XXXIII летнія Алімпійскія гульні прайшлі ў Парыжы з 26 ліпеня па 11 жніўня. Сьцяг Алімпійскага руху афіцыйна перадалі Лос-Анджэлесу (ЗША), які прыме гульні ў 2028-м. У цырымоніі закрыцьця прыняў удзел папулярны амэрыканскі актор Том Круз.
Беларусы, якія на Алімпіядзе ў Парыжы выступалі ў статусе нэўтральных атлетаў, здабылі чатыры мэдалі — залаты, два срэбныя і бронзавы. Статыстычна гэта найгоршы паказьнік за ўсю гісторыю незалежнага беларускага спорту, аднак варта ўлічыць, што на Гульнях было толькі 17 беларусаў, амаль у 10 разоў меней, чым да санкцыяў.
Золата заваяваў батутыст Іван Літвіновіч, для якога гэта ўжо другая залатая алімпійская ўзнагарода. Срэбра здабылі вясьляр Яўген Залаты і батутыстка Віялета Бардзілоўская. Масяжовы мэдаль — у штангіста Яўгена Ціханцова.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларус стаў залатым прызёрам Алімпіяды ў ПарыжыНайгоршы вынік беларусаў, калі ім было дазволена выступаць пад дзяржаўным сьцягам, зафіксаваны ў 2021-м на Алімпіядзе ў Токіё. Тады спартоўцы ўзялі толькі 7 узнагародаў, сярод іх адно золата і па тры другія і трэція месцы.
У мэдалёвым заліку перамагла каманда ЗША — 126 узнагародаў (40/44/42), далей ідуць Кітай — 91 (40/27/24) і Японія — 45 (20/12/13). У гэтым заліку залаты мэдаль мае большую вагу, таму японцы апярэдзілі, напрыклад, каманду Аўстраліі, што ўзяла больш мэдалёў — 53, але засталася на 4-м радку празь меншую колькасьць першых месцаў.
Калі б Беларусь выступала ня ў якасьці каманды «нэўтральных атлетаў», а як самастойная дэлегацыя, яна заняла б 50-е месца ў мэдалёвым заліку разам з Партугаліяй.
Беларусь пазбавілі права выступаць пад дзяржаўным сьцягам (чырвона-зялёным) і гімнам праз саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў расейскай вайне супраць Украіны. Доўгі час наагул не было зразумела, ці выступяць беларускія атлеты хаця б у нэўтральным статусе. Дзяржаўная беларуская тэлевізія паказвала гульні пераважна ў чорным сьвятле.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прыніжаныя і адрынутыя. Алімпіяда, якая паказала сапраўднае стаўленьне сьвету да дыктатур Лукашэнкі і Пуціна ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сэлфі карэйцаў, пабіты конь, баскетбол пасьля турмы. Нечаканасьці і скандалы Алімпіяды ў Парыжы