Пра гэта ён паведаміў інфармацыйнаму агенцтву «Позірк».
Гэта адбылося пасьля больш як гадавога чаканьня рашэньня грузінскіх уладаў.
Паводле Кісьляка, у адказе, які ён атрымаў ад Дэпартамэнту міграцыі Міністэрства ўнутраных справаў, гаворыцца, што ён адпавядае крытэрыям, вызначаным Жэнэўскай канвэнцыяй «Аб статусе ўцекача» і закону Грузіі «Аб міжнароднай абароне», якія тычацца прысуджэньня статусу ўцекача, аднак «ёсьць дастатковыя падставы для дапушчэньня», што яго знаходжаньне ў Грузіі можа «супярэчыць інтарэсам краіны».
У выніку праваабаронцу «было адмоўлена ў прысуджэньні статусу ўцекача».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы ў Тбілісі зладзілі пікет супраць доўгага разгляду прашэньняў аб прытулку«Грузія лічыць, што я зьяўляюся пагрозай нацыянальнай бясьпецы. Гэта часткова чакана. Мы сьвядома пайшлі на пікеты (у траўні ў Тбілісі Кісьляк зладзіў акцыю супраць доўгага разгляду прашэньняў аб прытулку. — „Позірк“.), паскорылі працэсы», — сказаў праваабаронца.
Ён зьбіраецца абскарджваць рашэньне ў судзе.
«Сытуацыя такая, што ў мяне скончыўся тэрмін дзеяньня пашпарта. Тэрмін дзеяньня грузінскага часовага пасьведчаньня асобы таксама выйшаў. Буду дамагацца, калі абскарджу рашэньне, каб мне выдалі новае», — дадаў праваабаронца.
Паводле ягоных зьвестак, такая ж праблема ў іншых беларусаў, у якіх скончыліся тэрміны дзеяньня пашпартоў за час разгляду справаў аб прытулку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грузінскія памежнікі не пусьцілі ў краіну беларуску, якая жыла там год і падтрымала мясцовыя пратэсты ў сацсетках«Відавочна, што мы, актыўныя беларусы, — чальцы грамадзянскай супольнасьці, і грузінскі ўрад ня вельмі хоча нас бачыць», — лічыць Кісьляк.
«Такім чынам, вымалёўваецца агульная задума грузінскіх уладаў, якія перацягваюць Грузію на бок „імпэрыі зла“, дзе ўжо знаходзяцца Расея, Беларусь, КНДР і Іран», — заявіў Кісьляк, дадаўшы ў гэты шэраг грузінскі законапраект аб «замежных агентах», які выклікаў пратэсты ў краіне.
У красавіку 2023 году грузінскія памежнікі не ўпусьцілі ў краіну актывіста «Беларускай дыяспары Аджарыі» Яўгена Гацака. Ён быў вымушаны зь сям’ёй зьехаць у Польшчу.
Кісьляк паведаміў у траўні «Позірку», што ў 2019–2024 гадах беларусы «50 разоў зьвярталіся» па прытулак у Грузіі. «За гэты час ніводнага статусу беларусам не нададзена — ні статусу ўцекача, ні гуманітарнага статусу», — падкрэсьліў праваабаронца.