Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У гадавіну прэзыдэнцкіх выбараў Вялікая Брытанія ўвяла новыя санкцыі адносна Беларусі


Вялікая Брытанія ў гадавіну прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі пашырыла санкцыі на 4 беларускіх чыноўнікаў і 3 прадпрыемствы, а таксама абвясьціла пра выдзяленьне сродкаў на праваабарончую дзейнасьць.

«Праз чатыры гады пасьля жорсткіх сцэнаў, сьведкамі якіх мы сталі ў Беларусі, бесьперапынныя рэпрэсіі Лукашэнкі супраць грамадзянскай супольнасьці не паказваюць ніякіх прыкмет паслабленьня: больш за 40 000 грамадзянаў арыштаваныя па сфабрыкаваных палітычных абвінавачаньнях, грамадзянская супольнасьць і незалежныя СМІ растаптаныя, а рэжым не паважае правы чалавека. Мы падтрымліваем народ Беларусі ў яго імкненьні да свабоды і дэмакратыі і заклікаем рэжым неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітычных зьняволеных», — заявіў брытанскі міністар замежных спраў Дэйвід Лэмі.

Згодна з апублікаваным дакумэнтам, санкцыйны сьпіс папоўнілі:

Аляксей Лазарэнка, начальнік ПК (папраўчай калёніі) № 15;

Андрэй Пальчык, былы начальнік ПК № 1;

Філіп Стурчанка, начальнік ПК № 3;

Дзяніс Талсьцянкоў, начальнік ПК № 4.

У заяве брытанскага ўраду адзначаецца, што ўсе чацьвёра «нясуць адказнасьць за ўдзел, падтрымку і спрыяньне ўчыненьню сур’ёзнага парушэньня правоў чалавека, рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычнай апазыцыі, а таксама дзеяньні супраць дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі».

Сярод новых падсанкцыйных юрыдычных асоб:

  • Адкрытае акцыянэрнае таварыства «НДІЭВМ» (Навукова-дасьледчы інстытут электронных вылічальных машын),
  • Адкрытае акцыянэрнае таварыства «Станкагомель»,
  • Таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Рухсерваматор».

Санкцыі ў дачыненьні да «Станкагомеля» і «Рухсерваматора» ўведзеныя ў сувязі з вытворчасьцю станкоў і інструмэнтаў, якія выкарыстоўваюцца расейскім ВПК. НДІЭВМ працуе на патрэбы беларускага абароннага комплексу.

Санкцыі прадугледжваюць замарозку актываў і забарону на ўезд у Вялікую Брытанію.

Акрамя таго, брытанскі ўрад вылучыць 2,5 млн фунтаў стэрлінгаў у бягучым фінансавым годзе на падтрымку дзейнасьці ў галіне правоў чалавека і грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, у тым ліку далейшае фінансаваньне Міжнароднай плятформы адказнасьці. Размова ідзе пра кааліцыю, «якая зьбірае, правярае і захоўвае доказы грубых парушэньняў правоў чалавека, якія ўяўляюць сабой злачынствы супраць міжнароднага права, меркавана ўчыненыя ўладамі Беларусі».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG