Чаму Ўкраіна ўварвалася ў Курскую вобласьць і як гэта можа дапамагчы ёй у адваяваньні акупаваных расейцамі тэрыторый

Украінскі вайсковец вядзе агонь, ілюстрацыйнае фота

Маючы недахоп жывой сілы і шматмесячны разрыў у пастаўках зброі ад ЗША, украінскія войскі з усіх сілаў стрымлівалі наступ Расеі на лініі фронту. Дык чаму ж Украіна зараз пачала найбуйнейшае з пачатку вайны ўварваньне на тэрыторыю Расеі?

Украіна неаднаразова перасякала мяжу з Расеяй з пачатку поўнага ўварваньня Масквы. Гэта і апэратыўнікі спэцслужбаў, якія праводзяць таемныя апэрацыі; і бесьпілётнікі, нацэленыя на аэрадромы за сотні кілямэтраў; і дывэрсіі; і неафіцыйныя добраахвотніцкія групы, якія рабілі рэйды ў прымежныя паселішчы.

Цяпер сытуацыя выглядае іншай, піша карэспандэнт Радыё Свабода Майкл Экел.

«Агульнае становішча нядобрае для ўкраінскіх сілаў», — кажа Іван Ступак, украінскі вайсковы экспэрт і былы афіцэр выведкі. Для Расеі «галоўная ідэя — раскалоць украінскія ўзброеныя сілы на дзьве часткі; падзяліць праціўніка і паспрабаваць зьнішчыць яго крок за крокам. Так зьнішчыць нашмат лягчэй».

На паўднёвы ўсход ад матэрыяльна-тэхнічнага цэнтру Пакроўск сытуацыя «значна больш небясьпечная» і «крытычная», на думку ваенных экспэртаў і аналітыкаў адкрытых крыніц. Перавага там перайшла на бок Расеі ў красавіку, калі яе сілы ўзялі вёску Ачарэціна падчас ратацыі ўкраінскіх войскаў, якая, паводле некаторых паведамленьняў, была няўдалай, і з таго часу расейцы няўхільна рухаліся на захад і поўнач. Расейскія войскі ўзялі пазыцыі і наблізіліся на адлегласьць 5 км ад крытычна важнай для паставак украінскаму войску трасы N23.

Ступак адзначае, што гэта не адзіны шлях перамяшчэньняў для ўкраінскіх войскаў, але ў кепскае надвор’е іншыя дарогі могуць стаць вельмі праблемнымі. І менавіта прасоўваньне расейцаў на гэтай тэрыторыі, магчыма, паўплывала на рашэньне ўкраінскага камандаваньня атакаваць Курскую вобласьць.

«Сказаць, што гэтае ўварваньне ў Курскую вобласьць засьпела многіх, у тым ліку расейскае камандаваньне, зьнянацку, — нічога не сказаць», — адзначыў адзін з украінскіх вайсковых аглядальнікаў, які піша пад псэўданімам «Татарыгамі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інстытут вывучэньня вайны: украінскія войскі прасунуліся на 35 кілямэтраў углыб Курскай вобласьці Расеі

Ад украінскага боку праз тры дні пасьля ўварваньня не было ніякага пацьверджаньня, а прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі абмежаваўся толькі намёкам пра тое, што «ўкраінскія вайскоўцы ўмеюць зьдзіўляць».

Але расейскія ўлады, ваенныя блогеры, а таксама мясцовыя чыноўнікі і жыхары адзначаюць незвычайна вялікія сілы ўварваньня з бранятэхнікай і нават танкамі, якія хутка рухаліся, пераадольваючы лёгкую расейскую абарону і недаўкамплектаваныя атрады памежнікаў.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін склікаў пасяджэньне Рады бясьпекі 7 жніўня і адкрыў яго тэлевізійнымі заявамі, назваўшы наступ «маштабнай правакацыяй». Галоўнакамандуючы расейскім войскам генэрал Валерый Герасімаў заявіў, што сіла можа быць памерам з цэлы батальён: да 1000 чалавек.

Пры гэтым жыхары рэгіёну апублікавалі ў інтэрнэце відэа, на якім кажуць, што Пуціну вайсковыя камандзіры «не дакладваюць рэальных маштабаў» украінскага ўварваньня.

Украінскія камандзіры ня маюць у сваім распараджэньні глыбокіх рэзэрваў людзей і тэхнікі, праз што падразьдзелы на ўсім фронце Данбасу ня здолелі стрымаць наступ Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскія вайскоўцы пачалі ўзводзіць фартыфікацыйныя збудаваньні ў Курскай вобласьці

Дзеля таго каб узяць Канстантынаўку, якая стратэгічна важная для забесьпячэньня ўкраінскага войска, расейцам неабходна заняць Часавы Яр, у тым ліку Сіверска-Данецкі канал, які аддзяляе цэнтар гораду ад яго ўсходняй часткі. Расейцам не ўдаецца паўнавартасна перайсьці на другі бераг каналу і заняць там пазыцыі. Сяргей Грабскі, палкоўнік украінскай арміі ў адстаўцы, сказаў, што злучэньні, якімі атакуюць расейцы, па-ранейшаму пяхотныя і ня маюць прыкрыцьця танкамі і артылерыяй.

Адбываюцца і баі за Нью-Ёрк, мястэчка на Данбасе, а далей — іншыя пазыцыі. Грабскі сказаў, што захоп Тарэцку дазволіць Расеі ўсталяваць кантроль над больш шырокім урбанізаваным рэгіёнам, які ўключае галоўны абласны горад Данецк і такія гарады, як Горлаўка, Макееўка і іншыя прамысловыя гарады. Захоп Тарэцку будзе пагражаць і Канстантынаўцы.

Аднак, на думку палкоўніка ў адстаўцы, страты гэтых пазыцый не зруйнуюць украінскія пляны татальна, войска здольнае збудаваць новыя ўмацаваньні. Украінскі экспэрт заявіў пра папаўненьне ў войску, якога варта чакаць да сярэдзіны верасьня.

«Шчыра кажучы, я зьдзіўлены, наколькі нашы хлопцы ўмеюць трымацца. Яны цалкам зьнясіленыя, не хапае людзей, не хапае боепрыпасаў», — сказаў ён.

Прызыў новых вайскоўцаў, імаверна, дазволіць толькі стабілізаваць лінію фронту. Пра адваяваньне тэрыторый размова наўрад ці вядзецца.

«Я сумняваюся, што ўкраінскія войскі змогуць нешта зрабіць раней за сярэдзіну 2025 году», — сказаў Сяргей Грабскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вайна прыйшла ў Курскую вобласьць. Чаму маўчыць Лукашэнка