Сьцісла:
- Эмацыйнае напаўненьне расейскай мовы апошнім часам звужаецца да адлюстраваньня адмоўных і ніякіх праяваў жыцьця.
- Беларуская мова, наадварот, успрымаецца як поўная дабрыні й чалавечнасьці, здавалася б, цалкам прагнаных з публічнай прасторы ў Беларусі.
- Захаваньне ілюзіі пра магчымасьць „дзьвюх дзяржаўных моваў“ — расейскай і беларускай — не абяцае беларусам і намёку на нейкае сьвятло ў канцы тунэлю цяперашняе рэчаіснасьці.
Новыя беларускія эмігранты часта апавядаюць пра выраз радасьці на твары літоўца, паляка ці грузіна, варта толькі сказаць пару словаў на іхнай мове. Больш за тое, варта толькі ў іхнай прысутнасьці загаварыць міжсобку па-беларуску, як паміж усімі ўзьнікае прыязнасьць. Што ўжо казаць пра ўкраінцаў, якія на беларуска-ўкраінскае сумоўе рэагуюць задаволеным паразуменьнем. Дый у самой вонкава расейскамоўнай Беларусі ў адказ на беларускую мову часьцей атрымаеш усьмешку, чым панурае асуджэньне.
Усе згаданыя мной выпадкі міжчалавечых дачыненьняў адбываюцца натуральна і нязмушана, як і павінна быць паміж людзьмі, што само сабой абяцае добрую пэрспэктыву беларускай мове і яе патэнцыялу.
На нашых вачах беларуская і расейская мовы зьмяняюць знакавае і вобразнае напаўненьне. Дамінантная расейская мова страчвае сваю цеплыню і радасьць сумоўя, палёт думкі і эмацыйную разьняволенасьць, яна ператварылася ў чыста ўтылітарны „сродак зносін“, які, у сваю чаргу, на прыступках улады і прапаганды скаменявае ў мёртвы канцылярыт.
У публічнай прасторы па-расейску бясконца гучаць пагрозы, абразы, вэрдыкты і застрашэньні. Кудысьці падзеліся „Хрюши со Степашками“, іраніст Ургант і яго менскі варыянт Перлін, увесь гумар апусьціўся пад папругу. Расейская мова абслугоўвае вайну ва Ўкраіне, арышты за іншадумства і ціск на палітвязьняў у турмах… Яна больш не абслугоўвае шчасьця.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гісторыя на Свабодзе»: У гісторыі Беларусі ХХ стагодзьдзя першае месца займае беларуская мова — Віктар КорбутПа чым сумуе сацыялёгія
У „Аглядзе парушэньняў моўных правоў“ за 2024 год прыводзяцца лічбы апошніх апытаньняў праекту Chatham House. Напрыклад, пра тое, што ідэю беларусаў як асобнай нацыі з уласнай гісторыяй і культурай падтрымліваюць 41% рэспандэнтаў, і ўсяго 16% апытаных жадаюць бачыць беларускую мову ў якасьці адзінай дзяржаўнай.
Трэба ўсьведамляць, што сацыялёгія ў сёньняшняй Беларусі — гэта найчасьцей сацыялёгія наадварот. Калі перамога Ціханоўскай падаецца як перамога Лукашэнкі, а ўсе нязгодныя з гэтым трапляюць у турму і там ужо, імкнучыся захаваць сябе, кажуць ня тое, што думаюць, а тое, што не нясе небясьпекі.
У такіх умовах лічбы 41 і 16 успрымаюцца як акт мужнасьці і гатовасьці пастаяць за свае прынцыпы, не зважаючы на пагрозу здароўю і жыцьцю. Гэта насамрэч вялікія лічбы. Лёгка ўявіць сабе, што ў вольных умовах яны былі б адваротнымі, бо тое, што беларусы асобная нацыя — як мінімум канстатацыя факту. І як мінімум нелягічна гэтаму пярэчыць. Вось дзе сацыялёгія ўпадае ў глыбокі смутак — яна мусіць сьведчыць няпраўду і сумуе па людзкім даверы да сябе.
У „Аглядзе парушэньняў моўных правоў“ прыводзяць шмат выпадкаў таго, як судовая і турэмная сыстэмы ў Беларусі адкрытым тэкстам забараняюць гаварыць і пісаць па-беларуску, патрабуючы карыстацца „нормальным языком“.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не абурайцеся, а зразумейце. Чаму расейскамоўным беларусам ня варта крыўдаваць на крытыкуМовы мяняюць свае ролі
Гэткім чынам беларуская вольна ці міжвольна становіцца носьбітам усяго найлепшага і чалавечнага, што ў сёньняшніх умовах часта адкідае расейская мова.
Расейская, хоць і застаецца для беларусаў у Беларусі мовай „по умолчанию“, апроч сваіх функцыяў „сродку зносін“, зьяўляецца таксама мовай рэжыму і мовай страху. Рэшткі дэмакратызму або спадзеваў на перамены да лепшага пакідаюць яе. Яна — як сама Расея і адзнака тоеснасьці з Расеяй, што напала на Ўкраіну. Беларусь называюць у гэтай вайне суагрэсарам, што ніяк ня зьвязваецца зь беларускай мовай. Да прыкладу, прапагандысцкіх СМІ ў Беларусі па-беларуску амаль няма.
І наадварот — у дэмакратычных СМІ, што вымушаныя выходзіць за мяжой, беларуская выступае як мова дэмакратыі, мова прыватнасьці, гумару, іроніі, дыскусіі, самога жыцьця. А таксама як мова жывой прафэсійнай літаратуры.
Сучасная, прывабная, свая…
15-гадовы Пятрусь прачытаў новы раман Альгерда Бахарэвіча „Капітан Лятучая Рыба“ і захоплена дзяліўся ўражаньнем ад кнігі. Найбольш зьдзівіла яго тое, што гэты твор не падобны ні на што беларускае (састарэлае, затурканае і часта неталенавітае), якому звычайна вучаць у школе. Кніга цалкам сучасная, зразумелая і быццам пра цябе, а яшчэ яна прыгодніцкая. А яшчэ Петруся зьдзівіў і захапіў клясычны правапіс, якім напісаны „Капітан“…
Кніга як лякмусавая папера — быццам адказвае на ўсе пытаньні і пра нашу мову, і пра нас як нацыю, у тым ліку чаму ў нас уся камунікацыя адбываецца па-расейску, і наколькі лёгка або цяжка гэтую сытуацыю зьмяніць, ці будуць беларусы супраць гэтага пратэставаць. А яшчэ — чаму расейскамоўнасьць не нясе радасьці пазнаньня сьвету і сябе самога, а вось гэтая кніга — нясе?
Свабода як калясальны творчы стымул — вось што чакае нас за той глухой сьцяной расейскамоўнасьці „по умолчанию“. Урэшце дзьве дзяржаўныя мовы Лукашэнка ўвёў не для нас як беларусаў, а для ўлагоджваньня дарагіх расіян і „адмазкі“ чыноўнікаў, каб ня ведаць сваёй уласнай мовы, чым яны і карыстаюцца. Для таго, каб ня ведаць, і больш ні для чога.
Ідэя рэжымных прапагандыстаў «адабраць у „змагароў“ беларускую мову» выглядае абсурдна, бо ніколі ў гісторыі беларуская не была мовай гвалту, а асобныя прыклады (у сталінскія часы) заўсёды выглядалі карыкатурна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сярэдняя школа ў Батумі абвясьціла набор у беларускія клясыЗь іншага боку, калі ўявіць сабе працяг сёньняшняга шляху расейскамоўнасьці, дык яго мэтафарычны вынік яшчэ ў 1915 годзе апісаў Максім Гарэцкі ў сваім караценькім апавяданьні „Рускі“.
Там на лініі фронту Першай усясьветнай вайны выпадкова сустракаюцца беларускі салдат расейскай арміі і ўкраінец, які ваюе за аўстрыякаў. Яны размаўляюць, знаходзяць паразуменьне, нават расьпіваюць „аўстрыякаў“ шнапс і пасьля разыходзяцца па сваіх пазыцыях. Але „рускі“ раптам паварочваецца і страляе ва ўкраінца. Той падае, „рускі“ беларус падбягае да яго і чуе: што ж ты нарабіў, у мяне ж жонка, дзеці… „Аўстрыяк“ памірае, забойца абчышчае ягоныя кішэні, але нядоўга — нейкая страшная прыкрасьць муціць яму розум. А сканчаецца ўсё ў лязарэце, дзе наш звар’яцелы беларус у апантанасьці і забыцьці крычыць адну толькі фразу: „я рускі, я рускі, я рускі“...
Дам гэтае апавяданьне пачытаць Петрусю. Вось толькі адшукаць гэты тэкст клясычным правапісам, якім пісаў аўтар, будзе няпроста. Але трэба.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.