Паводле міністра, групоўкі войскаў узмоцняць на Гомельскім і Мазырскім тактычных напрамках — «з мэтай рэагаваньня на любыя магчымыя правакацыі».
Таксама Віктар Хрэнін патлумачыў, як менавіта ўзмоцняць гэтыя групоўкі войскаў:
«Воінскія часткі сіл спэцыяльных апэрацый, сухапутных войскаў, ракетных войскаў, у тым ліку рэактыўныя сыстэмы „Палянэз“ і комплексы „Іскандэр“, атрымалі задачы на зьдзяйсьненьне маршаў у прызначаныя раёны. Таксама ажыцьцёўлена нарошчваньне сілаў і сродкаў зэнітна-ракетных войскаў, радыётэхнічных войскаў і авіяцыі», — сказаў ён.
Рашэньне, як адзначыў Хрэнін, прынятае ў сувязі з парушэньнем паветранай мяжы Беларусі бесьпілётнікамі з тэрыторыі Украіны, пра якое раней заявіў Лукашэнка.
«Мы ўважліва сочым за абстаноўкай і гатовыя рэагаваць на любыя яе зьмены», — заявіў Віктар Хрэнін.
Міністар паўтарыў раней агучаныя Аляксандрам Лукашэнкам заявы пра парушэньне паветранай прасторы Беларусі з боку Ўкраіны. Паводле яго, 9 жніўня дзяжурныя сілы СПА выявілі «неапазнаныя паветраныя аб’екты, якія рухаліся з тэрыторыі Украіны». Паводле Хрэніна, пасьля перасячэньня беларускай мяжы аб'екты «клясыфікавалі як бесьпілётныя лятальныя апараты», пасьля чаго частку зь іх зьнішчылі.
Гэта спроба дапамагчы Пуціну і адцягнуць увагу Ўкраіны, — украінскі Цэнтар супрацьдзеяньня дэзінфармацыі
Ва ўкраінскім Цэнтры супрацьдзеяньня дэзінфармацыі на гэта заявілі, што Беларусь сьцягвае ўзбраеньне да мяжы, каб адцягнуць увагу Ўкраіны.
«Сьцягваньне ўзбраення з боку Беларусі да прымежжа — гэта спроба дапамагчы [прэзыдэнту Расеі Ўладзіміру] Пуціну і адцягнуць увагу ўкраінскага камандаваньня на той кірунак», — такое меркаваньне выказаў кіраўнік Цэнтру супрацьдзеяньня дэзінфармацыі пры Радзе нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Андрэй Каваленка.
- Раней Лукашэнка заявіў, што 9 жніўня а 18.10 сілы ВПС і войскаў СПА Беларусі прывялі ў павышаную баявую гатоўнасьць у сувязі з парушэньнем паветранай прасторы Беларусі ў раёне Касьцюковіцкага раёну. На думку Лукашэнкі, яе парушылі Ўзброеныя Сілы Ўкраіны. Як сьцьвярджае Лукашэнка, у 19.04 сілы СПА нібыта зьнішчылі некалькі цэляў над тэрыторыяй Беларусі, астатнія перадалі Расеі — і іх, паводле Генштабу Расеі, паразілі пад Яраслаўлем.
- «Іх было каля дзясятка, — заявіў Лукашэнка. — Уначы і сёньня з раніцы адбываецца пошук таго, што было зьнішчана. Мы падазраём, што гэта ўдарныя бесьпілётнікі», — заявіў Лукашэнка.
- Пазьней Мінабароны Беларусі апублікавала кадры зь нібыта «зьбітымі над тэрыторыяй Беларусі БПЛА». На відэа — фрагмэнты чагосьці падобнага да крыла дрона, якія вісяць на дрэвах і ляжаць на зямлі. Яны ня маюць ніякіх маркіровак і апазнавальных знакаў, якія дазволілі б адназначна сьцьвярджаць, што гэта рэшткі ўкраінскіх дронаў:
- Ніякіх іншых доказаў таго, што ўкраінскія дроны перасеклі ўвечары 9 жніўня беларускую мяжу, ні Аляксандар Лукашэнка, ні Міністэрства абароны Беларусі не прывялі.