ня пойдзе на кампраміс», — перакананы Алесь Зарэмбюк.
На думку спадара Зарэмбюка, улады разумеюць, што Анджэя Пачобута давядзецца выпусціць. І што сам Анджэй просьбы аб памілаваньні пісаць ня будзе.
«Мяркую, адзіныя людзі, хто мог бы на Анджэя паўплываць, гэта жонка, ці бацькі, якія ўжо ва ўзросьце, ці сын-падлетак. Яны, магчыма, маглі б яго ўгаварыць. А не рэжым карцарам ці ШЫЗА.
Дапускаю, што ў межах нейкай амністыі ці па стане здароўя Лукашэнка яго можа выпусьціць, як вызваліў Рыгора Кастусёва.
Адзіная ўмова, якую Пачобут павінен выканаць, — што ён пакіне Беларусь і ня будзе, асабліва перад так званымі прэзыдэнцкімі выбарамі, баламуціць ім ваду. Бо яны гэтага вельмі і вельмі баяцца», — мяркуе Алесь Зарэмбюк.
Сям’я настаўнікаў, панк-гурт Deviation
Анджэй Пачобут нарадзіўся ў 1973 годзе ў сям’і настаўнікаў у мястэчку Вялікая Бераставіца. Маці Ванда Андрэеўна выкладала хімію, тата Станіслаў Ёсіпавіч — фізкультуру і працу. У сям’і Пачобутаў заўсёды размаўлялі па-польску. Да таго ж у Горадзенскай вобласьці тады можна было глядзець польскую тэлевізію, таму Анджэй добра ведаў польскую мову дзякуючы мультсэрыялам «Пчолка Мая» і «Лёлек і Болек».
У дзяцінстве і юнацтве Анджэй з братам Станіславам захапляліся шахматамі і музыкай. У 1990‑х яны заснавалі гурт Deviation, творчасьць якога мела выразную анархічную афарбоўку (да прыкладу, песьні «Забі мяне, мент», «Твой бацька фашыст», «Тэлепузік Лу-Лу»). Сьпявалі ў асноўным па-беларуску. Стас быў фронтмэнам, а Анджэй — бас-гітарыстам.
Права і журналістыка
У 1998 годзе Анджэй скончыў юрыдычны факультэт Горадзенскага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы. Цягам трох гадоў выкладаў права ў політэхнічным каледжы і недзяржаўным тэхнікуме права і бізнэсу.
З 2002 году цалкам зьмяніў сфэру дзейнасьці — стаў журналістам. Працаваў у горадзенскіх газэтах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», «Głos znad Niemna», быў карэспандэнтам «Народнай Волі», галоўным рэдактарам часопісу Саюзу палякаў «Magazyn Polski na uchodźstwie». З 2006 году Анджэй Пачобут — карэспандэнт польскай «Gazety Wyborczej» у Беларусі.
На пачатку 2000-х Пачобут стаў актыўным сябрам Саюзу палякаў Беларусі, кажа Алесь Зарэмбюк, які сябруе з Анджэем з тых часоў.
«Увесь час Анджэй Пачобут быў супраць гэтага рэжыму. Чалавек сьвядома з студэнцкіх часоў быў актывістам дэмакратычнага руху, потым ангажаваўся ў Саюз палякаў Беларусі.
Яго абурыла, калі ў 2005 годзе на VI зьезьдзе СПБ ўлады не прызналі выбараў новай кіраўніцы СПБ Анжалікі Борыс, а прызначылі старшынём праўладнага горадзенскага бізнэсоўцу Станіслава Сямашку. Радыкалізавала Анджэя тое, што Лукашэнка фактычна зьнішчыў СПБ. Улады забралі „Польскія дамы“ ў рэгіёнах. Дарэчы, яшчэ тады разьбірацца з сытуацыяй у Горадню прыяжджаў тагачасны і цяперашні прэм’ер Польшчы Дональд Туск», — узгадвае Алесь Зарэмбюк.
У студзені 2010 году Анджэй з сотняй мясцовых актывістаў абараняў «Польскі дом» у Івянцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Івянец: у Доме польскім адключылі сьвятлоЗакрыты суд у 2011-м
Пасьля асьвятленьня падзеяў Плошчы 2010 году Анджэй Пачобут атрымаў 15 дзён арышту, якія адбываў на Акрэсьціна. У сакавіку 2011 году горадзенская абласная пракуратура завяла на яго крымінальную справу за абразу (ч.1, арт. 368) і за паклёп на Лукашэнку (ч.1 арт. 367). Падставай сталі публікацыі журналіста ў польскай «Gazecie Wyborczej» і ў інтэрнэце — на сайце «Беларускага партызану» і ў «Жывым дзёньніку». У пастанове пракуратуры фігуравалі загалоўкі «Ў Беларусі выбары бяз выбару», «Кажыце мне „бацька“, „Лукашэнка: „Так, я сфальсыфікаваў выбары“», «Час закручваць гайкі», «Перадвыбарчы папулізм па-беларуску».
Пачобута зьмясьцілі ў СІЗА горадзенскай турмы № 1. Суд праходзіў у закрытым рэжыме, што канкрэтна інкрымінавалі Пачобуту, невядома. У пастанове пракуратуры сьцьвярджалася, што ў артыкулах «маюцца прыкметы публічнай зьнявагі прэзыдэнта». Адвакаты потым апавядалі, што Пачобут віны не прызнаў, ад апошняга слова адмовіўся.
Таксама адвакаты заявілі пра выкарыстаньне сілы супраць вязьня, яны заўважылі чырвоныя плямы на ягоным твары і шыі. Гвалт чынілі і над журналістамі, якія чакалі каля будынку суду. На руках у фотакарэспандэнта Сяргея Грыца засталіся сінякі — «людзі ў цывільным» спрабавалі вырваць у журналіста камэру.
Пачобуту прысудзілі 3 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на 2 гады. Журналіста апраўдалі па артыкуле «абраза прэзыдэнта», але прызналі вінаватым у паклёпе. Анджэя тады вызвалілі ў зале суду з падпіскай аб нявыезьдзе.
Летам 2012 году на яго заводзілі яшчэ адну крымінальную справу за паклёп на Лукашэнку, але яе даволі хутка закрылі з прычыны адсутнасьці складу злачынства. Сам Анджэй Пачобут лічыў, што яшчэ тады ўлады марылі выцісьнуць яго з краіны.
«Мне ад самага пачатку здавалася, што мэтаю гэтай крымінальнай справы было выпхнуць мяне зь Беларусі… Адкрыты працэс нельга зрабіць, бо гэта вельмі сьмешна было б, вельмі зьняважліва для ўлады. Бо тут татальная адсутнасьць доказаў, прыцягнутыя за вушы экспэрты, якія робяць абсалютна фантастычныя высновы з гэтых тэкстаў».
Закрыты пункт пропуску
Анджэя Пачобута зноў арыштавалі 25 сакавіка 2021 году. За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасьні 1939-га, які Пачобут назваў агрэсіяй, журналіста абвінавацілі ў «распальваньні варожасьці паводле нацыянальнай прыкметы». Таксама ў справе фігуравалі заявы Анджэя ў абарону польскай меншасьці ў Беларусі, артыкул аб пратэстах у 2020 годзе і нават тэкст 2006 году пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падпольля.
8 лютага 2023 году Пачобуту вынесьлі прысуд — 8 гадоў калёніі. Ён адбывае пакараньне ў наваполацкай калёніі № 1, якая славіцца вельмі жорсткім рэжымам. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, пісаць прашэньне аб памілаваньні Пачобут адмовіўся. Больш за год ад яго няма лістоў. Ад былых палітвязьняў, якія выходзяць на волю, вядома, што ў Анджэя праблемы са здароўем, але належнага лячэньня яму не даюць. Палітвязьня пастаянна трымаюць у «памяшканьні камэрнага тыпу».
Пасьля прысуду Пачобуту Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух пунктаў пропуску, якія яшчэ дзейнічалі, — Баброўнікі (зь беларускага боку Бераставіца). Польскія ўлады сьцьвярджаюць, што пастаянна дамагаюцца вызваленьня палітвязьня Пачобута.