Пра гэта паведамляецца на сайце амэрыканскага ведамства.
Пад санкцыі трапілі прадпрыемствы:
- ТДА «Дыскамс» (вытворчасьць аўтакампанэнтаў, нестандартнага абсталяваньня, мэталаапрацоўка);
- прыватная авіякампанія «Белканта»;
- прыватная грузавая авіякампанія «Рада»;
- завод «Легмаш»;
- «КБ Бесьпілётныя верталёты» (распрацоўка і вытворчасьць дронаў);
- ТАА «Дакладная мэханіка» (вытворчасьць дэталяў высокай дакладнасьці для прамысловасьці);
- ТАА «АлЮрТэх» (мэталавырабы);
- ТАА «Гросвер Груп» (мэталаапрацоўка);
- ТАА «Лазэрныя прыборы і тэхналёгіі» (вытворчасьць лазэрных і аптычных кампанэнтаў);
- ТАА «МОТ» ( мэталаапрацоўка);
- ТАА «Рухсэрваматор» (выраб станкоў лазэрнай рэзкі, каардынатных сыстэм і інш.);
- ТАА «Рузэкспэдыцыя» (у сьпісе пазначанае як «яно ж Рудзенскі ўгнаенчы завод»;
- УП «РубіСтар» (грузавыя авіяперавозкі );
- ТАА «Влатэ Лагістык» (транспартаваньне і захоўваньне грузаў).
Таксама сьпіс папоўнілі фізычныя асобы Ўладзімер Аркадзьеў («Влатэ Лагістык»), Алег Барабанаў («Влатэ Лагістык»), Юры Чывель (ТАА «Лазэрныя прыборы і тэхналёгіі»), Уладзімер Чудакоў (КБ «Бесьпілётныя верталёты»), Аркадзь Дымэнштэйн (АДА «Дыскамс»), Алег Герасім («Влатэ Лагістык»), Дзьмітрый Ішчанка (авіякампанія «Рада»), Сяргей Касьцёнак (ТАА «Гросвер Груп»), Яўген Крахацін (уладальнік кампаніі «Рузэкспэдыцыя»), Аляксандар Лешчанка («Дакладная мэханіка» ), Яўген Міхалап, Іван Нарэйка (авіякампанія «Рада»), Уладзіслаў Паўленка (дырэктар заводу «Легмаш»), Алег Пятроў («Влатэ Лагістык»), Вікторыя Саўрук (ТАА «МОТ»), Сяргей Сідарук (ТАА «Рухсэрваматор») , Аляксей Яворскі (ТАА «АлЮрТэх»), Дзьмітры Замулевіч («Влатэ Лагістык»), Аляксандар Жарскі (ТАА «Рухсэрваматор»).
Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША таксама «ўвёў візавыя абмежаваньні ў дачыненьні да 19 службовых асобаў рэжыму Лукашэнкі і іх набліжаных за іх удзел у падрыве дэмакратыі ў Беларусі». Традыцыйна, прозьвішчы са сьпісу Дзяржаўнага дэпартамэнту не паведамляюцца.
Дзеяньні Ўпраўленьня па кантролі за замежнымі актывамі Міністэрства фінансаў ЗША (OFAC) «накіраваныя супраць асобаў, якія маюць дачыненьне да падтрымкі вайны Расеі ва Ўкраіне шляхам вытворчасьці вайсковых рэсурсаў і пастаўкі тавараў у Расею, ухіленьня ад санкцыяў ад імя беларускіх абаронных прадпрыемстваў і атрыманьня даходаў для беларускіх алігархаў з атачэньня Аляксандра Лукашэнкі», цытуе інфармацыйнае агенцтва «Позірк» прэсавы рэліз ведамства.
«Лукашэнка прамяняў аўтаномію і аўтарытэт сваёй краіны ў міжнароднай супольнасьці на фінансавыя і палітычныя выгады для сябе і сваіх набліжаных. Сёньняшнія дзеяньні ўмацоўваюць прыхільнасьць Злучаных Штатаў да прыцягненьня рэжыму Лукашэнкі да адказнасьці за яго нападкі на беларускі дэмакратычны рух і абуральную дыскрымінацыю беларускага народу», — гаворыцца ў рэлізе.
Таксама пад цяперашнія санкцыі падпаў асабісты самалёт Аляксандра Лукашэнкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У гадавіну прэзыдэнцкіх выбараў Вялікая Брытанія ўвяла новыя санкцыі адносна БеларусіКіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня (НАУ) Павал Латушка заявіў у сувязі з гэтым:
«ЗША ўвялі санкцыі супраць борту № 1 Лукашэнкі — Boeing-767-300(EW001PB). Гэта падарунак ад каманды НАУ дыктатару на 9 жніўня. Борт № 1 дыктатара ня зможа абслугоўвацца ў ніводным з аўтарызаваных сэрвісаў Boeing. У гэтага самалёта могуць узьнікнуць праблемы з пасадкай у аэрапортах і абслугоўваньнем у многіх краінах сьвету. Мы пасадзілі твае самалёты, мы пасадзім і цябе».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Краіны Эўропы і ЗША выказалі салідарнасьць зь беларусамі. У МЗС Беларусі адрэагаваліСёньня, у чацьвёртую гадавіну прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, Злучаныя Штаты, Эўразьвяз, Канада і Вялікая Брытанія выступілі з супольнай заявай, у якой гаворыцца:
«Праз чатыры гады пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і жудаснага ўціску правоў чалавека ў Беларусі Злучаныя Штаты Амэрыкі, Канада, Эўрапейскі Зьвяз і Вялікая Брытанія салідарныя з народам Беларусі, які, нягледзячы на працяг рэпрэсіяў з боку рэжыму Лукашэнкі, мірна і мужна дамагаецца дэмакратычных пераменаў, павагі да правоў чалавека і вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных. Мы пацьвярджаем, што санкцыі, аб якіх мы нядаўна абвясьцілі, уяўляюць сабой скаардынаваныя шматбаковыя намаганьні дзеля падвышэньня адказнасьці рэжыму Лукашэнкі.
Мы заклікаем беларускія ўлады неадкладна і безумоўна вызваліць амаль 1400 палітычных зьняволеных, якія знаходзяцца ў беларускіх турмах. Мы працягнем разглядаць розныя варыянты, у тым ліку дадатковыя санкцыі, каб прыцягнуць да адказнасьці тых, хто спрыяе падаўленьню рэжымам Лукашэнкі дэмакратыі ў Беларусі. Мы таксама працягнем рабіць значныя крокі, каб выкрыць і спыніць паток празь Беларусь важных матэрыялаў і кампанэнтаў, якія падсілкоўваюць несправакаваную вайну Расеі супраць Украіны. Пры гэтым мы захоўваем нашую падтрымку беларускага народу».