Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі затрымалі чацьвярых маладзёнаў з Латвіі


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

У Беларусі затрыманыя чацьвёра маладых людзей з Латвіі, паведамілі агенцтву LETA ў Міністэрстве замежных спраў Латвіі.

Пра гэта піша партал Delfi.

У МЗС паведамілі, што патэлефанавалі сваякі маладых людзей і паведамілі аб затрыманьні. Інфармацыя ад афіцыйных уладаў зараз удакладняецца.

Згодна зь відэа, разьмешчаным у сацыяльных сетках, маладыя людзі прыехалі ў Беларусь на фэстываль. У машыне нібыта была знойдзеная марыхуана, і ўсіх чацьвярых затрымалі.

Улічваючы ўдзел Беларусі ў поўнамаштабных ваенных дзеяньнях Расеі супраць Украіны, павышаную актыўнасьць расейскіх і беларускіх узброеных сілаў на беларускай тэрыторыі, значныя рызыкі для бясьпекі і непрадказальнае разьвіцьцё сытуацыі ў найбліжэйшай будучыні, МЗС Латвіі па-ранейшаму настойліва раіць грамадзянам краіны ўстрымлівацца ад паездак у Беларусь.

Падарожнікі могуць стаць ахвярамі правакацыяў з боку беларускіх спэцыяльных службаў, быць ілжыва абвінавачанымі ў парушэньні беларускага заканадаўства і ў выніку быць арыштаванымі. Магчымасьці Латвіі ў аказаньні дапамогі такім людзям вельмі абмежаваныя.

  • 24 траўня 2021 году беларускія ўлады запатрабавалі, каб увесь пэрсанал латвійскай амбасады ў Менску пакінуў краіну. Нагодай для гэтага рашэньня стаў учынак мэра Рыгі, які падчас чэмпіянату сьвету ў хакеі памяняў дзяржаўны сьцяг Рэспублікі Беларусь на бел-чырвона-белы. Пры гэтым прысутнічаў тагачасны міністар замежных справаў Латвіі, цяперашні прэзыдэнт краіны Эдгарс Рынкевічс. У адказ Латвія абвясьціла, што высылае з краіны амбасадара Беларусі і ўсіх дыпляматаў.
  • З 15 красавіка 2022 году па 31 сьнежня 2024 году дзейнічае бязьвізавы парадак уезду ў Беларусь для грамадзян Латвіі і Літвы.
  • Паводле дадзеных Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі ў 2022–2023 гадах краіну наведалі 206 712 грамадзянаў і 62 307 неграмадзянаў Латвіі.
  • Інфармацыйнае агенцтва «Позірк» нагадвае паведамленьне міністаркі замежных справаў Латвіі Байбы Бражэ, што сёлета ў Беларусі і Расеі было затрымана некалькі дзясяткаў грамадзян Латвіі.
  • Паводле зьвестак МЗС Латвіі на канец кастрычніка 2023 году, у Беларусі «арыштавалі і выставілі розныя абвінавачаньні» 25 грамадзянам Латвіі. Большасьць выпадкаў палітычна матываваная.
  • Раней зьявілася інфармацыя аб 18 турыстах з Латвіі, якіх затрымалі ў Беларусі з красавіка 2022 году.
  • 19 верасьня 2023 году праз павялічэньне плыні нелегальных мігрантаў з боку Беларусі Латвія на нявызначаны тэрмін закрыла і забарыкадавала пункт пропуску Сіленэ (Урбаны).

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG