У затрыманых 26 ліпеня грамадзян Латвіі ня выяўлена «наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў, іх аналягаў і прэкурсораў, якія падлягаюць дзяржаўнаму кантролю ў Рэспубліцы Беларусь», заявіў у праграме «Галоўны этэр» на тэлеканале «Беларусь 1» намесьнік начальніка ўпраўленьня спэцыяльных экспэртыз упраўленьня дзяржаўнага камітэту судовых экспэртыз у Віцебскай вобласьці Юры Казлоў.
Затрыманых, якія спачатку былі ў ізалятары часовага ўтрыманьня, а потым у адным з гатэляў пад падпіскай аб нявыезьдзе, вызвалілі, яны ўжо вярнуліся на радзіму. Выпадак з латышамі выкарыстаў для сваёй прапаганды Аляксандар Лукашэнка, які згадаў выпадак у час сваёй паездкі ў Прудок на Мазыршчыне.
Пра затрыманьне ў Беларусі чацьвярых маладзёнаў з Латвіі, у машыне якіх была нібыта знойдзена марыхуана, паведаміў 29 ліпеня партал Delfi са спасылкай на агенцтва LETA.
У сувязі з інцыдэнтам МЗС Латвіі паўтарыў настойлівую рэкамэндацыю для сваіх грамадзянаў устрымацца ад паездак у Беларусь.
На думку ведамства, падарожнікі могуць натрапіць на правакацыі беларускіх спэцслужбаў, быць ілжыва абвінавачанымі ў парушэньні беларускага заканадаўства і арыштаваныя. Магчымасьці Латвіі па аказаньні дапамогі такім людзям «вельмі абмежаваныя», гаварылася ў звароце МЗС.
Міністэрства таксама заклікала не зьдзяйсьняць паездак у Расею.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі затрымалі чацьвярых маладзёнаў з Латвіі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра затрыманых грамадзянаў Латвіі: «Прыяжджайце да нас — мы вам тут сто грам нальём, але без наркотыкаў»